Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЬВЕРДЖАНЬНІ ЎЛАДАЎ ПРА “РЭЗКІ РОСТ ДАХОДАЎ НАСЕЛЬНІЦТВА” ЛЮДЗІ ЛІЧАЦЬ ХЛУСЬНЁЙ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Нацыянальнага банку Беларусі лічаць увод у карыстаньне новай 20-тысячнай купюры з выявай палацу Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі вельмі важным крокам. Маўляў, ня трэба будзе людзям насіць з сабой вялікія пачкі грошай. Кіраўнік прэсавай службы Нацбанку Анатоль Драздоў увогуле тлумачыць увядзеньне новай банкноты “рэзкім ростам даходаў насельніцтва”.

Сёньня я апытваў людзей рознага веку й заняткаў, жыхароў Менску ды іншых рэгіёнаў Беларусі і вось якія атрымаў адказы на пытаньне “Ці сапраўды рэзка вырас вашы асабістыя даходы?”

(Студэнтка: ) “Мае даходы зьменшыліся, грошай не хапае катастрафічна. Не хапае заплаціць за вучобу. Напрыклад, у Італіі вышэйшыя навучальныя ўстановы ў асноўным бясплатныя, а вучоба ў самых прэстыжных каштуе 80 даляраў на год. Я ж плачу 800 даляраў на год — і гэта мяжа таго, што я магу заплаціць за сваю адукацыю”.

(Дзяўчына: ) “На сабе не адчула ніяк”.

(Хлопец: ) “Не, мой даход ня вырас, я гэтага на сабе не адчуваю”.

(Сталы спадар: ) “Ой-ёй. Дзе ж той даход вырас — наадварот зьнізіўся. Каб быў іншы прэзыдэнт, было б па-іншаму”.

(Мужчына: ) “Мой даход ня вырас”.

(Дзяўчына: ) “Можа ў іх даходы й растуць, а ў нас — не”.

(Спадар: ) “Даход рэзка паніжаецца. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мой сямейны бюджэт рэзка зьменшыўся. Таму гэта толькі характарызуе інфляцыйныя працэсы. Трэба павялічваць зарплаты і пэнсіі. Бо зараз бюджэт пэнсіянэраў, вэтэранаў працы рэзка зьменшыўся. Гэта нядобра й выклікае сацыяльную напружанасьць”.

(Пэнсіянэр: ) “Чатыры месяцы пэнсія фактычна заставалася на месцы, а раней была толькі частковая індэксацыя. За гэтыя чатыры месяцы цэны значна вырасьлі. І адбываецца зьбядненьне найперш малазабясьпечаных пэнсіянэраў, як я”.

А вось меркаваньне людзей адносна таго, навошта ўлады сьцьвярджаюць, што даходы насельніцтва нібыта істотна павялічыліся:

(Мужчына: ) “Трэба ж неяк наш народ стымуляваць. Быццам бы нешта робіцца. Паказаць міжнароднай супольнасьці, што ўрад думае аб простым чалавеку. А насамрэч гэтага няма”.

(Спадар: ) “Гэта прапагандысцкі трук. Бо хочацца, каб усё выглядала добра. Але насамрэч інфляцыя ўсё паглынае і дыскрэдытуе ўладу”.

(Жанчына: ) “Прэзыдэнт перад выбарамі абяцаў, што даходы вырастуць, але ўсё гэта словы”.

(Дзяўчына: ) “Бабулек супакойваюць, і яны вераць. Бабулькі ж глядзяць тэлевізар. Я дык не гляджу, бо ў мяне стаіць “Cosmos TV”. Я гляджу “Euronews”, і там пра гэта зусім не гавораць”.

(Пэнсіянэр: ) “Даходы ня вырасьлі, гэта няпраўда”.

І толькі адна жанчына з усіх апытаных прызналася, што яе даходы апошнім часам пабольшалі:

(Жанчына: ) “Так, мой даход вырас нармальна — на 25 000 рублёў. Раней атрымлівала 80 000 заробак, а цяпер больш за 100 000”.

Пры гэтым пераважная большасьць людзей лічыць, што ўвядзеньне ў абарот 20-тысячнай банкноты іхнае матэрыяльнае становішча не палепшыць.

Беларуская банкнота на 20 тысяч цяпер роўная 12 далярам ЗША. Для параўнаньня: у суседніх зь Беларусьсю Літве й Польшчы купюры самай высокай вартасьці 200 літаў і 200 злотых адпавядаюць 50 далярам. Ва Ўкраіне найбольшая банкнота 200 грыўняў — каля 40 даляраў. У Расеі купюра найвышэйшага наміналу 1000 рублёў — адпавядае 33 далярам. А найбольш дарагія купюры ў Латвіі: самая вялікая банкнота 500 латаў — гэта 802 амэрыканскія даляры.
XS
SM
MD
LG