Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСПАЧАЎСЯ РАЗГЛЯД СПРАВЫ АДНОГО ЗЬ МІЛІЦЫЯНТАЎ, ЯКІ ЗЬБІВАЎ ЛЮДЗЕЙ


Любоў Лунёва, Менск

Пракуратура абвінавачвае былога супрацоўніка міліцыі Маскоўскага раёну Менску сяржанта Малашэнку ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Летась у сакавіку ён з двума іншымі міліцыянтамі дзяжурыў на патрульнай машыне. На вуліцы Рафіева яны ўбачылі трох чалавек і пад’ехалі да іх. Пазьней высьветлілася, што людзі папросту вярталіся дамоў. Сярод іх быў супрацоўнік міжраённай пракуратуры. Міліцыянты раптам без усялякіх тлумачэньняў пачалі абражаць і зьбіваць людзей. Усіх затрымалі й завезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Там працягвалі зьбіцьцё.

Потым, калі міліцыянты агледзелі асабістыя рэчы затрыманых, знайшлі пасьведчаньне супрацоўніка пракуратуры. Гэта іх крыху зьбянтэжыла, але сяржант Малашэнка не разгубіўся і запатрабаваў, каб супрацоўнік пракуратуры Віктар Несьцярчук напісаў расьпіску, што прэтэнзіяў да міліцыянтаў ня мае. Інакш Малашэнка прыгразіў Несьцярчуку, што яго зноў будуць біць.

На наступны дзень супрацоўнік пракуратуры зьвярнуўся ў судмэдэкспэртызу, каб зафіксаваць пабоі, і ў пракуратуру.

Амаль год цягнулася сьледзтва, і ў выніку справа трапіла ў суд. Рэдка здараецца, каб справы на міліцыянтаў даходзілі да суду. Мы зьвярнуліся па камэнтар да юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Юрыя Тапарашава:

(Тапарашаў: ) “Так было заўсёды, і ня трэба з гэтага зьдзіўляцца. Па-першае, ёсьць такое паняцьце як гонар мундура, што на практыцы азначае міліцэйскую карпаратыўнасьць. Гэта стары савецкі стэрэатып. Па-другое, міліцыянт заўсёды найбольш адкрыты, набліжаны да людзей прадстаўнік улады. Ягоны ганебны ўчынак — гэта пляма на ўсю ўладу. Сёньня міліцыя — перадавы атрад аховы інтарэсаў групы ўлады і найперш яе палітычных інтарэсаў”.

Калі ў судзе дакажуць віну былога міліцыянта Сяргея Малашэнкі, ён можа апынуцца за кратамі на працяглы тэрмін.
XS
SM
MD
LG