Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІХВЯРСТВА І ХРЫСЬЦІЯНСТВА: МАГІЛЁЎ, XVII СТАГОДЗЬДЗЕ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: гісторык Ян Шубанскі

(Ракіцкі: ) “Пазыка і крэдыт — праблема гэтая і сёньня зьяўляецца адной з надзвычай важных у нашым грамадзтве. Каму, як, на якіх умовах можна пазычаць альбо даваць крэдыты? Як засьцерагчы сябе ад падману, ад страты ўласнасьці?

Гэтыя пытаньні турбавалі нашых продкаў ня менш за нас. Паспрабуем даведацца аб магілёўскіх рэаліях XVI–XVII стагодзьдзя, якія панавалі ў гэтай сфэры.

Як вядома, вельмі важныя самі ўмовы, на якіх пазычаеш. Як суадносяцца сёньняшнія ўмовы з тагачаснымі?”

(Шубанскі: ) “У XVI стагодзьдзі ў Магілёве існавалі разнастайныя формы пазыкі. Давалі грошы ў “заклад”, у “заставу”. Гэта значыць, што гарантыяй вяртаньня пазыкі выступала ваша нерухомасьць — зямля, дом, крама. Грошы пазычалі й без працэнтаў, а таксама ў “ліхву”, пад працэнты.

І што надзвычай важна, менавіта ў XVI стагодзьдзі ў горадзе, як і ў астатняй Беларусі, распаўсюджваецца нечуваная да гэтага часу зьява — хрысьціянскае ліхвярства”.

(Ракіцкі: ) “Хрысьціянскае ліхвярства — сапраўды нечуваная зьява. Што ж гэта такое?”

(Шубанскі: ) “Згодна з царкоўнай дактрынай, Госпад даў шэраг дабротаў усім людзям у вечнае карыстаньне задарма. Той, хто нажываецца на вечных і нязьменных для ўсіх людзей каштоўнасьцях, зьяўляецца найбольш подлым і агідным грэшнікам, бо ён імкнецца атрымаць прыбытак з таго, што дадзена ўсім людзям Богам бясплатна. Такім злачынцам, якому няма надзеі на збавеньне, зьяўляецца найперш ліхвяр — бо ён нажываецца на часе, які дадзены ўсім людзям як Божы дар.

Ліхвяр ня ведае літасьці ні да каго зь людзей, нават да сваіх блізкіх, ён самы небясьпечны з усіх “драпежцаў”. Ён ня мае ніякіх шанцаў на выратаваньне, на ласку Бога, бо служыць Мамоне. Д’яблава вынаходніцтва — грошы — для яго самадастатковая і самакаштоўная вартасьць. Менавіта таму ў сярэднявеччы ліхвярства было цалкам аддадзенае на водкуп гэбраям, бо хрысьціяне лічылі гэты занятак самым брудным і грахоўным.

У “Діоптре”, выдадзенай у 1617 годзе, зьмешчаная надзвычай выразная, характэрная для традыцыйнай праваслаўнай этыкі характарыстыка ліхвяра:

“Лихоимец сей же ест идолослужитель не имет достояния в Царствии Христа Бога. Никто же есть мучительнейшее в мире якоже лихоимец. Лихоимец любви не имат, матери али братий не познавает, и своих равно с внешними вменяет: Ничтоже ест злее, паче лихоимца. Иные аще и повреждают себе, обаче прочих некако пользуют, лихоимец всех обще вредит, егда бо скрывает благая земленная наводит плодолетнюю скудость. Никтоже нищетою съгневаем ест, якоже лихоимец, той сам ест вина своему окаянству. Лихоимец недостоин ест съпребывания аггел небесных и человек земных, сего ради сподабается погребения Июды предателя, иже желания сребра, продал Исуса Христа Спаса нашего. Лихоимец прежде приобретения, приобретению предается; преже ловатвы, оуловлен бывает. Горит зде огнем желания; и посему горети имат огнем геенским”.

