Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ МОЖА ДАПАМАГЧЫ БЕЛАРУСІ ВЫЗВАЛІЦЦА АД СЫСТЭМЫ ЛУКАШЭНКІ


Алена Панкратава, Менск

Беларусь геаграфічна разьмешчаная ў цэнтры Эўропы, аднак палітычна — на мяжы кантынэнту. Краіна і яе народ заслугоўваюць лепшай долі. Яны павінны палітычна, эканамічна й культурна належаць да сярэдзіны Эўропы і браць паўнавартасны ўдзел у дэмакратычным працэсе. Пры цяперашнім рэжыме Лукашэнкі гэта немагчыма, — піша на старонках бэрлінскай “Tagesspiegel” Ганс-Георг Вік.

Паводле нямецкага дыплямата, маладая дэмакратыя Рэспублікі Беларусь ціха сканала ў лістападзе 1996 годзе. Шляхам маніпуляцыяў вакол рэфэрэндуму Лукашэнка зьнішчыў дэмакратычную Канстытуцыю, у прамыслова разьвітай краіне зь дзесяцьцю мільёнамі насельніцтва стаў панаваць аўтарытарны рэжым, як гэта было за савецкім часам.

Суседняя Расея пагадзілася з падобным разьвіцьцём падзеяў. Як піша Вік, Масква дагэтуль падтрымлівае сыстэму Лукашэнкі, нягледзячы на пэрыядычную напружанасьць у дачыненьнях. Расея прадае па льготных коштах сваёй суседцы газ і нафту, а таксама купляе беларускія тавары, нават калі яны і не канкурэнтаздольныя. Што да супрацоўніцтва спэцслужбаў, сілавых ведамстваў, банкаў, а таксама ваенна-прамысловага комплексу, дык яно па-ранейшаму вельмі цеснае.

Зьнішчэньне ў Беларусі дэмакратычных структураў выклікала вострую крытыку ў Эўропе. Беларусь згубіла статус назіральніка ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

На працягу 4-гадовай дзейнасьці кіраўніка місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік вёў пасярэдніцкія перамовы зь беларускім урадам адносна першачарговых крокаў краіны на шляху да дэмакратызацыі. “Усе мае спробы ў гэтых цяжкіх умовах дзяржаўнага самаўладзтва былі накіраваныя на дапамогу палітычным партыям, прафсаюзам, моладзевым і жаночым арганізацыям, — піша нямецкі дыплямат. — Мы імкнуліся да таго, каб гэтыя сілы навучыліся ўплываць на ўрад, як гэта адбываецца ў краінах з разьвітай дэмакратыяй”.

Эўрапейскія структуры ацанілі іхныя намаганьні, падсумоўваючы вынікі верасьнёўскіх выбараў. Ад плёну працы тысяч беларускіх валанцёраў Эўропа не павінна адмаўляцца, — падкрэсьлівае Ганс-Георг Вік.

Паводле былога амбасадара, менавіта АБСЭ можа дапамагчы Беларусі вызваліцца ад сыстэмы Лукашэнкі.

Група, якая абароненая дыпляматычным статусам, павінна падтрымліваць разьвіцьцё дэмакратычных установаў і назіраць за выкананьнем абавязкаў краіны перад АБСЭ, яе мандат не абмежаваны часам, — піша на старонках нямецкай “Tagesspiegel” Ганс-Георг Вік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG