Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ АДДАДУЦЬ ПОЛАЦКУЮ САФІЮ РАСЕЙСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЕ?


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Калі раней ініцыятывы менскага чынавенства ўспрымаліся на месцах як дырэктывы і не абмяркоўваліся, дык гэтым разам ініцыятыва Камітэту ў справах рэлігіі пры Савеце Міністраў аб перадачы да 1 сакавіка Полацкага Сафійскага сабору Расейскай праваслаўнай царкве не была падтрыманая.

Больш таго, у сваіх лістах на адрас ураду Полацкі гарвыканкам, а сьледам за ім і абласная вэртыкаль у катэгарычнай форме выступілі супраць такой ініцыятывы.

У лістах утрымліваецца сьпіс аб’ектаў, што былі апошнім дзесяцігодзьдзем перададзеныя Расейскай праваслаўнай царкве, названыя канкрэтныя сумы грошаў, выдаткаваных з гарадзкога ды абласнога бюджэту на адбудову культавых будынкаў (заўважым, што толькі пазалетась на адбудову Спаса-Эўфрасіньнеўскага манастыру зь бюджэту было выдаткавана 160 мільёнаў рублёў), названыя таксама аб’екты, якія плянуецца перадаць Полацкай праваслаўнай эпархіі блізкім часам, у прыватнасьці, дзеля патрэбаў царквы перадаецца адзін са школьных будынкаў.

Непакой, які выяўляе мясцовая вэртыкаль, зразумелы. Летась у канцэртнай залі, што месьціцца ў Сафійскім саборы, прайшло два міжнародных музычных фэстывалі, адбылося 400 канцэртаў, Полацак цягам году наведала чвэрць мільёну турыстаў. Зь перадачай сабору праваслаўнай царкве, рэч зразумелая, старажытнае месца пазбудзецца ня толькі важнага культурніцкага асяродку, але й статусу турыстычнага цэнтру.

Заявілі аб сваіх правах на храм і вернікі Полацкай грэка-каталіцкай грамады. У сваім лісьце ва ўрад яны засьведчылі, што Сафійскі сабор, ад пачатку заснаваньня, належаў Кіеўскай мітраполіі і ніколі не належаў мітраполіі Маскоўскай.

Пасьля таго, як на пачатку ХVІІІ стагодзьдзя ён быў разбураны расейскім войскам, аднаўлялі яго грэка-каталікі й надалей, аж да 1839 году, калі ўніятаў далучылі да Расейскай праваслаўнай царквы, ён функцыянаваў як катэдральны грэка-каталіцкі сабор. Пры гэтым скасаваньне уніі, як было сказана ў лісьце, адбывалася гвалтоўна — толькі ў Полацкай эпархіі было рэпрэсавана 152 сьвятары, і ўсё адно: за далучэньне да праваслаўя падпісалася ва ўсёй эпархіі 186 сьвятароў з 680-ці.

З гэтай прычыны грамада лічыць далучэньне грэка-каталікоў да Расейскай праваслаўнай царквы актам гвалтоўным і няпраўным, а таму ўважае сябе законным пераемнікам Грэка-каталіцкай эпархіі, што існавала да 1839 году, і заяўляе ў лісьце, што любое рашэньне па зьмене ўласьніка або формы выкарыстаньня сабору ня можа адбывацца бяз праўных прадстаўнікоў Полацкай грэка-каталіцкай грамады.

Вось што сказаў з гэтай нагоды старшыня грамады Мікола Шарах:

(Шарах: ) “Пытаньне гэтае будзе стаяць на парадку дня да той пары, пакуль ня будзе прынятае ўзгодненае рашэньне аб уласьніку Сафійскага сабору з усімі зацікаўленымі бакамі і, перш ад усяго, з грэка-каталіцкай парафіяй, якая мае на яго гістарычныя і юрыдычныя правы. Гэта ёсьць пытаньнем не міжканфэсійнай спрэчкі, а ўзаемаадносінаў царквы і дзяржавы”.

Да словаў спадара Шараха дадамо, што ў выпадку, калі рашэньне аб перадачы сабора вернікам будзе адбывацца без удзелу ўсіх зацікаўленых бакоў, Полацкая грэка-каталіцкая грамада мерыцца апэляваць да міжнароднай хрысьціянскай супольнасьці.
XS
SM
MD
LG