Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ НЕ ХАПАЕ ЕЖЫ


Ганна Соусь, Менск

Ля Курапатаў працягваюць будаваць падземны пераход — ужо выклалі ягоную аснову з бэтонных плітаў. У намёце абаронцаў Курапатаў я засьпела сёньня чатырох валанцёраў. Паводле Алеся Гетмана, апошнім часам відавочны спад цікаўнасьці да Курапатаў ды іхнай вахты памяці.

Мы размаўляем, седзячы ля цёплай буржуйкі. Адзін з валанцёраў рэжа сала з апошніх запасаў: у абаронцаў Курапатаў усё больш праблемаў з харчамі. Алесь Гетман працягвае:

(Гетман: ) “Фінансаваньня ў нас увогуле ніякага няма. Набываць ежу стала больш складана. Учора ледзь грошай назьбіралі на адну сьвечку, каб уначы не было цёмна ў намёце. У людзей у саміх зараз няма сродкаў, таму нясуць тое, што нарыхтавалі ўлетку на зіму. Варэньня ў нас столькі ўжо, што ня ведаем, што зь ім рабіць. Але адным варэньнем сыты ня будзеш.

Новыя людзі амаль што не падыходзяць. Калі нас чуюць у рэгіёнах, то мы запрашаем людзей, каб яны прыяжджалі сюды хаця б на суботу, нядзелю, каб дапамагчы, бо працы зараз шмат зьявілася”.

Дачыненьні з будаўнікамі, паводле Алеся Гетмана, у валанцёраў даволі стрыманыя, бо цяпер у Курапатах працуе зьмена рабочых, якія валілі крыжы 8 і 9 лістапада.

Мой наступны суразмоўца — Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Некаторыя людзі пытаюцца: “А чаму Вы тут застаяцеся? Усё ж ужо адбылося. Пікам было ўсталяваньне мэмарыяльнага знаку ЗША, а зараз ужо час сыходзіць”. Насамрэч гэта тое, чаго хоча рэжым. Каб чарговы раз сказаць, што яны былі, каб паказацца перад камэрамі й дапамагчы амэрыканцам. Не, якраз наадварот. Тыя, хто так лічыў, якраз і сышлі, а ў Курапатах засталіся людзі, якія бачаць у гэтым справу сваёй нацыянальнай годнасьці”.

Апошнім часам валанцёры адчуваюць пільную ўвагу з боку прыхільнікаў РНЕ ды іншых прафашыстоўскіх арганізацыяў. Некалькі дзён таму ўвечары яны наведваліся ў лягер абаронцаў Курапатаў.

(Гетман: ) “Натоўп быў чалавек пятнаццаць. Стаялі, мабыць, паўгадзіны. Потым ад іх аддзяліўся і падышоў да нас хлопец. Спытаўся, ці ёсьць тут БПС і нацбрыгады. Спытаўся, якая ў нас сувязь. Яго ў намёт ніхто не пусьціў. Мы сказалі, што ў намёце пятнаццаць чалавек сядзяць. Ён паразмаўляў, пайшоў да астатніх, і яны сышлі”, — паведаміў Алесь Гетман.

Валанцёры не выключаюць, што менавіта гэтыя людзі спрычыніліся да леташняга разбурэньня лавы Клінтана. Да таго ж апошнім часам у горадзе ўжо адбылося некалькі нападаў на некаторых абаронцаў Курапатаў. Сытуацыю тлумачыць Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Ужо адбыліся тры маштабныя сутычкі. Былі падрыхтаваныя брытагаловыя. Сярод іх пазналі шэраг актывістаў РНЕ, правую руку Глеба Самойлава, прадстаўнікоў руху скінгедаў, эўрапейскіх фашыстаў. Разьлічваюць вывесьці адсюль людзей, выбіць іх з Курапатаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG