Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВАСЛАЎНЯ ЦАРКВА І ДЗЯРЖАВА; ЦІ ПАТРЭБНАЯ БЕЛАРУСІ НЕЗАЛЕЖНАЯ ЦАРКВА


Кастусь Бандарук, Прага

У сёньняшнім выпуску гаворка пойдзе пра стасункі паміж праваслаўнай царквой ды дзяржавай. Якая форма ўзаемадачыненьняў паміж імі найлепшая? Ці патрэбная ў Беларусі незалежная, праваслаўная Царква. У якой ступені і ў чым Царква можа і павінна супрацоўнічаць зь дзяржаўнай ўладай? У абмеркаваньні гэтых тэмаў удзельнічаюць праваслаўныя вернікі: пісьменьніца Вольга Іпатава, мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч і філёзаф Уладзімір Конан.

У першы дзень праваслаўных Калядаў праваслаўны Сьвятадухаўскі Сабор у Менску наведалі высокія дзяржаўныя чыноўнікі. На сьвяточную багаслужбу прыбыў Аляксандар Лукашэнка, прэм’ер Генадзь Навіцкі, міністры замежных справаў і абароны Міхаіл Хвастоў і Леанід Мальцаў. Ад імя Патрыярха Маскоўскага Аляксея і свайго ўласнага, Мітрапаліт павіншаваў кіраўніка дзяржавы са сьвятам, а хор прасьпяваў яму “ многая лета”. Лукашэнка доўга дзякаваў за віншаваньні ад Патрыярха. Пры гэтым ён заявіў, што высока цэніць ролю Праваслаўнай Царквы ў аб’яднаньні народаў, захаваньні адзінай, духоўнай прасторы пасьля распаду Савецкага Саюзу. “Гэта тое адзінае магутнае і жывое, чаго не ўдалося зламаць пасьля распаду СССР”– сказаў ён. Увечары ў Палацы Рэспублікі былі ўручаныя прэміі “за духоўнае адраджэньне”, якія ўстанавілі сумесна Царква і ўрад.

У самой гэтай падзеі няма нічога надзвычайнага. Шчыльныя кантакты паміж кіраўніцтвам краіны і праваслаўнымі гіерархамі назіраліся і раней. Аднак шмат для каго ў гэты дзень відавочным стаўся характар ўзаемадачыненьняў паміж Праваслаўнай Царквою і кіраўніцтвам Беларусі. Лукашэнка ў чарговы раз выступіў у якасьці гарачага прыхільніка і ахоўніка Праваслаўнай Царквы. Ён таксама паказаў, што лічыць праваслаўных гіерерхаў сваімі аднадумцамі і хаўрусьнікамі.

Некаторыя лічаць, што Праваслаўная Царква ў Беларусі наагул прывілеяваная, што яна карыстаецца нават дзяржаўнымі датацыямі, што гэта своеасаблівая ўзнагарода за царкоўную падтрымку той палітыкі, якую праводзіць цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі.

Вось таму з пытаньнем – што думаюць наконт гэтых надзвычай цёплых адносінаў – я зьвярнуўся да некалькіх вядомых людзей, якія набліжаныя да Праваслаўнай Царквы. Найперш меркаваньне Валянціны Тругубовіч.


(Тругубовіч: ) “Я мяркую, што наш герой шукае сабе нейкую новую ролю. Спачатку ён быў славянскім інтэгратарам, але дайшло да таго, што само паняцьце “славянскасьць” пачало ўспрымацца як нешта адмоўнае, з нэгатыўнай эмацыйнай афарбоўкай. Цяперака ён пачынае шукаць для сябе новую ролю, і вось вырашыў пагуляць ў такога праваслаўнага “мэсію”. Мяркую, што і гэтая роля будзе пройгрышнай, бо аўтары гэтай ролі (не сам-жа ён гэта прыдумаў) дапускаюць некаторыя памылкі ў самой фармулёўцы працэсу. Найперш, аб’яднаньнем Праваслаў’я не яму займацца. Гэта наагул не ягоная справа, не ягоная праблема. Гэта справа выключна Царквы, а паколькі Царква аддзеленая ад дзяржавы, то дзяржаўныя лідэры і дзеячы павінны як найменш ўмешвацца ў царкоўныя справы”.

(Бандарук: ) “Гэта была Валянціна Трыгубовіч. А цяпер думка Прафэсара Ўладзімера Конана”.

(Конан: ) “Я лічу, што дзяржава сама па сабе ня можа называцца хрысьціянскай, мусульманскай, ці габрэйскай. Гэтак можа называцца краіна, нацыя. Дзяржава – пазарэлігійны інстытут. У нас яна аддзеленая ад Царквы, або, інакш кажучы, рэлігія аддзеленая ад дзяржавы. Таму я тут бачу свайго роду фарызэйства. У Беларусі шмат хрысьціянскіх канфэсіяў, і падкрэсьліваць праваслаўнасьць Беларусі, гэта значыць адсоўваць на ўзбочыну іншыя канфэсіі. У апошнія гады ўсталявалася палітычнае сяброўства паміж вышэйшай гіерархіяй РПЦ і вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі. Яно заарыентаванае на рэстаўрацыю нейкага сурагату Савецкага Саюзу. Як на маю думку, гэтае сяброўства грунтуецца не на хрысьціянскай маралі, а на рэцыдыве ранейшай, палітызаванай ідэі пан-русізму, паводле якога беларусы, маларусы і вялікарусы – тры плямёны нейкага адзінага, мітычнага, хімэрычнага “рускага” народу”.

(Бандарук: ) “Гэта быў прафэсар Уладзімер Конан. Мне падаецца, што калі “Праваслаўная Царква”, гэта тое “адзінае магутнае і жывое, што засталося пасьля Савецкага Саюзу”, дык гэта сумнеўная каштоўнасьць. За савецкім часам Царква была пазбаўленая ўсялякага маральнага аўтарытэту, усялякага ўплыву на жыцьцё грамадзтва. У структурным сэнсе яна ацалела і сярод іншых цэркваў карысталася найбольшымі прывілеямі, дзякуючы свайму найбольшаму сэрвілізму. Калі-б такой яна мелася быць і ў цяперашнім часе, дык гэта сумнеўная каштоўнасьць. Ці гісторыя не паўтараецца?

(Іпатава: ) “Тое, што дзяржава зьвяртае ўвагу на Царкву, гэта ўвогуле станоўчая зьява, бо дзесяцігодзьдзі зьнішчэньня Царквы, усяго духоўнага, далі той плён, які мы назіраем цяпер. З другога боку я, хаця я й праваслаўная, аднак лічу, што ў нашай шматканфэсійнай краіне, трэба ўдзяляць увагу і іншым канфэсіям. Напрыклад, я заўсёды выступаю за тое, каб у Днях Пісьменьніцтва і Друку выступалі перад людзьмі і каталіцкія сьвятары. Зрэшты, у нас таксама шмат габрэяў і татараў. Вось зараз былі ўручаныя прэміі за духоўнае адраджэньне. Хадайнічала за іх праваслаўная Царква, але я ведаю і сярод каталікоў, маіх сяброў-пісьменьнікаў, скульптараў, шмат выдатных творцаў, якія маглі бы быць уганараваныя гэтымі ўзнагародамі. Таму, я бы сказала, што ў нашым сёньняшнім жыцьці не стае той талерантнасьці да ўсіх тых, хто жыве ў Беларусі. Я ўсё-ж лічу, што Царква як інстытут, ня мусіць быць занадта цесна зьвязаная з ўладамі, бо ўлада, гэта заўсёды інструмэнт прымусу”.

Мы гаварылі пра тое, як ёсьць, але давайце пагутарым зараз пра тое, як павінна быць. У мінулым храсьціянская царква сьпярша была перасьледванай, потым сталася дзяржаўнай. У гісторыі бывалі пэрыяды гэтак званага “цэзарапапізму”, калі імпэратары кіравалі Царквой, і “папацэзарызму”, калі папы і патрыярхі бласлаўлялі і каранавалі кіручыя ў дзяржаве асобы.

