Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Прага

* МАДРЫД. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры за 1989 год Каміліё Хасэ Сэла памёр у Мадрыдзе ў веку 85 гадоў. Ягоная кніга «Сям’я Паскуаля Дуартэ» лічыцца самай папулярнай кнігай на гішпанскай мове ад часоў «Дона Кіхота» Сэрвантэса. Кнігі Сэлы поўныя жорсткіх і гратэскных вобразаў, навеяных грамадзянскай вайною ў Гішпаніі, якая забрала больш за мільён жыцьцяў.

* ЛЁНДАН. Выдавецтва «Сіман энд Шустэр» у лютым сёлета перавыдасьць аўтабіяграфію Джорджа Гарысана. Аўтабіяграфічная кніга «Я, мне, маё» была ўпешыню надрукаваная ў 1980 годзе, і неўзабаве ўвесь яе тыраж быў раскуплены. У яе ўвайшлі тэксты песень Гарысана і ягоныя ўспаміны пра абставіны напісаньня гэтых песень. Назва кнігі паходзіць ад аднайменнай Гарысанавай песьні, якая ўвайшла ў альбом «Бітлз» - «Let it Be».

* ГАВАНА. У веку 104 гадоў у кубінскай рыбацкай вёсцы Кохімар памёр рыбак Грэгорыё Фуэнтэс, які натхніў Эрнэста Гэмунгуэя на напісаньне раману «Стары і мора». Фуэнтэс быў капітанам Гэмінгуэевай лодкі «Піляр», калі пісьменьнік жыў на Кубе. Гэмінгуэй моцна прывязаўся да Фуэнтэса, які кіраваў ягонай лодкай і гатаваў ягоныя ўлюбёныя кактэйлі. Лічыцца, што Фуэнтэс паслужыў прататыпам галоўнага героя раману, за які пісьменьнік у 1952 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Стары памёр дома, рыхтуючыся пайсьці ў царкву.

* КЕЙПТАЎН. У Паўдзённаафрыканскай Рэспубліцы афіцыйна зьнятая забарона на кнігу індыйска-брытанскага пісьменьніка Салмана Рушдзі «Сатанінскія вершы». У сьпіс забароненых кніга Рушдзі трапіла яшчэ за часы апартхайду. Прычынай для зьняцьця забароны ў часы цяперашняга лібэральнага заканадаўства стаўся запыт адной з кнігарняў. Як цьвердзяць супрацоўнікі дзяржаўнага цэнзурнага камітэту, у сьпісе забароненых застаюцца яшчэ сотні кніг, якія дагэтуль проста яшчэ ніхто не папрасіў выкрасьліць са сьпісу.

* ТОКІЁ. Такійская кнігарня «Ена», якая паўстагодзьдзя спэцыялізавалася на продажы замежнай літаратуры, на гэтым тыдні была зачыненая. Яе зьнішчыла канкурэнцыя і гандаль кнігамі празь Інтэрнэт. Кнігарня «Ена» была адчыненая ў 1950 годзе і спачатку прадавала нямецкія фотаапараты (адкуль і ўзялася яе назва). Толькі праз два гады яна пачала прадаваць літаратуру на замежных мовах. Яе частым госьцем быў нобэлеўскі ляўрэат пісьменьнік Кэнзабура Оэ. Яе зборы складалі каля 30 тысячаў кніг і 500 часапісаў зь вялікабрытаніі, Злучаных Штатаў, Нямеччыны і Францыі.

* ЛЕЎВАРДЭН (НІДЭРЛЯНДЫ). У Нідэрляндах знойдзены верш Мары Гары – славутай шпіёнкі часоў Першай усясьветнай вайны. Верш у родным горадзе Маты Гары – Лэўвардэне – знайшоў унук яе колішняй сяброўкі, у альбоме яко́й яна пакінула вершаванае прысьвячэньне, напісанае, калі ёй было 12 гадоў. Мата Гары была засуджаная на сьмерць за шпіёнскую дзейнасьць ваеннай радай Парыжу і расстраляная 15 кастрычніка 1917 году. Летась Фонд Маты Гары і гарадзкія ўлады Леўвардэну зьвярнуліся да Францыі з патрабаваньнем яе рэабілітацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG