Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЕЗАЛЕЖНЫ ПРАФСАЮЗ НА “АЗОЦЕ” СУТЫКАЕЦЦА З ПРАБЛЕМАМІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

“Азот” — самае буйное прадпрыемства ў вобласьці, 7300 працаўнікоў. Тут і самы буйны Незалежны прафсаюз — 850 сяброў. Усе яны пісалі заяву, каб адміністрацыя пералічвала адзін адсотак заробку прафсаюзу.

Кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Сяргей Антусевіч упэўнены, што такое права мае кожны рабочы. Напрыклад, шмат хто таксама пісаў заяву, каб з заробку пералічвалі кватэрную плату камунальнай службе. Пазбаўляць падобнай магчымасьці ніхто ня мае права.

Прафсаюзнаму лідэру сказалі ў адміністрацыі прадпрыемства: калі вы ня згодны, дамагайцеся тады адмены адпаведнай пастановы ўраду, на падставе якой прыняты загад. Але ён ня бачыць такой патрэбы, бо існуюць Працоўны кодэкс, калектыўная дамова, ды й прафсаюзныя складкі рабочыя плацяць сьвядома. Шмат хто зь іх ужо выказаў абурэньне загадам.

Канечне, калі кіраўніцтва прадпрыемства адмовіць сябрам Незалежнага прафсаюзу, давядзецца зьвяртацца ў гаспадарчы суд. Але гэта ў скрайнім выпадку, — сказаў Сяргей Антусевіч. Хаця зьбіраць у рабочых складкі ён не баіцца. Невялікая цяжкасьць толькі ў тым, што на “Азоце” чатыры зьмены, бо шкодныя ўмовы працы, ёсьць начная зьмена.

Але ў абсалютнай большасьці людзей ён упэўнены: яны лічаць, што прафсаюз ім патрэбны. Рабочыя самі жадаюць уступіць у яго. Незалежны прафсаюз на “Азоце” будзе жыць. Цяжэй у гэтай сытуацыі афіцыйнаму прафсаюзу работнікаў хімічнай прамысловасьці, — мяркуе Сяргей Антусевіч. Шмат хто з працаўнікоў нават ня памятае, ці пісаў увогуле заяву аб уступленьні ў прафсаюзную арганізацыю прадпрыемства. Раней гэта рабілася аўтаматычна: калі прыйшоў на працу, значыць, стаў і членам прафсаюзу.
XS
SM
MD
LG