З цягам часу наступіла аддзяленьне Царквы ад дзяржавы, бывалі пэрыяды гэтак званай “сымфоніі”, што многія тэолягі лічыць найбольш прыймальнай формай стасункаў. У 19 стагодзьдзі наступіла аддзяленьне Царквы ад дзяржавы. Сымбалям гэтай дактрыны сталі “Асноўныя пачаткі” абвешчаныя Франкфурцкім парлямэнтам 1848-49 гадоў, якія сталіся нормай для заходняй Эўропы. Дзяржава не цікавіцца верай сваіх грамадзянаў. Аднак, на практыцы, адмовіўшыся ад арганічнага саюзу з хрысьціянскай царквою, дзяржавы ня здолелі абысьціся бяз элемэнтаў хрысьціянскай веры. У некаторых краінах цэрквы і духавенства надалей атрымоўваюць фінансаваньне з дзяржаўнага бюджэту, хрысьціянскія сьвяты захоўваюць статус дзяржаўных сьвятаў, прысяга са спасылкай на Бога застаецца ў сіле.

Напрыклад ў Нямеччыне няма дзяржаўнай царквы, але існуе царкоўны падатак. У Ангельшчыне кароль і найважнейшыя дзяржаўныя чыноўнікі абавязкова павінны належыць да англіканскай Царквы. У ЗША ўсе цэрквы роўнапраўныя і маюць статус падобны да любой карпарацыі. У школах не дазволенае навучаньне рэлігіі, аднак кожная сэсія Кангрэсу ды інаўгурацыя прэзыдэнта пачынаецца малітвай. У войску ды флёце ёсьць капэляны. Сьвятасьць нядзелі ахоўваецца законам. У некаторых штатах існуе нават строгае пакараньне за блюзьнерства.

(Бандарук: ) “Дык якая, на Вашую думку, ідэальная форма ўзаемадачыненьняў паміж Царквою і дзяржавай ў цяперашніх, беларускіх рэаліях?”

(Конан: ) “Ідэальнае ўзаемадачыненьне паміж Царквою і дзяржавай такое, калі б Царква абсалютна, тэрытарыяльна, палітычна і ідэалягічна не залежыла ад дзяржавы. У гэтым сэнсе каталіцтва значна бліжэй да гэтага ідэалу. Справа ў тым, што ў нас Праваслаўная Царква існуе на тэрыторыі канкрэтнай дзяржавы і цалкам ад яе залежыць. У значнай ступені Царква выступае ў якасьці прыкрыцьця палітыкі дзяржавы. Таму я лічу, што калі праваслаў’е хоча сур’ёзна ўплываць на чалавечыя ўчынкі, на жыцьцё людзкое, на фармаваньне маральна-сацыяльнай клімату, яна павінна быць абсалютна незалежная ад дзяржавы”.

(Бандарук: ) “Згода, што незалежная. Але ж некаторыя формы супрацоўніцтва магчымыя і нават пажаданыя… Напрыклад, зараз у Беларусі каля дзесяці праваслаўных сястрыцтваў праводзяць дабрачынную дзейнасьць. Яны даглядаюць старых, самотных і хворых, працуюць ў Інстытуце Траўматалёгіі і Артапэдыі, у дзіцячым аддзяленьні клінічнага шпіталю ў Менску, ў дзіцячых госьпісах і анкалягічных цэнтрах. Аднак паколькі матэрыльныя і чалавечыя рэсурсы Царквы абмяжаваныя, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, яна можа добра паслужыць грамадзтву ў яго маральным выхаваньні”.

(Трыгубовіч: ) “Так, найперш у маральным выхаваньні грамадзтва. Тут працы столькі, што нават цяжка ўявіць сабе ўсе яе абсягі і кірункі. Але на вялікі жаль, на сёньняшні дзень гэтага ня робіцца. Не хапае настаўнікаў, катэхізатараў, не хапае людзей, якія ўсё гэта маглі б рабіць. На сёньняшні дзень Царква хутчэй занятая сваім ўласным, матэрыяльным будаўніцтвам, пабудовай храмаў. На гэта ў першую чаргу ідуць усе высілкі і час”.

(Бандарук: ) “Гэта была думка Валянціны Трыгубовіч. У чым-жа яшчэ магчымае і пажаданае супрацоўніцтва зь дзяржавай? Калі ласка, Спадарыня Вольга Іпатава”.