(Ракіцкі: ) “А наколькі кардынальна зьмяняецца ў гэты час стаўленьне да ліхвярства ў Магілёве?”

(Шубанскі: ) “Падкрэсьлім, што традыцыйнае стаўленьне да ліхвярства і каталіцкага касьцёла, і праваслаўнай царквы ў гэты час заставалася нязьменным — такі занятак трактаваўся як несумяшчальны з хрысьціянскімі этычнымі нормамі.

Але факт застаецца фактам — менавіта ў той час прага атрыманьня максымальнага прыбытку ад “ліхвы” стала куды больш прыцягальнай ды прывабнай для заможнай часткі “паствы”, чым страх перад адказнасьцю за падобныя ўчынкі на тым сьвеце.

Умовы крэдыту былі надзвычай разнастайныя. Большасьць дакумэнтаў сьведчыць пра тое, што грошы браліся ў крэдыт не пад працэнты, але такія ўмовы крэдыту распаўсюджваліся не на вялікія сумы, яны выдаваліся на непрацяглы час. Але нават у такіх выпадках абавязкова абумоўлівалася, што калі грошы не вярталіся ў дамоўлены тэрмін, крэдытор меў права забраць тавар у вінаватага на гэтую суму за 50% яго кошту.

Не былі рэдкімі й выпадкі, калі грошы давалі пад працэнты. Мінімальны працэнт крэдытаў раўняўся шасьці. Але як правіла, у большасьці выпадкаў ён складаў 10–20%. Асабліва высокі працэнт выплачваўся пры кароткатэрміновых крэдытах.

Але што найбольш для нас цікава! Сярод ліхвяроў мы сустракаем ня толькі гэбраяў і мяшчанаў-хрысьціянаў, але нават праваслаўных сьвятароў!

“Магілёвец Юрка Афанасавіч абавязаўся плаціць папу Пашкоўскаму за ўзятыя ў таго 6 коп грошаў літоўскіх па 6 грошаў у тыдзень” — працэнт у дадзеным выпадку велізарны, памеры яго дасягалі кошту пазыкі.

Яшчэ большы працэнт, які значна перавышаў памеры пазыкі, атрымаў поп Вазьнясенскай царквы з магілёўскіх гандляроў мясам Івана і Тараса Крывошына. Яны ўзялі ў яго крэдыт 26 коп грошаў літоўскіх, за што абавязаліся штотыднёва ўносіць па 5 пенязяў як працэнт. Але на працягу сямі гадоў яны не выконвалі свае абавязацельствы, то сьвятар-крэдытор запатрабаваў праз суд выплаты ўсёй сумы ў памеры 116 коп і 24 грошаў літоўскіх.

Прыклады паказальныя і кажуць самі за сябе. Ня толькі міране, але і сьвятары ў гэты час ня грэбавалі даваць грошы ў “ліхву”. Як бачым, рэальныя паводзіны ў штодзённым жыцьці і царкоўныя максымы па гэтым пытаньні выразна канфліктавалі паміж сабой. У сьмяротны грэх упадалі й міране, і сьвятарства”.

(Ракіцкі: ) “Якім чынам афармляліся пазыкі?”

(Шубанскі: ) “Звыклай практыкай было пісьмовае, так бы мовіць натарыяльна заверанае, афармленьне пазыкі ў магілёўскім магістраце. Гэта давала гарантыі крэдытору, што ў выпадку нежаданьня вяртаць пазычаныя грошы будзе мажлівасьць спаганаць іх праз суд.

Як правіла, пазыкі, нават самыя маленькія, нават паміж суседзямі, афармляліся пісьмова ў магілёўскім магістраце. Гэтым тагачасныя месьцічы выразна адрозьніваліся ад сучасных беларусаў. Калі першыя былі сапраўднымі гараджанамі, жылі ва ўмовах рынкавай эканомікі, дзе важнейшымі вартасьцямі сталі грошы і прававыя нормы, якія гарантавалі захаваньне іх уласнасьці, то другія да сёньня спавядаюць каштоўнасьці, уласьцівыя аграрнаму традыцыяналістычнаму сьветапогляду, дзе месца пісанага права займае не фіксаваны пісьмова звычай”.

