Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМ БУДЗЕ ДЗЯРЖАЎНЫ ГІМН БЕЛАРУСІ?


Ігар Карней, Менск

Паводле абвешчанага днямі Саветам міністраў конкурсу, да 1 красавіка грамадзкія арганізацыі, творчыя саюзы і нават прыватныя асобы могуць прапаноўваць у адмысловую камісію пры Міністэрстве культуры свае варыянты гімна. Але дзяржаўнае тэлебачаньне, спасылаючыся на міністра культуры Леаніда Гуляку, ужо зрабіла з гэтай нагоды недвухсэнсоўную выснову: найлепш з такімі заданьнямі спраўляюцца прафэсіяналы.

Дзесяць апошніх гадоў незалежная Беларусь фактычна ня мела дзяржаўнага гімна. У якасьці “гімна пераходнага пэрыяду” выкарыстоўваўся твор узору 1955 году на музыку Сакалоўскага і вершы Клімковіча. Музыка (але бяз словаў) гучыць і зараз.

Спробы стварыць нацыянальны гімн, адпаведны рэаліям незалежнасьці, былі шматразова. Найбольш шанцаў на пачатку 1990-х было ў твора “Магутны Божа”, але да зацьвярджэньня яго тады справа не дайшла. Як іншыя варыянты часта фігуравалі палянэз Агінскага ля-мінор (“Разьвітаньне з Радзімай”), “Пагоня” на вершы Максіма Багдановіча і некалькі вершаў Янкі Купалы.

З прыходам да ўлады Лукашэнкі ўсе гэтыя варыянты былі катэгарычна адхіленыя. Тады прапаноўваў свае паслугі толькі кампазытар-песеньнік Мікалай Трацьцякоў, які ўжо адзначыўся дзясяткам гімнаў для адміністрацыйных раёнаў Менску, асобных гарадоў, крамаў, заводаў і г.д.

Чаму да аднаго з галоўных атрыбутаў любой дзяржавы беларусы так і ня здолелі паставіцца сур’ёзна? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да паэта Ніла Гілевіча, які ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня ачольваў камісію ў справах адукацыі й культуры, якая займалася справай стварэньня нацыянальнага гімна.

(Гілевіч: ) “Камісія аказалася стракатая; як толькі даходзіць да канкрэтнага пытаньня — самыя розныя думкі, музыкі — адно, прафэсары — другое, паэты — трэцяе. Ня даў ніякіх вынікаў і конкурс на тэкст. Бо, мажліва, трэба ня толькі думаць, што я праслаўлюся, стаўшы аўтарам гімна. Трэба думаць пра Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “Час ад 1991 году і да 1994-га, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, быў змарнаваны?”

(Гілевіч: ) “Гімн не пячэцца за месяц–два–тры. У нейкай ступені можа час і змарнаваўся. Але ня ў тым справа. Было штучнае замаруджваньне працэсу, былі людзі, не зацікаўленыя ў гімне. Дэпутаты ж ня могуць сьпець гімн — гэта павінны рабіць артысты, а артыстамі кіруе Міністэрства культуры. Натуральна, крыху было й эўфарыі: ідзе беларусізацыя — куды сьпяшацца. Трэба ж гімн зрабіць не такі, што давядзецца мяняць праз год–два, а каб дапасаваў і да герба, і да сьцяга. А ня тое, што жыцьцярадасную дрындушку зробім, ды будзем сьпяваць”.

Зусім не ў захапленьні ад пэрспэктывы застацца са старым гімнам і маладое пакаленьне. Бадай, самы папулярны сёньня рок-музыка, лідэр гурта “NRM” Лявон Вольскі (дарэчы, аўтар музыкі да Багдановічавай “Пагоні”), спробу пакінуць усё па-старому разглядае як сындром “папугайства” — зрабіць усё як у Расеі.

(Вольскі: ) “Насамрэч трэба зьвяртацца да старых узораў: ёсьць шмат патрыятычнай музыкі, якая прынамсі магла б разглядацца як гімн. Мы калі працавалі над праектам “Я нарадзіўся тут”, дык убачылі папросту вялізныя пласты менавіта патрыятычнай гімнавай музыкі”.

(Карэспандэнт: ) “Калі застанецца музыка старая, ад беларускага савецкага гімна — як гэта можна расцэньваць?”

(Вольскі: ) “Толькі як паўтор расейскага падыходу да гэтае справы. Расейцы пакінулі гімн савецкі, перайначыўшы словы; тое ж, ня выключана, будзе і ў нас. Нейкі паэт афіцыйны напіша словы, і атрымаецца тое ж самае. На мой погляд, сам па сабе беларускі гімн сьмешнаваты, калі сказаць папросту. Не ўспрымаецца як гімн. Нешта несур’ёзнае — як музыка для мультфільма, гэтак заўсёды для мяне гучала”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна наогул прагназаваць, што 3 ліпеня прагучыць нешта неардынарнае?”

(Вольскі: ) “Не, нельга. У нас усё робіцца зараз паводле зададзенай схемы, бюракратычна-савецкай. Таму — “сюрпрызаў ня будзе”. На нейкія нечаканасьці спадзявацца ня трэба. Усё будзе даволі сярэдняе, шэрае”, — мяркуе лідэр рок-гурта “NRM” Лявон Вольскі.

XS
SM
MD
LG