Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫКА ЗАХАДУ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ


Мікола Іваноў, Прага

Тэрарыстычная атака ў Нью-Ёрку й Вашынгтоне 11 верасьня выразна зьмяніла стасункі паміж ЗША і Расеяй. Цяпер і ў Маскве, і ў Вашынгтоне больш гавораць пра сяброўства. Зьмяніліся дачыненьні Амэрыкі і з такімі краінамі, як Узбэкістан і Кыргызстан, якія за дапамогу ЗША ў барацьбе з тэрарыстамі ў Афганістане могуць разьлічваць на нармалізацыю сваёх гандлёвых і іншых адносінаў з ЗША.

Аднак, калі сьвет пасьля 11 верасьня зьмяніўся, актывісты праваабарончых арганізацыяў і палітычныя аналітыкі лічаць, што Аляксандр Лукашэнка і ягоны рэжым не зьмяніліся наагул.

Шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі дасюль не дазвалялі прадстаўнікам беларускага парлямэнту, выбары ў які на думку міжнародных арганізацыяў не былі справядлівымі, заняць месцы ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, а таксама даць Менску статус адмыслова запрошанай краіны ў Раду Эўропы.

Нядаўна міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў заклікаў Захад зьмяніць сваё стаўленьне да Беларусі, нармалізаваць узаемныя адносіны і ставіцца да Беларусі, як да “маладой дэмакратыі”.

Аднак, Катрын Фітцпатрык, выканаўчы дырэктар Міжнароднай лігі правоў чалавека, лічыць, што рабіць гэтага нельга. Тым больш, што апошнім часам беларускі рэжым пачаў новую кампанію пераследу іншадумцаў.

У прыватнасьці пачаўся пераслед прадпрыймальнікаў і кіраўнікоў прамысловасьці. Быў, у прыватнасьці, арыштаваны дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў.

(Фіцтпатрык: ) “Я думаю, што гэта вельмі трывожны знак, які нагадвае нам пра савецкі час, калі заўсёды былі гэтак званыя “эканамічныя злачынцы”, супраць якіх заўсёды можна было высунуць абвінавачваньне. Гэта характэрна для нярынкавай эканомікі. Ёсць сотні спосабаў пазбавіцца ад апанэнтаў з дапамогай падобных абвінавачваньняў.
Фіона Гіл, аналітык Інстытуту Брукінгз у Вашынгтоне, выказвае наступную думку:

(Гіл: ) “Я мяркую тое, што ў рэгіёне адбываецца так шмат іншых падзеяў, што Лукашэнка можа быць цалкам упэўнены, ня будзе ніякіх дзеяньняў ў адказ”.

Гіл таксама лічыць, што жаданьне Менску, каб Беларусь на Захадзе разглядалі як і сярэднеазіяцкія краіны, як “маладую дэмакратыю” выглядае, як мінімум дзіўна. Беларусь эканамічна была адной з найбольш разьвітых рэспублікаў былога СССР, і нават мела ўласнае месца ў ААН. Беларусь, на ейную думку, трэба разглядаць зусім інакш, як краіну, якая будзе мець супольную мяжу з краінамі-будучымі сябрамі Эўрапейскага Зьвязу.

Гіл і Фіцтпатрык, аднак, не згаджаюцца ў пытаньні, якая павінна быць надалей палітыка ЗША і ўсяго Захаду ў дачыненьні да Беларусі.

Гіл выступае супраць далейшай ізаляцыі Беларусі. Яна прыгадвае прыклад Фідэля Кастра, які трымае ў сваіх руках ўладу ўжо амаль поўстагодзьдзя, нягледзячы на жорсткую ізаляцыю з боку ЗША.

Фітцпатрык выступае ў якасьці гарачага прыхільніка закону, які цяпер абмяркоўваецца ў камісіі міжнародных справаў сэнату ЗША. Прапануецца, каб новы закон ўвёў бы жорсткую ізаляцыю Беларусі і даў бы мільёны даляраў беларускай апазыцыі.

Пакуль ня ясна, ці гэты “беларускі закон”, спонсарам якога зьяўляецца сэнатар-вэтэран Джэсі Гэлмс, аўтар антыкубінскіх санкцыяў, пройдзе праз сэнат.

Гіл жа лічыць, што аднаўленьне статусу Беларусі ў парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і ў Радзе Эўропы, будзе ў далёкай пэрспэктыве спрыяць аднаўленьню дэмакратыі.


(Гіл: ) “Тое, што робіцца цяпер – спроба паўплываць і ізаляваць Лукашэнку. Але Лукашэнка не падобны на Мілошавіча, які меў шмат вонкавых інтарэсаў. Вакол яго няма людзей, якія займаюцца рознымі гатункамі міжнароднага гандлю і іншымі справамі. Вонкавыя сувязі Беларусі вельмі абмежаваныя. Беларусь амаль нічога не губляе. Яна ўжо цяпер ізаляваныя. Я маю на ўвазе: ад балтыйскіх і іншых эўрапейскіх краінаў. Як і раней яна мае сувязі з Украінай і Расеяй. Так, што ў нас няма магчымасьцяў паўплываць на яе.

Фітцпатрык, аднак, не згаджаецца з ёй. На ейную думку, Беларусь далёка не пачула яшчэ сапраўднай ізаляванасьці.

(Фітцпатрык: ) “Гэта яшчэ не ізаляцыя. Ізаляцыя – гэта комплекс сродкаў, якія можна ўвесьці, уключна з выключэньнем з АБСЭ. Можна спыніць выдачу візаў, можна выступаць з гучнымі асуджэньнямі. Можна спыніць гандлёвыя выставы, спыніць абмен. Ёсць шмат спосабаў, каб выказаць незадавальненьне. Нічога гэтага мы пакуль ня робім”.

Фітцпатрык лічыць, што Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі не рэагуюць на пазытыўныя ініцыятывы. Яны часта нешта абяцаюць (як напрыклад, вызваліць палітычных зьняволеных), толькі дзеля таго, каб атрымаць кароткатэрміновыя палітычныя перавагі. Але звычайна, яны “забываюць” на свае абяцаньні, калі зьнікае палітычная патрэба.

Фітцпатрык лічыць, што стаўленьне Лукашэнкі і беларускіх уладаў да Захаду пасьля 11 верасьня можна падсумаваць двума словамі: зларадзтва і радасьць.
XS
SM
MD
LG