Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСПАЧАТАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА СУПРАЦЬ БЫЛЫХ СЯБРАЎ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ СІНІЦЫНА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

На допыт у пракуратуру запрасілі каля дзесяці чалавек. Сярод іх апынуліся і актывісты іншых ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Запрашэньні да сьледчага пракуратуры атрымалі член ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра Міхаіл Шараметаў і актывіст абласной групы Пятра Казлоўскага Віктар Каракоўскі.

Пра выклік да сьледчага распавядае магілёвец Міхаіл Шараметаў:

(Шараметаў: ) “Мяне па тэлефоне некалькі разоў запрашалі прыйсьці ў пракуратуру. Але я адмаўляўся, пакуль не атрымаў пісьмовае запрашэньне. Там цікавіліся, ці не заўважыў я парушэньняў Закону аб выбарах. Ці не перадавалі подпісы за Чыгіра ў групу Сініцына? Сьледчы таксама пытаўся, як я дастаўляў подпісы ў выбарчыя камісіі. Потым даведаліся, што я ня маю дачыненьня да групы Сініцына і адпусьцілі дахаты”.

Сьледчы абласной пракуратуры Зьміцер Малодзік цікавіцца ў магілёўцаў, як зьбіралі подпісы за Леаніда Сініцына ды іншых прэтэндэнтаў на высокую дзяржаўную пасаду.

Сьледчы паведаміў, што крымінальную справу пачалі па абвінавачаньню ў парушэньні заканадаўства аб выбарах. Аднак, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, ён адмовіўся паведаміць акалічнасьці расьсьледаваньня. Ня змог ён растлумачыць і спазьненьне з прад’яўленьнем абвінавачаньня.

Як стала вядома, членаў групы падазраюць у падробцы галасоў падчас збору подпісаў за вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты. Ад іх патрабуюць, каб яны прызналіся, што на гэта іх штурхалі кіраўнікі групы зь Менску. Як адзначыў сьледчы, зь цяжкасьцю ён выклікаў да сябе кіраўніка абласной групы Леаніда Сініцына Ўладзімера Шарапава. Зараз Шарапаў зь ехаў з уласнага дома і жыве на іншай кватэры. Месца ягонага жыхарства невядомае. Сьледзтва працягваецца.
XS
SM
MD
LG