Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРАЙШОЎ ДРУГІ ФЭСТЫВАЛЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Паводле арганізатараў фэстывалю, мэта яго нязьменная — кансалідацыя сілаў, а таксама дэманстрацыя дасягненьняў недзяржаўных журналісцкіх калектываў за мінулы год. Гаворыць адзін з арганізатараў фэстывалю, віцэ-прэзыдэнт БАЖ Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Фэстываль быў задуманы як спроба падсумаваць нейкія вынікі й яшчэ раз прадэманстраваць, што мы, недзяржаўная прэса, ёсьць. Мы маем дастатковы ўплыў на грамадзкую думку. Сёньня ў нас толькі грамадзка-палітычных выданьняў каля пяцідзесяці, і агульны іхны наклад — каля 350 тысяч асобнікаў. А калі верыць сацыёлягам, якія гавораць, што кожную недзяржаўную газэту чытае 6–7 чытачоў, то можна ацаніць гэты ўплыў на грамадзкую думку”.

Гэта ўжо другі фэстываль прэсы, арганізаваны Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Першы праходзіў у лістападзе 2000 году нягледзячы на вялікія першкоды з боку ўладаў. Цяпер улады правядзеньню фэстывалю не перашкаджалі, але праблемы са свабодай слова ў Беларусі па-ранейшаму стаяць вельмі востра. Гаворыць прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна:

(Літвіна: ) “Гэты год, што мінуў пасьля першага фэстывалю, — ён для нас быў годам вельмі сур’ёзнага выпрабаваньня. Мы перажылі выбарчую прэзыдэнцкую кампанію. Хтосьці са стратамі, хтосьці пераможна выйшаў з той сытуацыі. Мне падаецца, што мы памужнелі, пасталелі. І вось яшчэ раз сустрэцца, паглядзець, якія мы, хто мы — відаць, дзеля гэтага й задуманы фэстываль”.

Мінулы год быў вельмі складаным для недзяржаўнай прэсы. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў незалежныя газэты і журналісты, асабліва ў рэгіёнах, зазналі моцны ціск з боку ўладаў. Канфіскацыі накладаў газэтаў, выдавецкай тэхнікі, затрыманьні журналістаў пры выкананьні імі службовых абавязкаў і г.д.

Хіба найбольш пацярпела ў гэтым супрацьстаяньні гарадзенская рэгіянальная газэта “Пагоня”, якую ўлады закрылі летась увосень. Гаворыць галоўны рэдактар гэтага выданьня Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Калі акрэсьліваць сытуацыю са свабодай слова, то я бы ахарактарызаваў гэта як пачатак канца. Мне падаецца, што на прыкладзе “Пагоні” й перадачы “Голас душы” ўлада выпрабавала тактыку й стратэгію поўнага зьнішчэньня свабоднага слова. Мы бачым, што сытуацыя ў эканоміцы робіцца ўсё горш і горш. Зьнешняя й унутраная палітыка нашага сёньняшняга кіраўніка зайшла ў тупік. Любое свабоднае слова, нават калі яно не зьяўляецца сёньня яўна апазыцыйным — гэта сьмяротны й небясьпечны вораг для сёньняшняга рэжыму”.

Пры гэтым і рэдактар закрытай “Пагоні”, і ягоныя калегі лічаць, што стан свабоды слова ў Беларусі ня ёсьць фатальным, і якім будзе сёньняшні ды заўтрашні дзень незалежнай журналістыкі — гэта залежыць найперш ад саміх журналістаў. Нягледзячы на супрацьстаяньне уладаў і недзяржаўнай прэсы, на сёньняшні фэстываль арганізатары запрасілі міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі й рэдактараў найбуйнейшых дзяржаўных газэтаў.

Ляўрэатамі прэміяў БАЖ і Фэдэрацыі прафсаюзаў сёлета сталі Валеры Шчукін, Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, рэдакцыя газэты “День”, а таксама іншыя журналісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG