Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ АФІЦЫЙНАГА ВІЗЫТУ ПУЦІНА Ў ПОЛЬШЧУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Варта адзначыць, што афіцыйны візыт расейскага прэзідэнта, ад самага пачатку, калі стала вядомая ягоная дата, выклікаў вялізную цікавасьць
у польскім грамадзтве.

Гісторыі польска-расейскіх дачыненьняў і іхнаму цяперашняму стану, ўзроўню гаспадарчага супрацоўніцтва, асобе Ўладзімера Пуціна, стаўленьню палякаў да Расеі і расейцаў (і наадварот) была прысьвечаныя вялізная колькасьць газэтных публікацыяў, тэлевізійных праграмаў ды апытаньняў грамадзкай думкі.

Журналісты і экспэрты называлі першы за дзевяць гадоў візыт кіраўніка Расейскай Фэдэрацыі ў Польшчу “гістарычным”, “пераломным”…

Аднак сёньня, калі канчаткова стала вядомая праграма візыту, што да ацэнкі ягоных канкрэтных вынікаў, дык панаваўшая дагэтуль эўфарыя перамянілася на трохі больш цьвярозы падыход.

Аказалася, што апрача некалькіх пагадненьняў у вузкіх сфэрах эканамічнага супрацоўніцтва, амаль ніякіх важных дакумэнтаў прэзыдэнты не падпішуць. Ня будзе падпісаная і дамова, якая тычыцца паставак расейскага газу ў Польшчу, а таксама пабудовы другой лініі газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”. А гэта цяпер ёсьць асноўным пытаньнем польска-расейскага гаспадарчага супрацоўніцтва.

Апрача гэтага, паводле назіральнікаў, некаторыя акалічнасьці, як прыкладам тое, што Уладзімер Пуцін не прамаўляў у польскім Сэйме, прыехаў у Варшаву бэз жонкі і не з Масквы, а з Парыжу, у некаторай ступені прыніжаюць значэньне гэтай падзеі.

Аднак безумоўна, перад усім візыт Уладзімера Пуціна мае вялікае сымбалічнае значэньне, бяручы пад увагу ўступленьне Польшчы ў NATO, хуткае далучэньне краіны да Эўразьвязу, а таксама цяжар узаемных гістарычных крыўдаў. У гэтай справе Ўладзімер Пуцін прызнаў, што Савецкі Саюз імкнуўся дамінаваць над шэрагам краінаў, і гэта не прынясло карысьці расейскаму народу, а таксама выклікала супраціў іншых народаў. “Аднак цяпер Польшча – абсалютна роўны партнэр для Расеі,” – сказаў Пуцін.

Як трапна адзначыў адзін з экспэртаў, зараз галоўнае для прэзыдэнтаў, нягледзячы на мінуўшчыну, стварыць спрыяльны клімат для добрых стасункаў на будучыню. У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Квасьнеўскі і Уладзімер Пуцін падркэсьлілі, што якраз гэтага яны дасягнулі.

Кіраўнікі Польшчы й Расеі паведамілі таксама, што ў сёньняшняй размове абмеркавалі праблемы дэфіцыту ў польска-расейскім гандлі, праблемы Калінінградзкай вобласьці, куды палякі маюць заінвэставаць вялікія грошы, а таксама агульную сытуацыю ў Эўропе й сьвеце.

У гэтай справе Аляксандар Квасьнеўскі падкрэсьліў, што ўваходзячы ў Эўразьвяз Польшча абсалютна не адварочваецца сьпінай да сваіх усходніх суседзяў: Расеі, Беларусі ды Ўкраіны.

І гэта быў сёньня хіба адзіны раз, калі ў часе прэсавай канфэрэнцыі прагучала назва нашае краіны. Пакуль няма ніякіх афіцыйных зьвестак пра тое, што прэзыдэнты Расеі й Польшчы размаўлялі ў справе звароту жонак зьніклых беларускіх палітыкаў, ці яшчэ якіх-небудзь канкрэтных справах, што датычаць Беларусі.

Гэтаксама ў сваіх прамовах прэзыдэнты не закранулі і праблему чачэнскай вайны. Хаця вядома, што чачэнская вайна і стаўленьне да палітычнага ладу на Беларусі – гэта два моманты, па якіх расейскі і польскі бакі маюць абсалютна супрацьлеглыя меркаваньні.

Наагул выглядала, што тыя шэсьць пытаньняў, якія дазволілі задаць журналістам, па тры ад польскага і расейскага бакоў, былі адмыслова заплянаваныя, каб абмінуць найбольш вострыя праблемы.

Пасьля сёньняшняга дзённага спатканьня Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Квасьнеўскі будуць сустракацца сам-насам яшчэ прынамсі тройчы. Магчыма, што тады й будуць абмеркаваныя гэтак званыя невыгодныя пытаньні.
XS
SM
MD
LG