Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ–ЭЎРОПА: ХАЛОДНЫ МІР?


Віталь Цыганкоў, Менск

Што азначае пікіроўка паміж беларускімі ды эўрапейскімі дыпляматамі наконт паўнамоцтваў місіі АБСЭ ў Менску? Якімі будуць дачыненьні Беларусі ды Эўропы на фоне пашырэньня Эўразьвязу?

Удзельнікі: аглядальнік Свабоды Ўладзімер Глод і дырэктар Цэнтру пытаньняў эўрапейскай інтэграцыі пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Юры Шаўцоў.

(Цыганкоў: ) “Апошнімі днямі нарастае абмен дробнымі ўколамі паміж беларускімі і эўрапейскімі дыпляматамі наконт паўнамоцтваў місіі АБСЭ ў Беларусі й наконт новага кіраўніка місіі, які мусіць замяніць Ганса-Георга Віка.

Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў, напрыклад, заявіў, што АБСЭ мусіць больш цікавіцца эканамічнымі пытаньнямі, бясьпекай і супрацоўніцтвам, “а не канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на гуманітарных пытаньнях правоў чалавека”.

Урэшце, уся гэтая валтузьня вакол місіі дазваляе нам паставіць пытаньне ў больш шырокім аспэкце — якімі будуць стасункі паміж Беларусьсю і Эўропай у новым годзе. Той жа Хвастоў заяўляе, што пасьля выбараў удалося аднавіць давер Эўропы. А міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў сьцьвярджае, што беларускія ўлады ў новым годзе сутыкнуцца з больш жорсткай пазыцыяй Эўропы.

Хто мае рацыю? Пра што сьведчаць апошнія пікіроўкі наконт місіі АБСЭ паміж беларускімі ды эўрапейскімі дыпляматамі?”

(Глод: ) “Вядома, што эўраструктуры вылучылі новую стратэгію адносна Беларусі. Праўда, я яе яшчэ цалкам ня бачыў і толкам ня ведаю, у чым яе сутнасьць, але адметна, што Эўропа пасьля прэзыдэнцкіх выбараў паспрабавала паводзіць сабе больш мякка да рэжыму Лукашэнкі.

У чацьвер увечары, на мой погляд, вельмі слушную думку выказаў Вінцук Вячорка. Ён сказаў: як толькі Лукашэнка пабачыў, што Эўропа становіцца мякчэйшай у сваіх паводзінах, ён адразу павёў сабе так, як ён разумее мяккасьць. А мяккасьць у разуменьні Лукашэнкі — гэта праяўленьне слабасьці. І ўсе гэтыя рэчы, што зараз ідуць ад Хвастова і МЗС — гэта якраз, на думку Вячоркі, рэакцыя на новыя падыходы Эўропы да Беларусі. І мне здаецца, Вячорка тут мае рацыю — у гэтым сутнасьць праблемы”.

(Цыганкоў: ) “Як гэта ні парадаксальна, але ў пэўным сэнсе словы Вячоркі ўскосна падтрымлівае і спадар Вік. У сваім інтэрвію ўжо пасьля завяршэньня працы на пасадзе кіраўніка КНГ АБСЭ ён заяўляе, што беларускі пэрыяд быў бадай самы складаны ў ягонай багатай і разнастайнай кар’еры. На думку Віка, кансультацыі ў пытаньнях разьвіцьця дэмакратыі, правядзеньня вольных выбараў — гэта тое, што не сустракала і не сустрэне паразуменьня беларускага лідэра. Дык як могуць разьвівацца дачыненьні Лукашэнкі з Эўропай на гэтым фоне, калі ніхто ня хоча ісьці на саступкі?”

(Шаўцоў: ) “Я думаю, што пытаньня пра саступкі ніхто асабліва й ня ставіць. Пытаньне ёсьць пра нейкае паразуменьне. Мне здаецца, што цяперашняя сытуацыя паміж Беларусьсю і Захадам закансэрвуецца на працяглы час. Бо гэтая сытуацыя — ня столькі вынік беларускай палітыкі, колькі нейкіх вялікіх працэсаў, дзе мы вельмі дробная фігура.

Эўропа зараз мае вельмі вялікі непасрэдны ўплыў у Беларусі. Да прыезду Віка такога ўплыву не было. Сёньня Эўропа ёсьць вельмі чынным і магутным фактарам беларускай зьнешняй і нават унутранай палітыкі. Я ня думаю, што з-за тых пікіровак, якія мы чуем апошнімі днямі, выйдзе нейкі крызыс альбо буйная праблема. Хутчэй за ўсё, мы маем закансэрваваную (і надоўга) сытуацыю”.

(Цыганкоў: ) “Мне здаецца, што гэта тая самая гульня нэрваў, якая адбывалася напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, калі беларускія ўлады запрасілі назіральнікаў АБСЭ літаральна за некалькі дзён да выбараў. Запрасілі з парушэньнем усіх неабходных тэрмінаў, але ўсё ж запрасілі. Аднак якую мэту ставіць перад сабой беларуская ўлада гэтай гульнёй нэрваў? Ці сапраўды зьмяніць умовы місіі АБСЭ? Ці проста “патузаць” эўрапейцаў?”

(Шаўцоў: ) “Насамрэч гэтае пытаньне ня самае галоўнае. Бо місія толькі выконвае нейкі мандат. Таму сёньняшняе стаўленьне Беларусі да місіі — гэта частка беларускай палітыкі да ўсёй Эўропы. А тут, мне здаецца, усё больш-менш нармалёва.

Бо з таго часу, як Беларусь перасталі ўспрымаць як краіну, якая вось-вось “захопіць” Расею, з гэтага часу зьнікла інфармацыйная вайна. Мы маем толькі зрэдку нейкія лякальныя баі, ня вельмі магутныя. Зьнікла нейкая напружанасьць, якая раней была. Проста няма сяброўства”.

(Цыганкоў: ) “Можна сказаць, што паміж афіцыйнай Беларусьсю і Эўропай зараз існуюць стасункі па формуле “ні міра, ні вайны”. Узьнікла нейкая паўза, бакі ў чаканьні фармаваньня нейкай новай стратэгіі ў дачыненьнях. І вось на фоне гэтай паўзы адбываюцца такія дробныя, хаця й гарачыя, баі вакол місіі АБСЭ. Навошта гэта беларускаму боку? Ці гэта проста інэрцыя?”

(Глод: ) “Невыпадкова зараз беларускі афіцыйны бок вядзе размову пра зьмену статусу і функцыяў місіі. Заўважце, раней, калі быў Вік, усё ўпіралася ў асобу Віка — гэта былы выведнік, “шпіён”. Зараз, калі прыйдзе іншы дыплямат, які ня мае ніякай выведчай кар’еры, напіраць на асобу новага кіраўніка ня мае сэнсу.

Таму зараз размова перайшла на ўмовы існаваньня КНГ. Але наўрад ці беларускі ўрад дачакаецца пэўныхсаступак. Проста сапраўды ідзе гульня. Ідзе выпрабаваньне міжнароднай супольнасьці.

І яшчэ адзін цікавы факт. Днямі старшыня міжнароднай камісіі “палаты прадстаўнікоў” праводзіў прэсавую канфэрэнцыю. І калі яго спыталі, калі ж наладзяцца стасункі паміж Эўропай і Беларусьсю, ён сказаў, што “мабыць, праз год–два”. На што можна заўважыць, што праз два гады якраз ужо і новыя выбары ў “палату” адбудуцца”.

(Шаўцоў: ) “Дачыненьні на палітычным узроўні паміж дыпляматамі — гэта праблема на працяглы час. Бо Беларусь з розных прычынаў ня можа зьмяніць сёньняшнюю ідэалёгію, якую яна сем гадоў вызнае. І гэта стопрацэнтовая гарантыя пэўных непаразуменьняў паміж Беларусьсю і Эўропай.

