Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

* АНКАРА. Савудаўскія ўлады зьнішчылі ў цэнтры Мэкі турэцкую крэпасьць Адж’яд, збудаваную ў 1775 годзе для абароны Сьвятых мясьцінаў ад нападаў качавых плямёнаў. Савудаўскі ўрад плянуе збудаваць на месцы крэпасьці камэрцыйны цэнтар. Турэччына асудзіла гэтыя дзеяньні і параўнала іх з разбурэньнем гіганцкіх статуяў Буды ў Баміяне. Анкара зьвярнулася з адпаведнай заявай у ЮНЭСКА. Савудаўскія ўлады заявілі, што крэпасьць ня мела архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасьці.

* ВАШЫНГТОН. Былы мэнэджэр Шэксьпіраўскага Фэстывалю Джым Вольц паведаміў, што некаторыя амэрыканскія тэатры зь меркаваньняў гэтак званай «палітычнай карэктнасьці» забаранілі некаторыя п’есы Шэксьпіра. У сьпіс забароненых трапілі сярод іншага «Атэла» і «Вэнэцыянскі гандляр». Маўр Атэла, які забівае сваю жонку, і гандляр Шайлак, які патрабуе фунт хрысьціянскага мяса, на думку тэатраў, могуць абразіць прадстаўнікоў чорнай і гэбрайскай супольнасьцяў Амэрыкі. Тымчасам некаторыя жанчыны выказалі сваё незадавальненьне зьместам п’есы «Утаймаваньне свавольніцы».

* ЗАГРАБ. Рэдкія шэдэўры Гагена, Рэмбранта і Тынтарэта коштам на мільёны даляраў загінулі падчас пажару ў доме прыватнага калекцыянэра ў Харватыі. Тоні Пэрох паведаміў, што карціны не былі застрахаваныя, бо ён не хацеў прыцягваць увагу злодзеяў. Гаспадар калекцыі ня ведаў агульнай каштоўнасьці ўсіх твораў, аднак толькі адна карціна Гагена была ацэненая ў 1998 годзе на 5 мілёнаў даляраў. Прычынаю пажару сталася няспраўнасьць электраправодкі. Пажар пачаўся ўначы, і пажарнікам не ўдалося ўратаваць ніводнай карціны.

* ПАРК-СІТЫ (ШТАТ ЮТА). Фільм «Пэрсанальная хуткасьць» рэжысэркі Рэбэкі Мілер быў прызнаны найлепшай кінастужкай на фэстывалі незалежных фільмаў «Сандэнс». Штогадовы фэстываль «Сандэнс» лічыцца галоўным у сьвеце фэстывалем незалежнага кіно. Яго арганізуе Інстытут Сандэнс, заснаваны ў 1980 годзе. У катэгорыі дакумэнтальных фільмаў найлепшым быў прызнаны твор вэтэранаў фэстывалю Гейла Долгена і Вінсэнтэ Франка «Дачка з Данангу». Аўтары здымалі гэты фільм 12 гадоў. Усяго за 10 фэстывальных дзён было паказана 113 мастацкіх і каля 60 кароткамэтражных фільмаў.

* КАБУЛ. Часовы афганскі ўрад яшчэ ня вырашыў пытаньне наконт адбудовы славутых статуяў Буды ў Баміяне, зьнішчаных рэжымам талібаў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік ЮНЭСКА Койціра Мацура, які сустрэўся ў Кабуле з часовым прэм’ерам Афганістану Хамідам Карзаі. Летась у сакавіку на загад лідэра талібаў мулы Мухамада Амара былі зьнішчаныя дзьве статуі Буды вышынёю 53 і 37 мэтраў. Абедзьве статуі былі збудаваныя на пачатку нашай эры і былі занесеныя ў зацьверджаны ЮНЭСКА сьпіс помнікаў культурнай спадчыны чалавецтва.

* НЬЮ-ЁРК. Музэй сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку перабярэцца ў іншае месца на час правядзеньня рэмонту і дабудовы, кошт якіх складзе 650 мільёнаў даляраў. Цяперашняе памешканьне музэю ў цэнтры Мангатану будзе зачыненае 21 траўня, а ўжо 29 чэрвеня музэй адновіць працу ў іншым будынку ў нью-ёркскім раёне Куінз, які стане новым домам для музэю на наступныя тры гады. У лютым 2003 году ў новым памешканьні адчыніцца выстава Матыса і Пікасо. Будынак на Мангатане будзе адчынены ў 2005 годзе, аўтар праекту перабудовы – японскі архітэктар Ёсіё Танігуці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG