Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЛУКАШЭНКА ПРАДПІСВАЕ ПРАМЫВАНЬНЕ МАЗГОЎ”


Алена Панкратава, Менск

Выглядае на тое, што беларускі лідэр пэрсанальна паклапаціўся, каб ягоны народ сумаваў доўгімі вечарамі, — піша аўтар артыкула Томас Розэр. Гэты рашучы мужчына з какетлівым завітком на лысіне безь перапынку прапаноўвае гледачам пэўную разнастайнасьць на падкантрольным яму дзяржаўным тэлебачаньні.

Вобраз “бацькі народу” бесьперапынна мільгае на тэлеэкранах: вось былы кіраўнік калгасу са строгім тварам наведвае будоўлі, прысутнічае на парадах танкаў і сельскагаспадарчых машынаў. Вось той жа чалавек, аднак нібыта адрэтушаваны, ветліва размаўляе з жанчынамі й дзецьмі, ён гладзіць дзіцячыя галоўкі, трымае ў сваіх руках жаночыя рукі.

У большасьці выпадкаў Лукашэнка энэргічны, наступальны. Падчас шматлікіх сустрэчаў на прадпрыемствах і ў працоўных калектывах ён не дае пазяхаць тым, хто хацеў бы гэтага — ён заклікае людзей да новых працоўных подзьвігаў дзеля народу, Айчыны і, канечне ж, бацькі народу.

Палымяныя пасланьні вялікага настаўніка да сваіх вучняў-суайчыньнікаў, паводле журналіста Томаса Розэра, звычайна натыкаюцца на “глухія вушы”.

Лукашэнка гнеўна абураецца тымі, хто кажа пра ягоныя маніпуляцыі й фальсыфікацыі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах. Здаецца, аднак, — піша “Basler Zeitung”, — што часам і ён сумняецца, ці сапраўдная гэтая перамога, ці напраўду ён папулярны ў народу. Каб усё ж пераканаць у гэтым насельніцтва, Лукашэнка стварае групы інфармацыйна-ідэалягічнай падтрымкі. Гэтак ён зьбіраецца зрабіць свой народ сапраўды шчасьлівым.

Цяпер восем разоў на год беларусы будуць браць удзел у палітзанятках. Новыя пакаленьні беларусаў змогуць атрымліваць найлепшыя зьвесткі й пра краіну, і пра свайго лідэра. Паводле Лукашэнкавага загаду, прапагандысцкія групы ствараюцца ў кожным адміністрацыйным раёне краіны. За ідэалягічную дапамогу насельніцтву адказваюць самыя высокія ўрадавыя чыноўнікі, парлямэнтары, прадстаўнікі нацыяльнай бясьпекі.

Паводле незалежных экспэртаў, вялікае прамываньне мазгоў беларускага насельніцтва наперадзе. Як саркастычна інтэрпрэтаваў гэтыя захады лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, “калі ў краіне не хапае каўбасаў, людзям будуць тлумачыць, што мяса шкоднае для здароўя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG