Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ІНТЭРНЭТУ Й ТЭХНАЛЁГІІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

* Кампанія LetLog, якая мае прадстаўніцтвы ў ЗША і Нямеччыне, пачала выпускаць прыладу PowerNapping Module для “эфэктыўнага сну на працоўным месцы”. Праца навінкі заснаваная на тэорыі пра тое, што кароткі сон не павінен пераходзіць у глыбокую фазу, каб пасьля абуджэньня чалавек адчуваў сябе адпачнуўшым, а ня млявым і стомленым. У часе сну пасьля абеду, адмысловы датчык фіксуе стан чалавека і калі ў яго пачынаецца “глыбокі сон” – улучае будзільнік. Некаторыя кампаніі, якія у мэтах падвышэньня працаздольнасьці заахвочваюць сваіх супрацоўнікаў да сну пасьля абеду, зацікавіліся гэтай прыладай, якая каштуе 99 даляраў 99 цэнтаў.

* У Каліфорніі прайшлі першыя выпрабаваньні пэрсанальнага мінігэлікоптэра Solotrek XVF. Праект стварэньня навінкі фінансаваўся Пэнтагонам і NASA. Мінігэлікоптэр уяўляе сабой дзьвюхпрапэлерную 146-кіляграмовую канструкцыю вышынёй у два з паловай мэтры. Салатрэк працуе ад бэнзынавага рухавіка, разьвівае хуткасьць да 130 кілямэтраў на гадзіну і можа праляцець на адной запраўцы 240 кілямэтраў. Кошт мінігэлікоптара 300 тысячаў даляраў. Мяркуецца, што першым пакупніком Салатрэку будзе Пэнтагон.

* Група навукоўцаў са Злучаных Штатаў вядзе распрацоўку нанаробатаў, якія паводле сваіх памераў будуць меншымі, чым бактэрыі. Шляхам звычайнай ін’екцыі нанаробаты будуць уводзіцца ў кроў чалавека, пранікаць у асобныя клеткі і праводзіць там патрэбны хвораму курс лячэньня. Для пошуку хворых клетак нанаробаты будуць карыстацца натуральнай сыгнальнай сыстэмай клетак чалавека. Сёньняшнія распрацоўкі нанаробатаў ідуць у кірунку абароны чалавека ад радыяцыі ва ўмовах космасу, а таксама на Зямлі ў зонах падобных да Чарнобыльскай.

* Сёлета ў сакавіку кампанія Томпсан Мультымэдыя пачне вытворчасьць тэлевізараў з тэхналёгіяй аб’ёмнага гучаньня. Незвычайнасьць гэтай тэхналёгіі ў тым, што дзеля стварэньня ілюзыі трохмернасьці гуку ўжываюцца толькі дзьве калёнкі, а пры дапамозе мадуляцыяў выходнага сыгналу ствараюцца ўяўныя крыніцы гуку па-за калёнкамі.

* Ва ўсясьветным сеціве зьявіўся інтэрнэт-праект, пра дапамозе якога, праз базу дадзеных, былыя зьняволеныя могуць аднавіць старыя знаёмствы і ўсталяваць новыя. Паводле двухсэнсоўнай інфармацыі, зьмешчанай на галоўнай старонцы, цяпер былыя вязьні змогуць адшукаць сабе калегаў дзеля магчымай супольнай працы. Стваральнікі сайту Майк Брыч і Крыс Гарві гарантуюць поўную канфэдэнцыйнасьць і бясьпеку прапанаваных паслугаў. Старонка створаная выключна для былых і цяперашніх зьняволеных, і звычайныя грамадзяне могуць наведваць яе толькі ў якасьці назіральнікаў.

* На зьмену мэталёвым і драўляным часткам аўтамабільнага інтэр’еру неўзабаве прыйдуць дэталі з кеўляравага сплаву (kevler) і плястыку карыяну. Надзвычай трывалы кеўляр ужо выкарыстоўваецца дзеля вытворчасьці паскаў бясьпекі і пакрышак. Карыян разглядаецца як альтэрнатыва мэталам і дрэву. Вытворца кеўляру і карыяну – кампанія Du Pont ужо задэманстравала магчымасьці сваёй прадукцыі кампаніям Chrysler, Peugeot, Renault, карпарацыям Ford і General Motors.

* Найвялікшы ў сьвеце вытворца сотавых тэлефонаў – фінская кампанія Нокія – стварае прадпрыемства, на якім будуць вырабляцца мабільныя тэлефоны з ужываньнем каштоўных мэталаў і іншых дарагіх матэрыялаў. Прадпрыемства, як і сама прадукцыя, будуць называцца Вэрту. Вэрту будзе арыентавацца на заможных кліентаў і выпускаць тэлефоны невялікімі партыямі. Цэны на такія навінкі пакуль невядомыя, але на інтэрнэт-старонцы аўстрыйскага ювэліра Пэтэра Элайсана, які даўно ўпрыгожвае мабільнікі золатам і брыльянтамі, падаецца кошт на стандартныя корпусы аздобленыя золатам – 24 тысячы даляраў, а на ўпрыгожаныя брыльянтамі – прыблізна 58 тысячаў.
XS
SM
MD
LG