Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА БЕЛАРУСКІМ МЭТАЛЮРГІЧНЫМ ЗАВОДЗЕ РАСПАЧАТАЯ КРЫМІНАЛЬНАЯ СПРАВА


Казімер Яноўскі, Гомель

Упраўленьне камітэту арганізаванай злачыннасьці і карупцыі не называе асобаў, якіх правяраюць. Аднак вядома, што падставай для крымінальнай справы стала тое, што ў вытворчасьці вырабаў з мэталу з 6 лістападу да 30 сьнежня мінулага году незаконна сьпісалі мэталічныя шпулі для спружыннага дроту ажно на 111 мільёнаў рублёў. Сьпісаньне нібыта было зроблена дзеля таго, каб схаваць нястачу гатовага дроту для спружынаў.

Дырэктар вытворчасьці вырабаў з мэталу БМЗ Анатоль Савянок, які, наколькі вядома, таксама патрапіў пад падазрэньне органаў міліцыі, сёньня быў на працоўным месцы і не хацеў камэнтаваць выпадак са сьпісаньнем мэталічных шпуляў. Гэтыя шпулі прымяняюцца ў сталедротавых цэхах, непасрэдна падпарадкаваных дырэктару Савянку. Дарэчы, зараз тут вядзецца рэканструкцыя з тым, каб палепшыць якасьць і асартымэнт стальнога дроту.

Чым завершыцца крымінальная справа, сказаць цяжка.

Два з паловай гады таму на БМЗ сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць былога генэральнага дырэктара Юрыя Феакцістава. Яго абвінавачвалі ў незаконных гаспадарчых зьдзелках з выкарыстаньем рэквізытаў дзесяці камэрцыйных структураў акцыянэрнага таварыства “Контагруп”. Спадар Феакцістаў правёў нават чатыры з паловай месяцы за кратамі сьледчага ізалятару Міністэрства ўнутраных справаў у Жодзіне. Пасьля яго выпусьцілі. За Феакцістава нібыта нават хадайнічаў ягоны добры знаёмы — былы сьпікер верхняе палаты расейскага парлямэнту Ягор Строеў.

Юры Феакцістаў падлячыўся ў сталічным шпіталі і зьехаў у расейскі горад Арол, адкуль, дарэчы, у свой час і быў запрошаны на працу ў Жлобін, на БМЗ.

Цяпер Феакцістаў зарганізаваў у Арле акцыянэрнае таварыства “Расейскі корд” і зьбіраецца канкураваць зь беларускімі вытворцамі.

Пераемнікам Феакцістава на БМЗ у Жлобіне стаў таксама спэцыяліст з Арла, 51-гадовы расеец Вадзім Філіпаў. Аляксандар Лукашэнка, будучы ў свой час на БМЗ, заявіў, што давярае новаму кіраўніку. І вось цікавая дэталь. Перад прызначэньнем на пасаду генэральнага спадар Філіпаў быў дырэктарам вытворчасьці вырабаў з мэталу, дзе зараз і распачалася крымінальная справа.
XS
SM
MD
LG