Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕСТ ПРАГРАМАЎ РАСЕЙСКАГА КАНАЛУ ТВ-6 БЕЛАРУСКІЯ ГЛЕДАЧЫ БУДУЦЬ ГЛЯДЗЕЦЬ ЗАМЕЖНЫЯ КЛІПЫ


Ігар Карней, Менск

Так званае тэставае вяшчаньне “Першага музычнага каналу” на ТВ-6 ідзе ўжо цягам двух апошніх тыдняў: штодня ад апоўначы і да трох раніцы пад эмблемай музычнага каналу трансьлююць кліпы расейскіх і заходніх выканаўцаў. Ад лютага музыка будзе гучаць на канале прыблізна цягам паўсутак.

Чаму дзеля гэтага абраныя частоты менавіта ТВ-6, а не, прыкладам, “Культуры” ці БТ? Гэтае пытаньне я адрасаваў Барысу Штэрну, дырэктару інфармацыйнага вяшчаньня музычнага каналу:

(Штэрн: ) “Таму што мы здолелі дамовіцца, таму што трэба зарабляць грошы. Насамрэч праект пачаў ажыцьцяўляцца яшчэ ў верасьні. Кампанія “Добровидение”, якая зьяўляецца ўладальнікам трансьляцыяў ТВ-6, лічыць грошы. Дзённы эфір ТВ-6 не акупляецца, начны таксама. Складаная сытуацыя з продажам рэклямы на ТВ-6.

А высокі рэйтынг каналу ТВ-6 у Беларусі — гэта паўжурналісцкі міт. Па вялікім рахунку, канал ня можа канкураваць з ОРТ, РТР ды нават БТ, бо ідзе толькі ў Менску і толькі праз кабэльныя сеткі. Сапраўды, ТВ-6 — канал нацыянальнага ўзроўню ў Расеі. А ў Беларусі ён вяшчае пераважна ў Менску.

Ёсьць розныя пэрспэктывы, але сёньня мы хочам разглядаць менавіта такі вырыянт: музычны канал будзе працаваць ад 7 раніцы да 17.30, потым — праймавы эфір ТВ-6, які зьбірае рэкляму, і ад 23-й да 4-й начы — зноў “Музычны канал”.

Сапраўды, з прычыны асаблівасьцяў тэхнічнага вяшчаньня на Беларусь ТВ-6 колькасьцю аўдыторыі саступае іншым расейскім каналам. Але разам, як ніякі іншы расейскі канал, ТВ-6 яскрава акрэсьліў свае дачыненьні зь беларускай уладай. Дастаткова паглядзець навіны ды ўзгадаць сатырычна-палітычныя праграмы кшталту “Итого” Віктара Шэндэровіча альбо “Тушите свет”, каб зрабіць выснову: сярод тых, з кім Лукашэнка пасьля выбараў абяцаў разабрацца, ТВ-6 займае зусім не апошні радок.

Зрэшты, жарсьці вакол ТВ-6 у Беларусі сталі поўнай нечаканасьцю для Масквы. Вось фрагмэнт маёй тэлефоннай гутаркі з намесьніцай дырэктара па рэгіянальнай сувязі ТВ-6 Аленай Маеўскай:

(Маеўская: ) “У нас такой інфармацыі няма. Ёсьць дамоўленасьць, што беларускае прадстаўніцтва можа працаваць з кампаніяй ТВ-6. Чаму яны вырашылі працаваць з музычным каналам — я ня ведаю. Зь якога моманту, што гэта за канал, якім чынам яны будуць працаваць, адкуль наогул гэтая інфармацыя зьявілася? Бо напярэдадні вашага тэлефанаваньня яны мяне запэўнівалі, што сьпяць і мараць працягваць працаваць з ТВ-6”.

Нечаканы паварот падзеяў камэнтуе яшчэ адна зацікаўленая асоба, карэспандэнтка ТВ-6 па Беларусі Марыя Маліноўская:

(Маліноўская: ) “Як мне паведамілі, афіцыйная прычына — музычны канал быццам больш выгадна і карысна трансьляваць у Беларусі, чым ТВ-6. Маўляў, яго глядзіць больш народу. Я б зразумела, калі б па гэтым канале зьбіраліся трансьляваць беларускую музыку. Мне, прыкладам, падабаецца гурт “Крыві”, але я ня бачу яго ў эфіры. Затое мне распавялі, што там будзе выключна заходняя ды расейская музыка. Ну, у такім выпадку мне, як чалавеку, проста шкада беларускі народ, які аддаў перавагу не ТВ-6, а замежным кліпам”.

Што да зьместу навасьпечанага “Першага музычнага каналу”, то наўрад ці ён будзе мець прынцыповае адрозьненьне ад таго, што зараз робяць шматлікія расейскамоўныя менскія FM-радыёстанцыі — той жа звыклы набор з расейскай папсы і салодкіх галасоў Энрыка Іглесіяса ды Рыкі Марціна. Паводле кіраўніцтва музычнага каналу, доля беларускіх выканаўцаў у эфіры ня будзе перавышаць і 10% — маўляў, няма попыту. Хто гэты попыт вывучаў — не ўдакладняюць.
XS
SM
MD
LG