(Іпатава: ) “Я думаю, што Царква магла-бы супрацоўнічаць зь дзяржаваю ў агульным навядзеньні духоўнага спакою. Гэта значыць, каб яны разам давалі нейкую ацэнку таму, што зараз адбываецца і стараліся быць чысьцейшымі, лепшымі. Царква ўсё такі магла бы ўзьдзейнічаць на дзяржаву, напрыклад у сэнсе таго, што нельга, сапраўды нельга, на касьцях Курапацкіх ахвяраў будаваць дарогу, што гэта вялікі грэх. Вось гэтае паняцьце граху, што ёсьць рэчы, якіх ўвогуле нельга рабіць, што там ляжаць людзі і нават неважна, якога яны веравызнаньня. Чалавечае жыцьцё само па сабе каштоўнае, бясцэннае. І таму тут усім канфэсіям , усім нам трэба гаварыць пра гэта. Па мойму, усё што там адбылося, адбылося якраз таму, што ў атэістычным выхаваньні не было паняцьця граху і адказнасьці за свае ўчынкі перад Богам ды й перад чалавецтвам. І тут, канечне, роля Царквы проста неацэнная, бо ўсім нам трэба гэта разумець. Вось гэтае супрацоўніцтва магло бы быць карысным”.

(Бандарук: ) “Спадарыня Іпатава зьвярнула ўвагу на вельмі важную справу. Царква павінна заклікаць людзей улады кіравацца прынцыпамі дабра і праўды, скарыстоўваць сілу дзяржаву для ўтаймоўваньня зла і падтрымкі дабра, зыходзячы з прынцыпаў сьвятасьці жыцьця і чалавечай годнасьці. Да гэтага і зводзіцца маральны сэнс існаваньня дзяржавы. Толькі такая ўлада лічыцца ўладай “ад Бога”. Царква павінна заступацца перад дзяржавай за пакрыўджаных і абяздоленых. Гэта тое, што ў царкоўна-славянскай мове называецца “печалованіем”.

Калі Царква маўчыць у справе Курапатаў, дык гэта ганебна. Яна абавязана змагацца з самавольствам і тыраніяй ўладароў, спрыяць таму, каб улада не ператварылася ў самадастатковы інстытут, каб не злоўжывала мячом, каб яна не была ўладай мяча, але любові. Мітрапаліт Філіп адкрыта выступіў супраць зьверстваў Івана Жахлівага. За прыкладам Яна Хрысьціцеля, Царква і сёньня павінна знайсьці ў сабе мужнасьць і нагадаць каму трэба: “не выпадае табе рабіць гэтак”.

Тым болей, я тут вярнуся да каляднай багаслужбы ў Сьвятадухаўскім Саборы, што Лукашэнка заявіў там : “Цярплівасьць і дабрыня – гэта тыя якасьці, на якіх асноўваецца мараль беларускага народу і якія зьяўляюцца ядром нацыянальнай ідэі”. Божыя запаветы “не забі, не скрадзі, любі бліжняга,” гэтыя ды іншыя сьвятыя запаветы сугучныя нашым дзяржаўным задумам і ідэям”. Але ж ці сапраўды дзяржаўныя лідэры кіруюцца гэтымі прынцыпамі? Выкраданьні людзей, “эскадроны сьмерці” і дубінкі АМАП – усё гэта неяк цяжка сумясьціць з божымі запаветамі. Як вы лічаце?”

(Трыгубовіч: ) “Я лічу, што гэта ягоная новая роля, новае пазёрства. Гэта нейкі прапагандысцкі крок. Інакш кажучы – спроба высокімі словамі, правільнымі словамі аб божых запаветах прыкрыць тое нэгатыўнае, што ён робіць. Бо відавочна, што словы і справы разыходзяцца кардынальна. У гэтым вось мне бачыцца праблема”.

(Конан: ) “Прынцып, імпэратыў “любі бліжнага свайго”, які часам падкрэсьліваецца, агульны для паганаў і для стара-запаветнай царквы. Я бы разьмежаваў стара- і нова-запаветны прынцыпы. Паводле стара-запаветнага, мы заўсёды любім бліжняга, гэта значыць чалавека са свайго племяні, свайго народу. Гэта агульнае для многіх нацыяў. Хрысьціянства прапаведвае любоў да ўсіх. Спэцыфічна хрысьціянскі, маральны імпэратыў дакладана сфармуляваны ў Новым Запавеце Ісуса Хрыста “любіце ворагаў сваіх і маліцеся за тых, хто вас праклінае”. Хрысьціянства – гэта майстэрства ператвараць ворага ў сябра. А калі нашыя ўлады, наадварот, былых сябраў і супрацоўнікаў ператвараюць у ворагаў, то гэта ніяк не хрысьціянскія і не біблейскія прынцыпы. Адным словам, тут яўна ўстаноўка не на этыку, але на палітыку. Тут палітызацыя хрысьціянства, што, канечне, мяне вельмі непакоць”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць прафэсар Конан. Дарэчы, прытча пра міласэрнага самараніна назаўсёды высьвятліла пытаньне “а хто ёсьць мой бліжні?”. Гэта ня толькі суайчыньнік, аднадумца, знаёмы, але кожны, абсалютна кожны чалавек, асабліва чалавек ў бядзе.

Аднак вернемся да пытаньня статусу Царквы ў дзяржаве. У Беларусі няма сваёй Праваслаўнай Царквы, аднак у сьвеце існуюць 15 аўтакефальных і 3 аўтаномныя цэрквы. Як Вы ставіцеся да ідэі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы?”

(Трыгубовіч: ) “Я прыхільніца таго, што павінна быць незалежная, аўтакефальная царква, як у многіх іншых краінах сьвету. У такой сытуацыі пазыцыі царквы й дзяржавы найбольш супадалі бы, бо гэта была бы свая царква. У нас толькі прадстаўніцтва, экзархат Рускай Правасалаўнай Царквы. Паколькі пасьля савецкіх часоў адбываецца толькі адраджэньне Царквы, бо ўсё было зруйнаванае, то гэтае адраджэньне адбываецца на грунце дакастрычніцкай Царквы, часоў царскай Расеі. І хоць манархічныя настроі сярод праваслаўных беларусаў мінімальныя, аднак многае з той расейскасьці, імпэрскасьці прысутнае і ў нас. Калі, напрыклад, мы ўзносім малітву “о богохранімей стране нашей”, то пры гэтым ня ўсе вернікі думаюць пра Беларусь. Адзін марыць пра Савецкі Саюз, іншы думае пра Расею. Вось тут сутнасьць праблемы ва ўзаемадачыненьнях паміж Царквою і дзяржавай”.

(Бандарук: ) “Да сказанага Валянцінай Трыгубовіч варта дадаць, што ейная думка супадае зь меркаваньнем многіх навукоўцаў і тэолягаў. Напрыклад, нядаўна прафэсар Кубанскага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Шчатнёў заяўвіў, што імпэрскія амбіцыі ў праваслаўнай Царквы былі заўсёды, і яны застаюцца да сёньняшнія дня. Ні для кога няма сакрэту, што Руская Праваслаўная Царква вельмі нэгатыўна ставіцца да аўтакефаліі праваслаў’я на Украіне і ў Беларусі. Толькі чаму гэта аўтакефальнай можа быць Царква ў Чэхіі, дзе ўсяго 150 тысячаў вернікаў, а не ў Беларусі, дзе праваслаўных некалькі мільёнаў? Калі ласка, спадар Конан.”

(Конан: ) “Я думаю, гістарычны досьвед іншых народаў паказвае, што гэта вельмі рэальнае і патрэбная ідэя. Справа ў тым, што разнастайнасьць не выключае адзінства. Няхай будуць незалежныя цэрквы ў кожным рэгіёне, у кожнай нацыянальнай дзяржаве. І калі ў нас ня будзе незалежнай, аўтакефальнай царквы, то Царква ня зможа паспрыяць нацыянальнаму і культуранаму адраджэньню Беларусі. Праўда, у нас шмат выдатных, праваслаўных дзеячоў, якія шчыра вітаюць нацыянальнае адраджэньне, далучаюцца да гэтага працэсу, але ў цэлым, гіерархія застаецца расейскай. Яна думае пра тое, як аднавіць нейкую саюзную дзяржаву. Вось гэта мяне вельмі непакоіць”.

(Бандарук: ) “Гэта быў прафэсар Уладзімір Конан, і ўжо на заканчэньне, тое ж пытаньне накіроўваю Вользе Іпатавай”.