Але ёсьць і пласт дачыненьняў, які ня тычыцца ідэалёгіі. Гэта абарончыя, транзытныя, фінансавыя праблемы. Тут паўстае новая канфігурацыя стасункаў з Эўропай. З таго боку мы бачым шмат падставаў, каб разьлічваць на добрыя стасункі. На працягу наступных двух гадоў Польшча ды іншыя краіны нашага рэгіёну становяцца сябрамі Эўразьвязу, і ўзьнікае шмат чыста фінансавых праблемаў для Эўропы.

І ў гэтай сытуацыі тое, на што раней заплюшчвалі вочы (напрыклад, піцерскія парты, што пабудавалі ў Расеі, якія канкурэнтныя нашым артэрыям), робяцца праблемамі нашага рэгіёну і Эўразьвязу. На сёньняшні дзень і Літва, Латвія, і Польшча ўжо ня так палітызавана ставяцца да нейкіх буйных праектаў, зьвязаных з тэрыторыяй Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Сапраўды, Аляксандар Лукашэнка, напэўна, лічыць (і пра гэта неаднаразова гаварыў), што вось бяз нас Эўропа не абыдзецца, што вось мы такія патрэбныя, бо праз нас праходзяць усе транзыты. Дагэтуль Эўропа нават пры самых горшых стасунках падчас крызысу вакол “Драздоў” ніякіх сур’ёзных эканамічных санкцыяў супраць Беларусі ня ўводзіла.

Дзе тая мяжа ў паводзінах беларускай улады, пасьля якой Эўропа гатовая будзе больш актыўна супрацоўнічаць зь Беларусьсю? Што можа адбыцца, каб гэта была не кансэрвацыя, пра якую мы гаворым, а ажыўленьне супрацоўніцтва?”

(Глод: ) “Праз паўтара–два гады мы будзем мець мяжу не Беларусь–Польшча, а Беларусь–Эўразьвяз. І гэта будзе мяняць сытуацыю, бо краіны Эўропы вымушаныя будуць мяняць сваё стаўленьне да Беларусі. Ці яны будуць больш заплюшчваць вочы? Ці будуць больш жорстка ставіцца да беларускіх уладаў? Я ня ведаю, які варыянт найбольш верагодны”.

(Шаўцоў: ) “У прынцыпе, пашырэньне Эўразьвязу — вельмі добры для Беларусі чыньнік. Бо пашырэньне дэтэрмінуе вельмі моцны альянс паміж Эўропай і Расеяй. Бо буйная Эўропа зацікаўленая ў расейскай сыравіне. У гэтым сэнсе чым бліжэйшая да нас Эўропа, чым яна магутнейшая, тым больш яна зацікаўленая ў расейскай сыравіне, і ў гэтым сэнсе нашае геапалітычнае становішча паляпшаецца.

Другое. Пашырэньне Эўразьвязу на Ўсход — гэта глябальны працэс, які ўплывае на ўсю сытуацыю ў Эўразіі і ў сьвеце. Бо далей мы павінны чакаць можа нават пераходу Расеі ў зону “эўра”. Калі Эўропа будзе пашырацца, мы будзем мець усё больш самых розных кантактаў на ўсіх узроўнях нашага грамадзтва — і ўлады, і апазыцыі, паміж грамадзкімі суб’ектамі — нашымі й эўрапейскімі.

Я ня думаю, што гэта выкліча крызыс. Я ня думаю, што можа быць паўтор таго, што было з Драздамі. Можа быць нейкая новая больш спакойная канфігурацыя”.

(Цыганкоў: ) “Можна падсумаваць, што цяперашнія дачыненьні Беларусі з Эўропай закансэрваваныя на ўзроўні “халоднага міру”. І гэтая сытуацыя можа зьмяніцца ў двух выпадках. Па-першае, калі пашырэньне Эўразьвязу прымусіць Эўропу браць больш актыўны ўдзел у беларускіх справах. І па-другое, у выпадку, калі ў Беларусі зьменіцца палітычная ўлада. Застаецца толькі здагадвацца, які з гэтых варыянтаў адбудзецца хутчэй”.
XS
SM
MD
LG