Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОШТЫ РАСТУЦЬ, ЗАРОБКІ НА МЕСЦЫ


Ігар Карней, Менск

Зараз ля прылаўкаў харчовых крамаў даволі пуста. Кошты на каўбасы, мяса, малочныя вырабы многіх адпужваюць. Дазволіць сабе кіляграм ня самай смачнай каўбасы за 10–12 тысяч рублёў можа ня кожны нават заможны ў беларускім разуменьні грамадзянін.

Першае істотнае падвышэньне на асноўныя для бальшыні спажыўцоў харчы было адразу ж пасьля навагодніх сьвятаў. Другое пазначанае ўчорашнім днём. Такім чынам, да- і пасьлянавагоднія цэны на мясамалочныя харчы розьняцца на 15–20%. Гэта пры тым, што заробкі ў бюджэтнай сфэры не зьмяніліся, нават зьнізіліся, калі мець на ўвазе няспынную інфляцыю.

Вынік такой дыспрапорцыі ня толькі ў тым, што лядоўні харчовых крамаў перапоўненыя пасінелымі сьвінінай ды ялавічынай, на якія няма попыту, а найперш у тым, што людзі сталі меней і горш харчавацца. Звыклы набор з бохану хлебу, бутэлькі малака ці кефіру, таннай каўбасы кшталту “Доктарскай”, памножаны на месячнае існаваньне, нават пры самых сьціплых разьліках каштуе блізу 100 тысяч. Гэта, дарэчы, і ёсьць сярэдні заробак беларусаў. Каб адкласьці нейкія грошы на вопратку, пытаньне нават не стаіць.

Зайшоўшы ў бліжэйшую краму, адразу ж зьвяртаю ўвагу на сьціпла апранутага хлопца, які са зьдзіўленьнем разглядае сыравэнджаную каўбасу “Белавеская” за 11 тысяч 200 рублёў. Пытаюся, ці часта ён частуецца гэткім далікатэсам?

(Хлопец: ) “Я такога сабе яшчэ ні разу не дазваляў. Я жыву сам, жонкі няма, дзяцей няма, таму мне лягчэй. Асабліва, калі ня быць пераборлівым у ежы. Але тое, што я хачу, дазволіць сабе не магу. Ёсьць тры катэгорыі людзей: меней за сярэдні ўзровень, сярэдняя кляса і багатыя. На жаль, вымушаны аднесьці сябе да самага нізкага”.

Падобная карціна зараз у крамах амаль паўсюдна. Асабліва пакутуюць пэнсіянэры, якія на свае сьціплыя даходы могуць дазволіць толькі тое, што трымае, як кажуць, душу ў целе. Пытаюся, ці хапае пэнсіі хоць бы на мінімум.

(Пэнсіянэр: ) “О-ой, не хапае! 78 тысяч атрымліваю. А яшчэ ж за кватэру трэба плаціць, за сьвет”.

(Карэспандэнт: ) “Каўбасу добрую даўно куплялі?”

(Пэнсіянэр: ) “Каўбасу толькі крывяную, хлеб самы танны, за 268 рублёў, а батон дык толькі панюхаць”.

(Карэспандэнт: ) “А чым харчуецеся пераважна?”

(Пэнсіянэр: ) “Ну, малако, капуста, грыбы яшчэ ёсьць. Тое, што сам нарыхтаваў, тое і ем. Увогуле, цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваеце, што падаражэлі харчы?”

(Сталага веку мужчына: ) “Яшчэ не зразумеў, не прыгледзеўся добра”.

(Карэспандэнт: ) “Кошты пакуль задавальняюць?”

(Сталага веку мужчына: ) “Не зусім, але жыць можна. Калі самому ў вёсцы працаваць, можна жыць”.

(Бабуля: ) “Дзеткі, ледзьве перабіваюся. Пэнсійка ў мяне вельмі маленькая. Можна сказаць, што вельмі цяжка. Прыехала — тлушча набыла і вось хлебушка. У Асіповічах хлеб даражэйшы, тут не такі. Гаспадаркі я ніякай не вяду, гаспадара няма, памёр. Сын у мяне страціў працу з-за скарачэньня, а другі інвалід, няма нагі. Трэба дзяцей забясьпечваць, а мне ўжо 71 год. Вось ежджу, купляю, дзе што таньнейшае”.

Падобна, ужо блізкім часам выдаткі на жыцьцё ўзрастуць яшчэ больш. Упраўленьне транспарту галіновага міністэрства накіравала запыт ў Савет міністраў пра неабходнасьць падвышэньня кошту за праезд у грамадзкім транспарце. У міністэрстве кажуць, што папярэдне кошт квіткоў і жэтонаў мэтро ўзрасьце да 150 рублёў.

А камунальныя паслугі падаражэлі ўжо з учорашняга дня. На 10% падвысілі тарыфы на ацяпленьне і гарачае водазабесьпячэньне. Ёсьць зьвесткі, што хутка ў гэтым жа кірунку пацягнецца і ўсё астатняе: электрычнасьць, газ, тэлефон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG