Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТАЛІБ З АМЭРЫКАНСКІМ ГРАМАДЗЯНСТВАМ ВЕДАЎ ПРА ПАДРЫХТОЎКУ ТЭРАКТАЎ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Амэрыканскі міністар юстыцыі й генэральны пракурор Джон Эшкрофт у аўторак на прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне сказаў, што Ўокера за далучанасьць да тэрарызму можа чакаць пажыцьцёвае зьняволеньне. Найвышэйшы чыноўнік, які сочыць за захаваньнем законнасьці ў ЗША, адзначыў, што Міністэрства юстыцыі ня выключыла і дадатковыя абвінавачаньні. Эшкрофт паведаміў, што Вашынгтонскі акружны суд абвінавачвае Ўокера ў змове забіваць амэрыканцаў у Афганістане, забясьпечваючы падтрымку тэрарыстычным арганізацыям і ўступаючы ў забароненыя сувязі зь міліцыяй Талібану, якая трымала пад кантролем большую частку Афганістану.

20-гадовы Ўокер быў захоплены ў палон у лістападзе, калі ён змагаўся на баку Талібану ў Афганістане. Ён быў арыштаваны амэрыканскімі сіламі пасьля турэмнага бунту ў фартэцы ў паўночным афганскім горадзе Мазар-э-Шарыфэ. З таго часу Ўокер утрымліваўся на амэрыканскім вадаплаве ў Арабійскім моры.

Эшкрафт зрабіў наступную заяву ў Міністэрстве юстыцыі:

(Эшкрафт: ) “Злучаныя Штаты не выпадкова ці з-за капрызу абвінавачваюць аднаго са сваіх грамадзянаў у забесьпячэньні падтрымкі тэрарыстам. Мы вымушаныя так рабіць сёньня зь гледзішча неабвержнага факту 11 верасьня – дня, які нядвухсэнсоўна нагадаў нам, што мы маем ворагаў у сьвеце, і што гэтыя ворагі імкнуцца зьнішчыць нас”.

Паводле прэсавага сакратара Белага Дому, прэзыдэнт Джордж Буш падтрымлівае правядзеньне законнага працэсу. Эры Флэйшэр сказаў, што Джордж Буш упэўнены ў завяршэньні прцэсу законным выракам. Зь гледзішча амэрыканскага заканадаўства, толькі падазраваныя замежныя тэрарысты могуць адказваць перад ваенным трыбуналам. Датычна да Ўокера, гэта было б магчымым толькі ў выпадку, калі яго пазбавілі бы амэрыканскага грамадзянства з прычыны змаганьня на баку замежнай дзяржавы ці дапамогу ваеннаму ворагу.

Трыбуналы, нядаўна дазволеныя паводле дэкрэту Буша, але яшчэ ня створаныя, крытыкуюцца праваабаронцамі і тымі, хто лічыць, што гэта парушае канстытуцыйныя правы неграмадзянаў. На прэсавай канфэрэнцыі Эшкрофт сказаў, што Злучаныя Штаты працягваюць шукаць правасудзьдзя супраць тых, хто мае панесьці адказнасьць за тэрарыстычныя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня, якія забралі жыцьці каля 3,300 чалавек.

(Эшкрафт: ) “Мы не даравалі напады на Амэрыку, ажыцьцёўленыя замежнымі грамадзянамі. Мы ня можам дараваць напады на Амэрыку, калі іх ажыцьцяўляюць грамадзяне Злучаных Штатаў”.

Уокера хрысьцілі ў рымска-каталіцкай царкве, але ён абярнуўся ў ісьлям у 16 гадоў.

Паводле Эшкрофта, абвінавачаньні базуюцца галоўным чынам на паказаньнях самога Ўокера, якія ён даваў агентам Фэдэральнага Бюро Расьсьледваньняў. Зь іх вынікае, што ён сьвядома і наўмысна ўступаў у непасрэдны кантакт з тэрарыстычнымі арганізацыямі, сябры якіх ніколі не вагаліся, забіваючы ягоных суайчыньнікаў.

Эшкрофт сказаў, што Ўокер пацьвердзіў, што ён далучыўся да трэніровачнага лягэру тэрарыстаў леташнім траўнем і правёў там сем тыдняў. Уокер таксама паведаміў, што галоўны падазраваны Злучанымі Штатамі ў арганізацыі нападаў на ЗША 11 верасьня Ўсама бін Лядэн некалькі разоў наведваў лягэр, і аднойчы зь ім там сустрэўся Ўокер.

Згодна з абвінавачаньнем, у мінулым чэрвені Ўокер даведаўся, што бін Лядэн паслаў людзей у ЗША з мэтай ажыцьцяўленьня самагубчай апэрацыі, а Ўокер застаўся ў лягэры на сем тыдняў, пасьля таго, як даведаўся пра пляны зьдзяйсьненьня нападу.

Эшкрофт сказаў, што Ўокер і яшчэ чацьвера мелі пяціхвілінную размову зь бін Лядэнам, у часе якой савудаўска-арабійскі тэрарыст падзякаваў ім за дапамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG