Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНДТ КАМЭНТУЕ СВОЙ ЛІСТ ДА ЛУКАШЭНКІ


Алена Панкратава, Менск

Як вядома, гэта ня першы ліст, які дасылаюць беларускаму лідэру эўрапейскія палітыкі. Напярэдадні група дэпутатаў Эўрапарлямэнту зьвярнулася да афіцыйнага Менску з патрабаваньнем правесьці незалежнае расьсьледаваньне справы зьніклых беларускіх палітыкаў.

Сёньня Аляксандру Лукашэнку накіраваў ліст прадстаўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Ці ёсьць падобныя звароты эўрапейскіх палітыкаў часткай мэтанакіраванай стратэгіі, імкненьнем зрабіць адпаведны ціск на афіцыйны Менск, — пытаюся я ў спадара Бэрэндта.

(Бэрэндт: ) “Мы сапраўды хочам скаардынаваць свае дзеяньні ў пытаньні правоў чалавека ў Беларусі і выразна паведаміць пра гэта Менску. Калі беларускі бок зацікаўлены ў паляпшэньні стасункаў з Эўропай, ён павінен зрабіць адпаведныя крокі, у тым ліку ў вызваленьні палітычных вязьняў — Клімава, Бандажэўскага.

Калі гэта будзе зроблена, мы будзем чакаць ад Беларусі наступных крокаў, напрыклад, устанаўленьня мараторыя на сьмяротнае пакараньне — гэта стане перадумовай для аднаўленьня гасьцявога статусу Рэспублікі Беларусь у Радзе Эўропы”.

Вольфганг Бэрэндт спадзяецца на адэкватную рэакцыю з боку афіцыйнага Менску — на тое, што Бандажэўскі, а таксама Клімаў хуткім часам будуць вызваленыя. Паводле эўрапейскага парлямэнтара, пасьлявыбарныя чаканьні Эўропы адносна Беларусі ня спраўдзіліся. Прыкметаў лібэралізацыі ў беларускім грамадзтве не назіраецца.

Асьцярожны аптымізм выклікаюць дзеяньні некаторых дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”, якія ўздымаюць пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня, рэвізіі выбарчага закону. Магчымая гатоўнасьць эўраструктураў да дыялёгу з гэтымі беларускімі палітыкамі аднак не азначае афіцыйнага прызнаньня беларускага парлямэнту Эўропай.

Нацыянальны сход прыйшоў да ўлады ня ў выніку легітымных, свабодных і празрыстых выбараў, але калі ягоныя прадстаўнікі будуць дэманстраваць сваю незалежнасьць у прыняцьці рашэньняў, будуць адстойваць свае правы, Эўропа будзе бачыць у гэтым пэўны прагрэс, — падкрэсьліў Вольфганг Бэрэндт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG