Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНСКІ ДЗЁНЬНІК: ШТО БУДЗЕ З БЫЛЫМІ ТАЛІБАМІ?


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

У Кабуле я жыў у гатэлі Intercontinental. Найлепшы ў горадзе. Пасьля вызваленьня афганскай сталіцы ад талібаў там жылі амаль усе замежныя журналісты. Калісьці ён меў статус пяцізоркавага гатэлю. Цяпер у ім не працавала ні каналізацыя, ні вадаправод, ні ліфт. Кожную раніцу ў нумары прыходзіў чалавек з двума вёдрамі. У адным была вада халодная, у другім – кіпень. Гэта быў душ.

Нягледзячы на гэтыя экзатычныя ўмовы, гатэль быў запоўнены – у іншых месцах было яшчэ горш. Можна сказаць, што гарадзкой гаспадаркі ў Кабуле папросту не існуе. І ня дзіўна, бо талібы на яе не зьвярталі ніякае увагі.

У нумары побач з маім жыў карэспандэнт нямецкай газэты Frankfurter Allgemeine Zeitung Міхаэль Мартэнс. Тры гады таму ён ужо быў у Кабуле. Захапіўшы ўладу амаль ва ўсей краіне, талібы запрасілі тады ў сталіцу шэраг журналістаў. Відаць жадалі папулізаваць свой рух, пазбавіцца ад іміджу ісьлямскіх экстрэмістаў. Міхаэль Мартэнс пазьней дзяліўся са мной сваімі уражаньнямі. Найбольш уразіла яго сустрэча зь міністрам камунікацыяў.

(Мартэнс: ) “Насупраць мяне сядзеў малады хлопец, яму было 28 гадоў. Я ў яго спытаўся – “Як вы мяркуеце адбудоўваць камунікацыі, тэлефонныя лініі?”. І ён адказаў мне: “Іншалла”, што значыць “усё па волі Алаха”. Я тады выказаў здзіўленьне, што наўрад ці Алах будзе займацца гэткай дробнай справай, як пабудова каналізацыі, але ізноў пачуў той самы адказ. Адпаведны ўзровень некампэтэнтнасьці быў і ў большасьці іншых міністраў, зь якімі прыйшлося тады размаўляць”.

Мо гэта і была галоўная памылка талібыў – яны зашмат спадзяваліся на кагосьці, толькі не на сябе. Ці то на Алаха, ці на Пакістан, ці на Ўсаму бін Лядэна.

А пачыналася усё вельмі добра. Муджагеды пасьля вываду савецкага войска скінулі рэжым Наджыбулы і адразу ж пачалі змагацца паміж сабой. Дарэчы, амаль усе разбурэньні ў Кабуле засталіся менавіта з таго часу, а ня ёсьць вынікам савецкай агрэсіі ці амэрыканскіх бамбаваньняў.

Яшчэ напачатку амэрыканскай апэрацыі ў турме для палонных талібаў я размаўляў з адным з ідэолягаў гэтага руху Сулахетдынам Халедам. Тады ён так тлумачыў сваю вайну супраць маджахедаў.

(Халед: ) “Так, яны таксама мусульмане. І мы разам ваявалі супраць Савецкага Саюзу. Але потым яны атрымалі ўладу, і мы убачылі, што яны ня хочуць будаваць ісьлямскую дзяржаву. Мы выйгралі вайну супраць няверных, але яны паставілі пад пагрозу вынікі гэтай перамогі. Бо яны пачалі ваяваць міжсобку і паставілі свае інтарэсы вышэй за інтарэсы ісьляму”.

Насельніцтва стамілася ад вайны настолькі, што ў большасьці сваёй вітала прыход талібаў. Менавіта таму яны даволі лёгка захапілі амаль усю тэрыторыю краіны, не сустракаючы моцнага супраціву.

Праблемы ўзьніклі пазьней, калі талібы пачалі занадта жорстка наводзіць свае парадкі. У журналістаў, якія тады наведалі тэрыторыю талібаў, складалася уражаньне, што іх не цікавіць нічога акрамя памераў барады ў мужчыны і вайны з Паўночным Альянсам. Людзі не паміралі з голаду толькі таму, што ААН тысячамі тонаў прывозіла ў Афганістан гуманітарную дапамогу.

Апрача таго, у пэўны момант праз жаданьне канчаткова перамагчы Паўночны Альянс талібы пачалі прымусовы прызыў у войска. Гэта сталася вялікай памылкай, бо ў самы адказны момант, калі трэба было адстойваць свае пазыцыі, змагацца маглі фактычна толькі арабскія найміты, а талібы з тутэйшых быццам бы зьнікалі ў паветры.

Гэтае пытаньне, дарэчы, вельмі мяне цікавіла. Па розных дадзеных, у арміі талібаў было ня меней як 80 тысячаў чалавек. Зь іх найміты складалі толькі нязначную частку. Няўжо з наступам Паўночнага Альянсу дзясяткі тысячаў сыйшлі ў андэрграўнд?

Неяк я задаў гэтае пытаньне аднаму з камандзіраў урадавых войскаў пад час штурму горнай цясьніны Тора-Бора. Як вядома, там хаваліся дзьве тысячы наймітаў. Між тым, як уся армія талібаў пад Джалялябадам складала ніяк ня менш за 10 тысячаў. Размова праходзіла у горнай вёсцы. Усе ейныя жыхары знаходзіліся на вуліцы, назіраючы за тым, як амэрыканцы бамбуюць горныя пазыцыі арабаў.

Вось што камандзір адказаў на маё пытаньне:

(Камандзір: ) “Я магу сказаць, дзе тыя талібы. Вы зараз стаіце якраз сярод іх. Я упэўнены, што большасьць зь іх ваявала на баку талібаў. Але зараз яны падтрымліваюць нас. Бо, ведаеце, тут такі народ – яны заўжды будуць падтрымліваць любую уладу, у якой есьць шмат зброі, і якая не перашкаджае ім вырошчваць наркотыкі”.

І, сапраўды, талібы нікуды ня зьніклі. Яны папросту ізноў сталі сялянамі. “Дзясятак-другі”, – кажа камандзір, – “канечне ж пасадзілі за краты, але гэта тыя, якія служылі талібам занадта ахвотна”.

Дарэчы, і пра наркотыкі камандыр сказаў поўную праўду. У жабрацкай краіне менавіта вырошчваньне опіюмнага маку зьяўляецца для многіх сялянаў галоўнай крыніцай прыбытку. Чаму на гэта не зважаюць улады, і за конт чаго яшчэ апрача наркотыкаў выжываюць афганцы – пра гэта у наступнай праграме.
XS
SM
MD
LG