(Іпатава: ) “Праваслаўнай Царкве трэба было б станавіцца беларускай. Для многіх, праваслаўных вернікаў не хапае гэтага беларускага элемэнту. Яны, напрыклад, нават у Амэрыцы, у праваслаўнай, беларускай царкве пачуваюць сябе лепш, чым на Радзіме. Тут, гэтай беларускасьці амаль не адчуваецца. Я лічу, што калі яе замала, то гэта таксама не дае душы праваслаўнага той паўнаты ягонага асабістага духоўнага жыцьця, якое павінна было б ажыцьцяўляцца. Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Праваслаўных багаслужбаў на беларускай мове ўвогуле няма.

Я думаю, што ідэальнай была бы форма беларускай, нацыянальнай царквы, якая б служыла духоўнай падтрымцы менавіта беларуса. Бо калі я сёньня чую заклікі маліцца за расейскага Патрыярха, то мне гэта чужое. У прынцыпе праваслаўныя павінны маліцца за ўсіх, за ўвесь сьвет, але я ў першую чаргу хачу маліцца за сваю Беларусь, таму і заўсёды нешта пратэстуе ў маёй душы: чаму гэта я мушу маліцца за патрыярха чужой дзяржавы? Вось гэты элемент для мяне чужы, і думаю, што чужы для многіх праваслаўных вернікаў-беларусаў . Гэта ўвогуле небясьпечная зьява, калі Царква, па сваёй волі, ці без яе, сьвядома ці несьвядома, служыць русыфікацыі. Для душы праваслаўнага беларуса гэта вельмі небясьпечны сімптом”.

(Бандарук: ) “Гэта была Вольга Іпатава. Я дзякую ёй, а таксама Валянціне Трыгубовіч і Ўладзімеру Конану за ўдзел у праграме. Прадстаўляючы думку значнай часткі праваслаўнай інтэлігэнцыі, яны выказваюцца незалежную ад дзяржавы, беларускую, нацыянальную царкву. Гэта магчымае, але шлях да такога статусу выглядае нялёгкім.
Падсумоўваючы вышэй сказанае, хачу нагадаць, якімі, паводле сацыяльнай дактрыны Праваслаўай Царквы, павінны быць узаемадачыненьні паміж ёю і дзяржавай.

Царква павінна быць самастойнай і самазаконнай арганізацыяй нутры дзяржавы пад адзіным кіраўніцтвам. Царква і дзяржава служаць адной вышэйшай мэце: ажыцьцяўленньню божай волі на зямлі, хаця рознымі спосабамі і сродкамі. Адсюль раздзяленьне сфэраў, арганічнае ўзгадненьне мэтаў і намаганьняў, узаемная незалежнасьць арганізацыяў пры непасягальніцтве і неўмяшаньні. Дзяржава ня можа і не павінна злоўжываць Царквою ў сваіх сьвецкіх справах, навязваць ёй свае меркаваньні, правілы і спосабы дзеяньня. Дзяржава ня можа ператвараць свае субсыдыі Царкве ў прыладу ціску на яе. Таксама і Царква не павінна злоўжываць сваім уплывам і аўтарытэтам у грамадзтве ані ў дзяржаўных справах, ані ў сфэры духоўнай культуры.

Дзяржава – справа зямная, чалавечая. Яе неабходна будаваць, маючы Бога ў сэрцы, але не ўскладаючы на Бога адказнасьць за свае зямныя рашэньні і чалавечыя ўчынкі. Царква адкідае “цэзарапапізм”, калі кіраўнік дзяржавы кіруе Царквою, як і “папацэзарызм”, калі Царква замахваецца на сьвецкую ўладу. Палітыканства толькі шкодзіць Царкве. Дзяржава не павінна кіраваць Царквою ні ў галіне догмаў, ні абрадаў, ні арганізацыі. Яна можа толькі патрабаваць ад Царквы вернасьці Радзіме і выкананьня агульных законаў. Царква вучыць і раіць, і калі гэта неабходна – асуджае і адлучае, але не кіруе ў дзяржаве. Дзяржава ахоўвае Царкву і дапамагае ёй, але не пануе над ёю. Царква моліцца і прапаведвае, дзяржава кіруе, судзіць і ваюе. Сьвятар і ўладар, манах і жаўнер-супрацоўнікі божай справы. Яны спалучаюць намаганьні, але ідуць рознымі шляхамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG