Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАРЭ НЕ ПЛЯНУЕ РАЗГЛЯД БЕЛАРУСКАГА ПЫТАНЬНЯ НА ЗІМОВАЙ СЭСІІ Ў СТРАСБУРГУ


Уладзімер Глод, Менск

Пасьля таго, як у студзені 1997 году бюро ПАРЭ прыпыніла дзеяньне для Беларусі статусу “адмыслова запрошанага”, Палітычны камітэт Парлямэнцкай Асамблеі штогод арганізоўваў разгляд сытуацыі ў Беларусі. Апошні раз такое мерапрыемства адбылося год таму. Плянавалася, што і гэтым разам Палітычны камітэт правядзе такія слуханьні.

Летась у лістападзе на выязным паседжаньні Палітычнага камітэту ў Вільні было вырашана накіраваць у Беларусь адмысловую дэлегацыю, якая б ацаніла сытуацыю ў краіне і выказала сваё меркаваньне на страсбурскіх слуханьнях. Аднак гэтая дэлегацыя Менск так і не наведала.

А сёньня з Страсбургу паведамілі, што Палітычны камітэт не плянуе ў студзені разглядаць беларускае пытаньне. Ускосна гэтая інфармацыя пацьвярджаецца і тым, што дэлегацыі Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў адмовілі ў кампэнсацыі выдаткаў на паездку ў Страсбург.

Вось як тлумачыць сытуацыю Анатоль Лябедзька, які павінен быў узначальваць дэлегацыю беларускай палітычнай апзыцыі:

(Лябедзька: ) “Палітычны камітэт фактычна застаецца без кіраўніка пакуль што, таму што спадар Дэйвіс зыходзіць. А новы чалавек яшчэ не прызначаны. Я думаю, што канчатковую кропку ў беларускім пытаньні будзе ставіць новаабраны кіраўнік Палітычнага камітэту.

Дэйвіс спрабаваў закончыць сваю дзейнасьць на гэтай пасадзе завяршэньнем і беларускага пытаньня. Была праведзеная пэўная праца, паседжаньне камітэту ў Вільні. Аднак там вызначыліся прынцыпова розныя падыходы, канчатковае рашэньне не было прынятае. Было прынятае прамежкавае рашэньне, што прыедзе ў Беларусь маніторынгавая група, якая, на вялікі жаль, ня здолела прыехаць у Беларусь. Па беларускаму пытаньню няма належнай ступені падрыхтаванасьці, і яно не выносіцца на разгляд як непадрыхтаванае”.

Аднак гэта не адзіная прычына зняцьця з парадку дня беларускага пытаньня. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Былі спадзевы ў шэрагу эўрапейцаў, што заява Лукашэнкі ў верасьні, якую ён даслаў у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы, аб неабходнасьці правядзеньня новай палітыкі лібэралізацыі, але гэта аказаліся проста словы. Насамрэч, дэ факта ў Беларусі ні лібэралізацыі, ні дэмакратызацыі не назіpаецца. Таму няма за што зачапіцца, нават самае маленькае, што магло б паслужыць пазытывам для разгляду беларускага пытаньня і, магчыма, прасоўваньня наперад пэрспэктывы аднаўленьня статусу адмыслова запрошанага для Беларусі”.

Дарэчы, сытуацыя сёньня абмяркоўвалася і на нарадзе ў віцэ-сьпікера “палаты прадстаўнікоў” Уладзімера Канаплёва. Менавіта ён павінен быў узначальваць дэлегацыю “палаты” ў Страсбургу. Удзельнік гэтага паседжаньня Сяргей Лосеў паведаміў, што канчатковае рашэньне прынятае не было.

І ўсё ж беларуская тэма ў Страсбургу будзе гучаць, праўда, у больш вузкіх рамках. 24 студзеня Камітэт у справах адукацыі, культуры і СМІ ПАРЭ плянуе абмеркаваць сытуацыю з мэдыямі ў Беларусі. На гэтыя слуханьні запрошаныя дзьве беларускія дэлегацыі — ад дзяржаўных СМІ на чале зь міністрам інфармацыі Міхаілам Падгайным і ад недзяржаўных на чале з прэзыдэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной.
XS
SM
MD
LG