Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРАВЕ ІГНАТОВІЧА Ў СУД НЕ ЗЬЯВІЛІСЯ ВАЖНЫЯ СЬВЕДКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе ў справе былога спэцназаўца Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў нечакана ўзьніклі перашкоды падчас вывучэньня рэчавых доказаў. Сёньня судзьдзі зьбіраліся высьветліць абставіны знаходкі ў аўтамабілі Ігнатовіча рыдлёўкі, на якой, паводле папярэдняга расьсьледаваньня, былі знойдзеныя “фрагмэнты біялягічнага матэрыялу Зьмітра Завадзкага”.

Заставалася апытаць сьведкаў, якія нібыта бачылі, як гэтую рыдлёўку знайшлі ў аўтамабілі Ігнатовіча. Чаму гэта так цікавіць судзьдзяў? Справа ў тым, што пры разглядзе гэтага ключавога доказу выявіліся супярэчнасьці.

Падчас першага агляду аўтамабіля Ігнатовіча, адразу пасьля ягонага затрыманьня, рыдлёўкі ў багажніку быццам не знайшлі. Потым у пратаколе агляду яна згадваецца, але на фотаздымку рэчаў з аўтамабіля яе чамусьці няма.

І толькі падчас пазьнейшага агляду і здымкі рэчаў з аўтамабіля рыдлёўка зьявілася і на фотаздымку — праўда, у нейкім іншым выглядзе. Бо, паводле розных аглядаў, яе даўжыня істотна розьніцца.

Каб адказаць на гэтыя супярэчлівыя пытаньні, сёньня на працэс і выклікалі сьведак аглядаў. Аднак усе трое сьведкаў чамусьці не зьявіліся і нават не паведамілі суду пра прычыны сваёй няяўкі. Адвакаты лічаць гэты факт “вельмі падазроным”. Яны не выключаюць, што сьведкі не жадаюць даваць паказаньняў, каб не пашкодзіць высновам сьледчых пра галоўную ролю алмазаўца Ігнатовіча ў зьнікненьні Завадзкага.

Пры гэтым адвакаты пацярпелых не сумняюцца, што Ігнатовіч да выкраданьня апэратара ОРТ сапраўды неяк датычны. Згадваюцца паказаньні сьведкаў, якія бачылі чырвоны фольксваген Ігнатовіча побач з домам Завадзкага напярэдадні ягонага зьнікненьня.

Аднак, мяркуюць адвакаты, былы алмазавец мог толькі сачыць за Завадзкім ці выконваць нейкае іншае другаснае заданьне, а вось хто яму загадваў і куды потым падзелі Завадзкага — на гэтыя пытаньні сьледзтва не адказвае. Магчыма, і не жадае адказваць, мяркуюць адвакаты. Няяўку чарговых сьведкаў, на думку адвакатаў, можна патлумачаць тым, што нехта вельмі ўплывовы хоча зьбіць судовае расьсьледаваньне з правільнага шляху.
XS
SM
MD
LG