Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСАЎ СТАНОВІЦЦА ЎСЁ МЕНШ


Галіна Абакунчык, Менск

Беларусы як нацыя выміраюць з 1994 году. Цяпер у Беларусі жывуць 9 мільёнаў 956 тысяч чалавек — на паўмільёна менш, чым дзесяць гадоў таму. Нават афіцыйныя статыстыкі вымушаныя прызнаць, што пры такой імклівай дэпапуляцыі да 2050 году колькасьць грамадзянаў скароціцца яшчэ на 2 мільёны.

Паводле афіцыйных аналітыкаў, акрамя эканамічнага заняпаду, прычынай дэмаграфічнага крызысу стала п’янства, а сярод моладзі — наркаманія і вэнэрычныя захворваньні. Адмоўны ўнёсак у палітыку народанасельніцтва дадае павелічэньне разводаў, няпоўных сем’яў, пакінутых дзяцей. Аднак многія называюць і іншыя прычыны. Гаворыць выхавацелька дзіцячага садку Аляксандра:

(Аляксандра: ) “Я думаю, што першая прычына — гэта Чарнобыль. Нашмат павялічылася колькасьць дзяцей, якія нараджаюцца з адхіленьнямі. Страх, страх за здароўе”.

Падобнага меркаваньня прытрымліваецца хатняя гаспадыня Ларыса й былая бібліятэкарка, а цяпер прадпрымальніца Ірына.

(Ларыса:) “У першую чаргу гэта праблемы эканамічныя. Людзі папросту ня ўпэўненыя ў заўтрашнім дні”.

(Ірына: ) “Вінаватая перш за ўсё ўлада. Многія не нараджаюць з тае прычыны, што яны ня могуць даць тое, што хацелі б даць нармальнаму, культурнаму, эўрапейскаму чалавеку”.

У сваю чаргу прадстаўнікі ўладных структураў на папрокі ў антынацыянальнай палітыцы звычайна адказваюць словамі Аляксандра Лукашэнкі, якія той сказаў год таму ў адказ на папрокі ў няўвазе да праблемаў сям’і: маўляў, пра дзяцей павінны клапаціцца бацькі, а не дзяржава.

Гаворыць загадчыца аддзелу сямейнай палітыкі Міністэрства працы й сацыяльнай абароны Ірына Чуткова:

(Чуткова: ) “Ня трэба забывацца, што сям’я, калі прымае рашэньне аб нараджэньні дзіцяці павінна ацэньваць свае сілы ды імкнуцца, каб уласнымі сродкамі забясьпечыць дзіцяці нармалёвы ўзровень жыцьця”.

І ўсё ж глыбіня дэмаграфічнага крызысу прымусіла чыноўнікаў самага высокага ўзроўню гаварыць пра пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі. Цяпер урад пачынае распрацоўваць Нацыянальную праграму на падставе дакумэнту, падпісанага напачатку студзеня Лукашэнкам, — “Закону аб дэмаграфічнай бясьпецы”. Аднак паводле экспэртаў фонду народанасельніцтва й разьвіцьця ААН, сілавымі сродкамі праблему народанасельніцтва яшчэ ня вырашыла ніводная краіна сьвету. Гаворыць экспэрт фонду Тацяна Гаплічнік

(Гаплічнік: ) “Палітычнымі захадамі прымусіць нараджаць дзяцей немагчыма, паколькі нараджаюць не таму, што ў краіне не хапае вайскоўцаў, пекараў альбо аратых. У Эўропе таксама скарачаецца насельніцтва, да прыкладу, у Аўстрыі, Швэцыі, Швайцарыі, але зь іншых прычынаў. Гэта эканамічна разьвітыя краіны, і яны могуць выправіць праблему за кошт прытоку мігрантаў. У гэтым сэнсе нашая дзяржава малапрывабная, і гэтая праблема стаіць вастрэй”.

Паводле міжнароднай статыстыкі, штогод зямлянаў большае амаль на 80 мільёнаў чалавек. Штодзённа ў сьвеце зьяўляецца 255 тысяч немаўлятаў. Беларусаў сярод іх з кожным годам усё менш.
XS
SM
MD
LG