(Ракіцкі: ) “А ці былі выключэньні з гэтага правіла?”

(Шубанскі: ) “Амаль усе выключэньні з гэтага правіла зьвязаныя з стасункамі паміж бацькамі й дзецьмі. У актавых кнігах магістрату захаваліся надзвычай цікавыя справы — скаргі бацькоў на сваіх няўдзячных дзяцей, якія, атрымаўшы ў спадчыну бацькоўскую ўласнасьць і грошы яшчэ пры іх жыцьці, адмаўляліся матэрыяльна падтрымліваць апошніх.

Так, напрыклад, у 1588 г. магілёўскі мешчанін Грышка Савініч скардзіўся ў магістрат на свайго меншага сына Сеньку, які адмаўляўся карміць сваіх старых бацькоў. “Удзячнае дзіцятка” перад гэтым вельмі няблага нажылося на бацькоўскай уласнасьці. Мала таго, што ён атрымаў значна больш за старэйшага брата спадчыны, бо бацькі засталіся жыць зь ім, дык ён яшчэ і прадаў асабістыя рэчы бацькі, забраў у яго ўсе наяўныя грошы і прадаваў хатнюю жывёлу, якая таксама належала старым:

“Сын мой меньший Сенько мне ести мало дает. Коня моего власного взял и продал за 3 копы 16 грошей литовских. Грошей готовых узял у мене коп полторы а в жоны моей а матки своей при плоду корову продал а узял копу грошей и гроши два”.

Сын адкідаў абвінавачаньні бацькі й заявіў:

“Я дей яко его кормил тоды и тепер дей яко учтивый сын буду кормити як и матку свою”.

(Ракіцкі: ) “Але ж такая заява магла стацца пустым гукам…”

(Шубанскі: ) “А таму магілёўскі магістрат абавязаў ня толькі малодшага, але і старэйшага сына даглядаць нямоглых бацькоў.

Ня менш паказальны прыклад адбыўся ў 1673 г. з магілёўскай мяшчанкаю, на той момант удавой, Марынай Васілёвай. Сын яе Рыгор ня надта пасьпяхова займаўся гандлёвым бізнэсам, і маці двойчы аддавала яму свае асабістыя грошы, улезла ў пазыкі, а ў адказ атрымала самую чорную няўдзячнасьць:

“Я убога удава Марына Васілёва, з уроджанай міласці сваёй, яка матка сына свайго… Дала я онаму з убоства свайго на гандаль коп 100 добрай манетай, усё (ён) прагандляваў, а затым знову, яко Матка сынові свайму о чэрава (маё) біўшаму, сама з сябе збыўшы астатнія лахманы і запазычыўшыся ў іншых людзі дала сынаві свайму на гандаль коп 70 добрай манетай. Колькі год (сын) зарабляючы сабе і пажыткуючы, а мне, матцы сваёй, аддаці не хоча. А калі быў ён, сын мой, пра тое запазваны, то… лжыў, сарамаціў мяне словамі непрыстойнымі. Не раз, не два, збіў, змардаваў, я яко матка, усё то на сабе панесла”.

(Шубанскі: ) “Для таго, каб пазьбегнуць падобнай непрыемнай сытуацыі найбольш абачлівыя бацькі, не даючы веры добрым пачуцьцям да іх з боку дзяцей, афармлялі зь імі кантракты, у якіх агаворваліся абавязкі спадчыньнікаў па іх утрыманьні да самой сьмерці. Падобныя артыкулы зьмяшчаліся і ў тэстамэнтах. У сьнежні 1615 году магілёўскі сьвятар і вікары Спаскай царквы Азар Раманавіч у сваім тэстамэнце загадваў:

“Иж сын его Алексей мает жону его а матку свою, во всяком пошонованю ховать, жывить и кормить, теплом и всякими потребами опатровать и одевать и по животе ее тело учтиво поховати, до того с тое маетности его”.

(Ракіцкі: ) “А ці заўсёды належным чынам аформлены тэстамэнт засьцерагаў нябожчыка ад невыкананьня ягонай апошняй волі?”

(Шубанскі: ) “Натуральна, што не заўсёды. Асабліва гэта тычыцца ахвяраванага бацькамі на царкву. Судовыя справы магістрату канца XVI–XVII ст. сьведчаць аб пэўным саслабленьні рэлігійнасьці ў гэты час, прынамсі, прага да нажывы і жаданьне мець матэрыяльнае багацьце пры жыцьці, у пэўных прадстаўнікоў магілёўскага паспольства пераважала перад страхам Боскага пакараньня на тым сьвеце.

Пра гэта красамоўна сьведчаць шматгадовыя(!) судовыя працэсы магілёўскага праваслаўнага духавенства супраць нашчадкаў-спадчыньнікаў, якія імкнуліся не выконваць апошнюю волю сваіх бацькоў і аддаць адпісаную імі на царкву ўласнасьць і грошы.

28 студзеня 1662 году законьнікі й законьніцы праваслаўнага Багаяўленскага брацкага манастыра скардзіліся на магілёўскага месьціча Ляона Савеліча, які адмаўляўся аддаць ім ахвяраваныя яго памерлай маці 150 коп грошаў літоўскіх. Ён аспрэчваў усе закіды манахаў, ігнараваў запіс на манастыры ў тэстамэнце, лічыў, што абсалютна слушна паводзіць, аддаўшы толькі грошы за памінкі. Ахвяраваная маці манахам сума — гэта, маўляў, кампэнсацыя яму за выдаткі па яе ўтрыманьні.

Падобныя прыклады можна было б доўжыць. Аналягічныя выпадкі невыкананьня апошняй волі бацькоў фіксуюцца ў 1668 годзе, калі Сямён Гуска адмаўляўся аддаць “талеров осемь”, ахвяраваныя яго маці свайму духаўніку, а ў 1673 годзе з аналягічнай скаргай на “славетнага” Міхала Паўлавіча Тычыну ў магістрат зьвярнуўся іераманах Магілёўскага Багаяўленскага Брацтва Себасьцян Камар. У апошнім выпадку ахвяраваная сума вымяралася сотнямі копаў грошаў літоўскіх.

На той момант Міхал Тычына (дарэчы, прадстаўнік магілёўскага патрыцыяту) болей году адмаўляў прэтэнзіі законьнікаў. Ён выкраў тэстамэнт і адмаўляўся плаціць. Ягоная нечаканая сьмерць прымусіла ў другі раз зьвярнуцца з маёмаснымі прэтэнзіямі прадстаўніка манастыра ў магістрат”.

(Ракіцкі: ) “А Вам не здаецца, што ў нечым сёньня мы маем падобную сытуацыю?”

(Шуманскі: ) “І так, і не. Узровень прававой сьвядомасьці, прававой культуры тагачасных магілёўцаў не ідзе ў ніякае параўнаньне з прававой культурай (а па праўдзе зь бескультур’ем) сучаснага “беларускага паспольства”. Свае прэтэнзіі, у тым ліку і фінансавыя, продкі імкнуліся разьвязаць у магістраце, прычым, дэманстравалі даволі высокі ўзровень веданьня тагачасных законаў.

Іншая справа, што сёньня, як і тады, паўстае праблема, што больш эфэктыўна гарантуе захаваньне вашых грошай і ўласнасьці — прававая норма, натарыяльнае афармленьне ўсіх маёмасных прэтэнзіяў, ці пагадненьне на словах з прыяцелем ды родзічамі?

Крыніцы сьведчаць, што пераважная большасьць тагачасных магілёўцаў была нашмат прагматычнейшая за нашых сучасьнікаў і больш давала веры афіцыйна зацьверджанаму дакумэнту, чым “чэснаму слову”. Адступленьне ад гэтых правілаў часта заканчвалася блага — дарэчы, як і сёньня”.
XS
SM
MD
LG