Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БАЛТЫКА” СПЫНЯЕ ПАСТАЎКІ АБСТАЛЯВАНЬНЯ НА “КРЫНІЦУ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Летась у чэрвені кіраўніцтва канцэрну “Балтыка” сустрэлася з прэзыдэнтам Беларусі й атрымала ад Аляксандра Лукашэнкі згоду на продаж кантрольнага пакету акцыяў “Крыніцы”. Аднак ніякіх фармальных дакумэнтаў тады не было падпісана. “Балтыка” паверыла Аляксандру Лукашэнку на слова і пачала інвэставаць у беларускую піўную прамысловасьць.

За кошт расейскага канцэрну пачалася рэканструкцыя “Крыніцы”, “Балтыка” паставіла новае абсталяваньне і апаратуру — прыблізна на 10 мільёнаў даляраў. І вось цяпер гэтыя працы спыніліся, хаця ўсе неабходныя дамовы меркавалі заключыць яшчэ летась у сьнежні.

На “Балтыцы” такое становішча пакуль камэнтуюць даволі асьцярожна, не імкнучыся разьдзімаць скандал. Вось што паведаміла нашаму радыё прэсавая сакратарка “Балтыкі” Надзея Вінаградава:

(Вінаградава: ) “Гэтая сытуацыя зьвязаная з тым, што мы на дадзены момант чакаем урадавага рашэньня, зьвязанага з продажам пакету акцыяў. А менавіта — з выпускам дадатковай эмісіі акцыяў і далейшага продажу іх інвэстарам. Чакалі гэтага рашэньня напачатку сьнежня, і зараз, ужо ў сярэдзіне студзеня, пакуль аніякага адказу. Мы са свайго боку дакладна ня можам казаць аб прычыне гэтага і адпаведна займаем чакальную пазыцыю. Але мы па-ранейшаму разьлічваем на станоўчае разьвязаньне, на тое, што праект будзе рэалізаваны так, як і плянавалася”.

Акцыянэрнае таварыства “Крыніца”, па сутнасьці, зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю. Дзяржаве ў асобе канцэрну “Белдзяржхарчпрам” належыць 80% акцыяў прадпрыемства, астатнія 20% — за працоўным калектывам. Зрэшты, у самім канцэрне камэнтаваць гэтую сытуацыю адмаўляюцца. Вось як закончыліся мае спробы пагаварыць з памочнікам прэзыдэнта канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Іванам Грамыкам:
(Карэспандэнт: ) “Меркавалася, што ўжо ў сьнежні кантрольны пакет “Крыніцы” будзе прададзены “Балтыцы”, але выйшла нейкая затрымка...”

(Грамыка: ) “Нічога па гэтай затрымцы я камэнтаваць ня буду”.

(Карэспандэнт: ) “А хто можа? Усё-такі канцэрн прымае рашэньні...”

(Грамыка: ) “Пакуль камэнтаваць рана. Прабачце, калі ласка”.

У акцыянэрным таварыстве “Крыніца” ніякіх афіцыйных камэнтароў таксама не даюць, дарэчы, і пасады прэс-сакратара на заводзе не існуе. Але адзін з адказных супрацоўнікаў на ўмовах ананімнасьці распавёў мне, што зараз на заводзе баяцца, што “Балтыка” проста забярэ назад сваё абсталяваньне. Бо, паводле некаторых зьвестак, Аляксандар Лукашэнка загадаў не аддаваць расейцам катрольны пакет акцыяў прадпрыемства.

Тым часам сытуацыя на “Крыніцы” зараз ня самая лепшая. Аб’ёмы вытворчасьці апошнія месяцы істотна ўпалі, і гэта ня толькі сэзоннае падзеньне. Якасьць піва пагоршылася даволі даўно — з таго часу, калі беларускіх вытворцаў прымусілі працаваць зь ня самай лепшай айчыннай сыравінай — хмелем і соладам. Таму супрацоўніцтва з “Балтыкай” тут разглядаюць як магчымасьць узьняць узровень прадпрыемства.

Зараз асноўныя цэхі “Крыніцы” перабудоўваюць і рамантуюць. Частка старога абсталяваньня дэмантаваная, а новае яшчэ не наладжанае. Спыненьне супрацоўніцтва з “Балтыкай” можа ня толькі прынесьці вялікія матэрыяльныя страты заводу, але й разбурыць імідж “Крыніцы” як надзейнага партнэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG