Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖПАРЛЯМЭНЦКІ САЮЗ АБМЕРКАВАЎ СПРАВЫ ГАНЧАРА, КЛІМАВА, ШЧУКІНА.


Мікола Іваноў, Прага

Прыгадаю, што Міжпарлямэнцкі Саюз ёсьць адной з найбольш аўтарытэтных і паважаных міжнародных арганізацыяў. Саюз быў створаны яшчэ напрыканцы 19 стагодзьдзя, а сёньня ў ягоны склад уваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў 145 краінаў. Гэта адзін з найважнейшых інструмэнтаў міжнароднага супрацоўніцтва паміж палямэнтамі.

Пра вынікі працы камісіі абароны правоў парлямэнтарыяў згадзіўся распавесьці па тэлефоне з Жэнэвы Генэральны сакратар Міжпарлямэнцкага Саюзу Андэрс Джонсан:

(Джонсан: ) “На гэтым тыдні прайшло паседжаньне камісыі нашага Саюзу, якая займаецца правамі чалавека парлямэнтарыяў. Апрача іншага разглядаліся пытаньні трох былых сяброў беларускага парлямэнту: спадара Клімава, спадара Ганчара і спадара Шчукіна. У справе Ганчара камісія выказала сваю глыбокую заклапочанасьць, што нягледзячы на такі даўгі час, які мінуў зь ягонага зьнікненьня, усё яшчэ няма прагрэсу ў расьсьледваньні. І таму камісія вырашыла зьвярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем праводзіць расьсьледваньне больш сур’езна. У справе Клімава камісія выказала заклапочаньне ў сувязі з працягам ягонага зьняволеньня. Камісія патрабуе ад беларускіх уладаў вызваліць яго. У справе Шчукіна камісія выказала задавальненьне, што ён вызвалены і можа аднавіць сваю палітычную дзейнасць”.

(Карэспандэнт: ) “А як канкрэтна будуць выглядаць вынікі працы камісіі? Ці гэта будзе мэмарандум адрасаваны да беларускіх уладаў? Ці нейкі ліст? Што канкрэтна?”

(Джонсан: ) “Мы неадкладна высылаем беларускім уладам вынікі працы камісіі. Дакумэнты будуць накіраваныя ўжо на наступным тыдні. Мы ставім перад беларускімі ўладамі вельмі сур’езныя пытаньні, датычныя ўсіх трох справаў”.

(Карэспандэнт: ) “А як праходзіла само паседжаньне камісіі? Якія заўвагі, пажаданьні і крытычныя заўвагі выказвалі сябры камісыі?”

(Джосан: ) “Усе сябры камісіі вельмі прафэсійныя людзі. Яны разглядалі тры справы паасобных людзей і ў кожнай выказалі сваю думку. Сябры камісіі – самі парлямэнтарыі. І яны выказваюць заклапочанасьць лёсам парлямэнтарыяў у іншых краінах. Яны мелі вельмі шчырую дыскусію з прадстаўніком Беларусі. І на падставе гэтай дыскусіі былі сфармуляваныя колькі вельмі сур’езных пытаньняў, якія мы цяпер накіруем беларускім уладам”.

(Карэспандэнт: ) “Чаго асабіста Вы, спадар Джонсан, чакаеце ў гэтай справе? Якая можа быць магчымая рэакцыя беларускіх уладаў?”

(Джонсан: ) “Ведаеце, вельмі цяжка тут рабіць прагнозы, бо мы не адзіныя акторы на гэтай сцэне. Тут удзельнічаюць шмат праваабарончых арагнізацыяў, ААН, урады зь іх двухбаковымі сувязямі. Шмат арганізацыяў імкнуцца дапамагчы беларускім парлямэнтарыям, правы чалавека якіх былі парушаныя. Я лічу, што ў нашым выпадку элемэнт посьпеху досыць значны, калі мы паспрабуем прааналізаваць нашыя дзеяньні ў сотнях справах на працягу апошніх 25 гадоў. Мы дамагліся вызваленьня шмат каго з турмаў. Калі былі забойствы, злачынцаў знаходзілі і прыцягвалі да адказнасьці. Іх сем’і атрымлівалі кампэнсацыю. Такім чынам, я думаю, што хаця працэс ажыцьцяўленьня справядлівасьці павольны, але раней ці пазней бальшыня справаў вырашаецца”.

Гэта была размова з Андэрсам Джонсанам, Генэральным сакратаром Міжпарлямэнцкага Саюзу, камісія якога ў справах абароны правоў парлямэнтарыяў разгледзела на гэтым тыдні справы сяброў беларускага парлямэнту: Віктара Ганчара, Андрэя Клімава і Валерыя Шчукіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG