Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

* Асацыяцыя Cучаснага Мастацтва выдала першы беларускамоўны часопіс па праблемах актуальнага мастацтва пад правакацыйнай назваю “Партызан”. Часопіс распавядае пра андэграўндных мастакоў і літаратараў, якіх ганяць у афіцыёзных выданьнях. Сярод тэмаў першага нумару — пэрформансы Алеся Пушкіна, літаратурна-мастацкі рух Бум-Бам-Літ, эпатажны праект мастака Ігара Цішына “Лёгкі партызанскі рух”. Паводле Артура Клінава, рэдактара часопіса й лідэра Асацыяцыі Сучаснага Мастацтва, сёлета мяркуецца выдаць яшчэ два нумары “Партызану”.

* У Доме дружбы прайшоў пленум Грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі фонд культуры”. Паводле старшыні аб’яднаньня Ўладзімера Гілепа, Фонд культуры мяркуе ініцыяваць стварэньне Беларускага краязнаўчага таварыства з уласным часопісам “Край”, а таксама — грамадзкага камітэту па ахове помнікаў гісторыі й культуры. Апроч таго, Фонд культуры плянуе выдаць першы беларуска-нямецкі моладзевы фэстываль камэрнае музыкі, выданьне ў трох мовах паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”, каляровага альбому “Жывапіс эпохі Барока ў Беларусі” і кнігі нарысаў Ігнацыя Дамейкі “Маё падарожжа”. Дзяржаўныя ўстановы адзначаць 200-гадовы юбілей Дамейкі пакуль не зьбіраюцца.

* Амбасада Ізраілю ў Беларусі супольна з асацыяцыяй “Менскі кінаклюб” наладзілі ў гомельскім кінатэатры імя Калініна фэстываль ізраільскіх фільмаў. У праграме фэстывалю, які пройдзе з 20 па 24 студзеня, — найлепшыя стужкі сучасных ізраільскіх аўтараў. Уваход вольны. У фае кінатэатра імя Калініна дэманструецца выстава ізраільскіх фотамастакоў.

* Рэжысэр Зьміцер Легуш зьняў на творчым аб’яднаньні “Тэлефільм” сваю дэбютную стужку пра Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Фільм “Нацыянальная бібліятэка” цалкам беларускамоўны. Гэта першая прадукцыя аб’яднаньня “Тэлефільм” ледзь не за паўгода. Супрацоўнікі “Тэлефільму” пакуль ня маюць пэўнасьці ў аднаўленьні фінансаваньня іхных праектаў, але спадзяюцца выпусьціць сёлета юбілейныя стужкі пра Янку Купалу і Якуба Коласа, а таксама сучасны рымэйк паводле старога фільму “Паўлінка”.

* У Гомельскім краязнаўчым музэі праходзіць выстава “Мастацтва кнігі”. Тэма экспазыцыі — графічная аздоба друкаў, што выходзілі ў Беларусі й суседніх краінах на працягу XVI–XX стагодзьдзяў. На выставе прадстаўленыя багата ілюстраваныя выданьні рэлігійнага, публіцыстычнага й навуковага зьместу з фондаў самога музэю і з прыватных калекцыяў гамельчукоў.

* У выстаўнай залі Акадэміі мастацтваў адкрылася выстава польскага плякату “Далягляды жанраў”. Экспазыцыя налічвае каля 40 плякатаў, створаных усясьветна вядомымі майстрамі ў апошнюю чвэрць ХХ стагодзьдзя для кіна- й тэатральных прэм’ераў, мастацкіх вэрнісажаў і музычных конкурсаў. Палітычных плякатаў на выставе няма.

* Студыя “Каўчэг” выпусьціла кампакт-дыск з запісамі вакальнага гурту “Берагіня” выкладчыкаў Стаўпцоўскае школы мастацтваў. Альбом “Сон-трава” зьмяшчае 20 музычных твораў на словы беларускіх паэтаў і аўтарскія песьні кіраўнічкі гурту Тамары Барахавай. На прэзэнтацыі дыску ў менскім музэі Якуба Коласа, земляка сьпявачак “Берагіні”, сярод іншых прагучала й песьня Ігара Лучанка на словы Коласа “Мой родны кут”.
XS
SM
MD
LG