Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ КІРАЎНІКІ АКАДЭМІЯЎ НАВУК СУСЕДНІХ КРАІН ПРА ПЭРСПЭКТЫВЫ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗЬ МІХАІЛАМ МЯСЬНІКОВІЧАМ?


Юры Сьвірко, Менск

Адразу пасьля леташняга ўказу пра прызначэньне Міхаіла Мясьніковіча прэзыдэнтам Нацыянальнае Акадэміі навук у Менску ладзіў прэсавую канфэрэнцыю амбасадар Казахстану ў Беларусі Ўладзімер Алесін. Я задаў яму пытаньне: хто прызначае прэзыдэнта акадэміі ў ягонай краіне? Паводле спадара Алесіна, у Казахстане быў непрацяглы пэрыяд, калі кіраўнік дзяржавы прызначаў указам прэзыдэнта Акадэміі навук, але ад гэтага хутка адмовіліся.

А вось як паставіліся да рэформы навукі па-беларуску ў суседніх дзяржавах.

Як высьветлілася сёньня, першае, што зрабіў на міжнароднай арэне новы прэзыдэнт Нацянальнае Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясьніковіч — наведаў Вільню, дзе ён працягнуў дамову пра супрацоўніцтва з Акадэміяй навук Літвы. Ейны прэзыдэнт Бэнэдыктас Юодка, якога я папрасіў пракамэнтаваць рэфармаваньне беларускае акадэміі праз указы й прызначэньне кіраўніка, распавёў:

(Юодка: ) “Мы маем дамову зь беларускай Акадэміяй навук — даволі прадуктыўную. Гэтай дамове, напэўна, мінімум 7 ці 8 гадоў, яшчэ прэзыдэнтам Сушчэня тады быў. І новы прэзыдэнт, прызначаны, прыяжджаў, мы падоўжылі дамову. Мы адказныя за навуку, а не за палітыку.

Але з нашага пункту погляду, з пункту погляду дэмакратычнае Літвы — у сьвеце няма такога, каб прызначалі прэзыдэнта. Усіх прэзыдэнтаў акадэміяў навук сьвету выбіраюць. Таму гэта, так бы мовіць, выключны выпадак міжнародных акадэміяў”.

Бэнэдыктаса Юодку ў пытаньні прызначэньня Міхаіла Мясьніковіча галоўным беларускім навукоўцам падтрымлівае і віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Латвіі Юрыс Экманіс:

(Экманіс: ) “Прэцэдэнту такога не было. Я, шчыра кажучы, упершыню чую. Хаця Латвія, гэтаксама як і ўсе іншыя, бярэ ўдзел ва ўсіх міжнародных арганізацыях акадэміяў навук. Там я такога ніколі ня чуў, таму мне цяжка камэнтаваць.

Супрацоўніцтву нашаму гэта, натуральна, не перашкодзіць, таму што любы дзелавы чалавек, я думаю, ведае сваю арганізацыю і можа яе рэпрэзэнтаваць — калі так прынята. Таму я ня бачу для супрацоўніцтва асаблівых перашкодаў. Але тое, што гэта дзіўна і нестандартна, — гэта без сумневу”.

А Януш Тазьбір, які займае аналягічную пасаду ў польскай акадэміі, сказаў Радыё Свабода наступнае:

(Тазьбір: ) “Магу сказаць не як віцэ-прэзыдэнт польскай Акадэміі навук, а проста як гісторык, як навуковец. У Польшчы да традыцыі належыць тое, што прэзыдэнт польскай Акадэміі навук ёсьць прэзыдэнтам абраным — таемным галасаваньнем на агульным сходзе ўсіх сяброў. І так ёсьць ня толькі ў так званай Трэцяй Рэчы Паспалітай — ад 1989 году, а так было ад самых пачаткаў польскае акадэміі навук.

Прычым у нас ёсьць асаблівасьць, а менавіта — трэба набраць ня большасьць галасоў, а дзьве траціны! І тут у гэта ня ўмешваецца ані прэм’ер, ані прэзыдэнт. Ёсьць пэўная аўтаномія навуковае ўстановы”.

Януш Тазьбір адмовіўся камэнтаваць далейшыя пэрспэктывы супрацоўніцтва зь беларускай Акадэміяй навук, таму што не адказвае за міжнародную дзейнасьць.

Яшчэ больш асьцярожнай ёсьць Нацыянальная акадэмія навук Украіны. Ейнае кіраўніцтва размаўляе з журналістамі толькі праз кіраўніка прэсавага цэнтру акадэміі Аркадзя Хыдэкелі, які патлумачыў адмовы ад інтэрвію наступным:

(Хыдэкелі: ) “Справа ў тым, што ў нас напрыканцы гэтага месяца, а можа 1-га ці 2-га лютага, будзе Мясьніковіч. Тады будзе зь ім размова, і мы будзем ведаць зь першых вуснаў, што, як і да чаго, будзем ведаць думку яго ды ягоных калегаў, і тады будзе мажлівасьць штосьці сказаць. А сёньня, я думаю, ніхто нічога ня скажа.

Я думаю, што ніякія факты супрацоўніцтву ня мусяць перашкодзіць, таму што сувязі ў нас даўнія, двухбаковыя, уземавыгадныя. Мы маем супольныя праекты, ёсьць дамова пра гэта зь беларускай акадэміяй. Таму сувязі ў прынцыпе будуць захоўвацца ў любых умовах”.

Супрацоўнікі ж Расейскае Акадэміі навук адмовіліся ад усялякіх інтэрвію на тэму прызначэньня Міхаіла Мясьніковіча. Толькі сакратарка Нобэлеўскага ляўрэата Жарэса Алфёрава ў Санкт-Пецярбургу замест камэнтару да гэтага прызначэньня сказала: “Памятаю, мы яго віншавалі”. А ў цэнтральным апараце РАН у Маскве ніводзін віцэ-прэзыдэнт выказаць сваю думку пра сытуацыю ў беларускай навуцы не захацеў.
XS
SM
MD
LG