Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА АБАРОНЦАМІ КУРАПАТАЎ УНАЧЫ НАЗІРАЮЦЬ НЕВЯДОМЫЯ АСОБЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня будаўнікі ўвесь дзень клалі бэтонныя пліты для падземнага пераходу. Плянуюць, што вышыня пераходу будзе два з паловай мэтра. Будаўніцтва вядзецца шпарка.

Тым часам вахта памяці ў Курапатах працягваецца. Раніцай у намёце было шэсьць валанцёраў. Распавядае актывіст Ільля:

(Ільля: ) “Частку ночы я быў на варце, рэшту спрабаваў заснуць. Час ад часу праяжджалі машыны. Была адна вельмі цікавая машына, яна ехала вельмі марудна. Пасьля хлопец адзін паглядзеў, што гэта быў стары “рафік”, нейкі шэры, зь цёмным шклом. Калі я пад вечар вяртаўся, там, дзе пачынаецца будоўля дарогі, стаяў таксама новы “рафік” зь цёмным шклом. Усе нас “пасуць”, усе хочуць ведаць, што мы робім”.

Ільлю 18 гадоў, ён вучыцца ва ўнівэрсытэце на факультэце радыёэлектронікі. На ягонай куртцы — шэўрон з Пагоняй, калісьці да рэфэрэндуму 1995 году гэткія шэўроны былі на міліцэйскай форме. Ільля прыходзіць у Курапаты амаль з самага пачатку варты, звычайна застаецца ў лягеры на ноч. Цяпер знайшоў час для дзяжурства паміж іспытамі.

Валанцёры кажуць, што цікавасьць да Курапатаў у людзей пакуль ня меншае. Працягвае Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Прыяжджалі жанчыны з Бабруйску, якія ўсю інфармацыю бралі выключна з Радыё Свабода. Таксама прыходзяць людзі зь Менску, яны таксама атрымліваюць інфармацыю, дзякуючы менавіта Радыё Свабода. Выступаў тут бард Ян з-пад Смаленску, ягонае прозьвішча — Віктар Бачыхін”.

Сяржук Высоцкі распавёў пра надзвычайны інцыдэнт, якія адбыўся надоечы з часткай абаронцаў Курапатаў, калі яны былі ў горадзе.

(Высоцкі: ) “РНЕ, скінгэды (эўрапейскія фашысты) і адкольнікі з БПС, як гэта мне ні сумна, — усе фактычна злучаныя ідэяй нянавісьці да нас, да курапацкіх змагароў. Напалі на восем чалавек, якія маюць дачыненьне да нашай арганізацыі, быў адзін прадстаўнік арганізацыі “Зубр” Яўген Афнагель і прадстаўніца Маладога Фронту. Зьбівалі вельмі страшэнна. Нашы, натуральна, далі адпор, наколькі маглі. Прысутнічалі пры гэтым, як ні дзіўна, нават відэакамэры, фатографы нейкія, якія ўсё гэта дакумэнтавалі. Калі пачалася бойка, яны крыкнулі “Мы сейчас устроим вам Курапаты!”

У выніку гэтай бойкі два валанцёры трапілі ў шпіталь. Паводле Сяржука Высоцкага, гэты інцыдэнт сьведчыць пра спробы адпаведных спэцслужбаў запужаць і дыскрэдытаваць валанцёраў.
XS
SM
MD
LG