Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФГАНСКІ ДЗЁНЬНІК. АДУКАЦЫЯ І СПАКУСЫ ЗАХОДНЯЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ПА-АФГАНСКУ.


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

Афганскія бацькі ня вельмі ахвотна аддаюць дзяцей у школу. Асабліва гэта тычыцца вёсак, дзе працы шмат, і дзе дзеці працуюць у полі ўжо гадоў ад шасьці.

Магчыма, каб пераўпэўніць іх, варта было б распавядаць нейкія павучальныя гісторыі. Я ведаю адну такую. Яна пра тое, як вясковы хлопчык Хаджы Кахар зрабіўся намесьнікам міністра замежных справаў Афганістану.

Хаджы Кахар вельмі хутка набірае тэксты на кампутары. Гэта ня выклікала б вялікай цікавасьці, калі б не сталася галоўнай прычынай ягонага кар’ернага росту. Чатыры гады таму ён выправіўся ў Пакістан на кампутаровыя курсы. Бацькам хапіла розуму не пярэчыць сыну, які кідаў іх менавіта ў той час, калі трэба было ўбіраць кукурузу. Калі Хаджы Кахар вярнуўся на радзіму, Паўночны альянс ужо быў заціснуты талібамі ў Пандшэрскай цясьніне. На тле агульнай неадукаванасьці, чалавек, які валодае кампутарам, адразу атрымаў пасаду сакратара міністэрства замежных справаў законнага ураду. Міністэрства у той час месьцілася у двух пакоях, і перамогу над талібамі Хаджы Кахар сустракаў ужо ў якасьці намесьніка міністра.

Аднак гэта непаказальны для Афганістана выпадак. Адукацыя разглядаецца – асабліва вясковымі жыхарамі – як нейкая неабавязковая, а часам нават і шкодная спакуса заходняй цывілізацыі. Ня мусіць падманваць нават вялікая кольскасьць кніжных крамаў у тым жа Кабуле. Калі лічыць па іхнае колькасьці, дык афганскі народ мусіць быць значна больш адукаваным чым, напрыклад, суседні таджыцкі. Гэтую асаблівасьць заўважыў адзін мой калега.

“Ты бачыў”, – сказаў ён аднойчы, – “у Душанбэ няма ніводнае кніжнае крамы. Прынамсі, у цэнтры горада”. Гэта й сапраўды так. Апрача адной палічкі ў цэнтральнай унівэрсальнай краме, кніг у горадзе купіць немагчыма.

У параўнаньні з Душанбэ Кабул уяўляецца вельмі адукаваным горадам. На цэнтральным базары афганскай сталіцы ёсьць нават цэлая вуліца з кніжнымі крамамі. Вось толькі асартымент выклікае зьдзіўленьне. Кнігі там ёсьць на пяці мовах. Апрача фарсі ды пушту – яшчэ на ангельскай, расейскай, ды, чамусьці баўгарскай. На баўгарскай, праўда, толькі адна – нейкі зборнік апавяданьняў. На ангельскай – збольшага пра гісторыю Афганістана, даведнікі ды энцыкляпэдыі.

Найбольш дзіўным быў падбор кнігаў на расейскай мове. На 90 адсоткаў яны мелі назовы кшталту “Псыхічныя і вэнэрычныя захворваньні”, “Уступ у хірургію” ды гэтак далей. Тлумачэньне простае – на большасьці кнігаў стаялі штампы савецкіх бібліятэкаў. Вось дзе ўрэшце апынуліся падручнікі з кабульскіх інстытутаў ды ўнівэрсытэтаў.

У адной з крамаў мы былі сьведкамі, як купілі адну з такіх кнігаў.
“Дай мне якую-кольвек кнігу”, – зьвярнуўся да гаспадара сярэдніх гадоў пакупнік, і паказаў на першую, што патрапіла на вочы, – “ну хаця б гэтую. Бо дома паперы няма, а так будзе чым у печцы агонь распальваць”.

Відаць, тлумачэньне для гаспадара крамы было звыклым, і кнігу ён прадаў. За адзін даляр.

Аднак да спакусаў заходняе цывілізацыі афганскае грамадзтва ставіцца не заўжды абыякава. Адразу пасьля зьмены улады, на вуліцах Кабулу запанавалі шапікі, у якіх прадаюцца каляндарыкі з партрэтамі індыйскіх прагажунь. Зразумела, твары ў іх не закрытыя паранжой. У адным з такіх шапікаў гандляром быў 13-гадовы хлопец. Пачуўшы маё пытаньне, ці такі занятак адпавядае іьслямскай маралі, ён зьбянтэжыўся. Але на дапамогу прыйшоў нехта з пакупнікоў.

(Пакупнік: ) “Безумоўна, гэта не найлепшая праца з пункту гледжаньня ісьляму. За талібамі гэта было немагчыма. Аднак, гэтаму хлопцу трэба неяк карміць сям’ю. Да таго ж новыя улады не забараняюць нам купляць такія календары”.

Пакрысе падточвае ісьлямскае вучэньне і гарэлка. Калі ў Афганістане вы дастанеце з кішэні пляшку з той вадкасьцю, можаце разьлічваць толькі на дзьве рэакцыі – альбо гнеў альбо прапанова тут жа схавацца у нейкім пакоі і выпіць па 50 грамаў. А лепей па 150.

За талібамі гарэлка была нават адным з спосабаў унутранае эміграцыі. Прыемна была зачыніцца у кагосьці дома, адкаркаваць бутэльку кукурузнага самагону ды пад прыемную музыку зьдзеквацца з талібаў – маўляў, чаму ж ваш Алах нас не пакарае, калі бачыць такі грэх. Праўда, узровень весялосьці прыходзілася кантраляваць, каб не нагрымнула паліцыя ды ўсіх не арыштавала.

Час талібаў мінуў, але ўжываць алькаголь забаронена і дагэтуль. Праўда, дастаць яго стала прасьцей. Кантроль на мяжы стаў менш жорсткім, і кантрабандысты наладзілі пастаўкі з суседніх краінаў. У любой кабульскай краме, дзе часьцяком зьяўляюцца замежныя журналісты, вам прапануюць бутэльку гарэлкі за 120 ці 130 даляраў. Бізнэс небясьпечны, але прыбытковы.

Мой кабульскі знаёмы неяк прыйшоў у госьці вельмі задаволены жыцьцём. Аказалася, знайшоў у сховішчах афганскага міністэрства абароны 50 бутэлек гарэлкі, якія захоўваліся там яшчэ з савецкага часу. Хутка палічыў прыбытак – 5 тысячаў даляраў. Нядрэнна. Хопіць і на тое, каб жаніцца зь дзяўчынай з прыстойнай сям’і, і дом пабудаваць.

Сымбалічна і тое, што гарэлка аказалася савецкай вытворчасьці, бо менавіта савецкія людзі давялі шмат каму з афганцаў, што парушаючы запаветы Алаха, можна атрымліваць задавальненьне. Пра тое, што яшчэ пераняло афганскае грамадзтва ад савецкіх людзей – у наступнай перадачы.
XS
SM
MD
LG