Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗНОЎ ПАБОЛЬШАЛА КАНТРАБАНДЫСТАЎ У ЦЯГНІКАХ, ЯКІЯ ХОДЗЯЦЬ У ПОЛЬШЧУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Абмежаваньні пачалі дзейнічаць з пачатку году. У Польшчу можна ўзяць толькі пляшку гарэлкі й пачак цыгарэтаў. Дагэтуль дазвалялася мець літар гарэлкі й блёк цыгарэтаў.

У першай палове студзеня колькасьць пасажыраў у цягніку Горадня–Кузьніца, да першай польскай станцыі, істотна зьменшылася. Але толькі часова. Абсалютная большасьць займаецца менавіта нелегальным бізнэсам.

Сёньня на дзённы цягнік яны рыхтаваліся, як і раней. У кожнага прынамсі два цыгарэтныя блёкі. Толькі некалі хавалі ў цягніку адзін зь іх, а зараз — абодва. Хаваюць звычайна ў сядушках, і польскія мытнікі гэта выдатна ведаюць, аднак глядзяць скрозь пальцы.

Некаторыя кантрабандысты палічылі, што палякі ледзьве не скасавалі абмежаваньні. Намесьнік начальніка Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Алег Кудрашоў сказаў мне, што яму нічога не вядома на гэты конт. Хаця і афіцыйнай паперы пра ўвядзеньне саміх абмежаваньняў мытня не атрымлівала.

На мытным пасту на чыгуначным вакзале мне паведамілі, што ў кожным цягніку звычайна 150–200 пасажыраў. У дзень да Кузьніцы ходзяць чатыры электрычкі.

Яшчэ адзін супрацоўнік мытні выказаў наступнае меркаваньне. Палякі сапраўды кантралююць нашых пасажыраў пакуль ня вельмі дбайна. Але кантроль заўжды можна ўзмацніць, сказаў ён. Увогуле палякаў найбольш непакоіла буйная кантрабанда, а таксама больш цікавая ім не беларуская мяжа, а чэская і славацкая. Там памежныя пераходы пешаходныя, і мясцовыя жыхары за дзень пасьпявалі шмат разоў праносіць празь мяжу танны алькаголь і тытунь.

Дзьве маладыя жанчыны сёньня на вакзале паскардзіліся мне, што зьезьдзіць у Кузьніцу і назад каштуе 8 даляраў. А трэба й дарогу апраўдаць, і яшчэ нешта зарабіць. Абедзьве паклалі ў свае кайстры па два блёкі цыгарэтаў.
XS
SM
MD
LG