Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЬМЕРЦІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА НІХТО НЕ ВІНАВАТЫ?


Казімер Яноўскі, Гомель

У адмысловым лісьце на імя Юр’я Зайцава пракурор Падсекін напісаў, што ва ўзбуджэньні крымінальнай справы з прычыны сьмерці Андрэя адмоўлена “з-за адсутнасьці грамадзка-небясьпечнага дзеяньня, прадугледжанага Крымінальным кодэксам. Ваш сын Андрэй Зайцаў скончыў жыццё самагубствам. Асобаў, вінаватых у ягонай смерці, няма”.

Карэспандэнт Радыё Свабода спрабаваў высьветліць у пракурора Падсекіна, чаму, маючы перадсьмяротную заяву Андрэя Зайцава ў Беларускі Гельсынскі Камітэт пра перасьлед супрацоўнікам КГБ, маючы аўдыёзапіс размовы Андрэя з гэтым супрацоўнікам, не распачалася крымінальная справа пра давядзеньне да самагубства?

(Падсекін: ) “Са зьместу размовы на стужцы, з заявы ў Гельсынскі Камітэт не было падставы падвесьці пад артыкул – давядзенне да самагубства. Давядзеньне да самагубства азначае жорсткае абыходжаньне, сыстэматычнае прыніжэньне годнасьці, абразы. Звычайна ў нас у практыцы, хаця і ня часта, існуюць давядзеньні да самагубства на побытавай глебе. Аднак не любыя адносіны, у тым ліку і са спэцслужбамі, могуць падпадаць пад гэтв артыкул”.

Суразмоўца засведчыў, што пракуратурай факт і мэтады вэрбоўкі нават не высьвятляліся.

(Падсекін: ) “Была вярбоўка ці не было вярбоўкі – гэта не вызначана, гэта адна з вэрсіяў. Але нават калі зыходзіць з таго, што гэтыя факты мелі месца, мы ацэнку ім не давалі. Гэта выходзіць па-за межы нашай праверкі. Існуе, нарэшце, закон пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць. КГБ зьяўляецца суб’ектам закону. Яму дадзенае права займацца і вэрбоўкай”.

Як вынікае зь ягоных слоў, пракуратура наагул не займалася высьвятленьнем асобы таго, хто размаўляў па тэлефоне з Зайцавым, каму з супрацоўнікаў КГБ належылі згаданыя нябожчыкам ў заяве тэлефон і абанэнцкі нумар пэйджэра. Не дасьледаваўся сыстэматычны ўціск на памерлага. Пракуратура абмежавалася фармальнай праверкай і не распачала крымінальную справу.

Вось што з гэтай нагоды распавёў юрыст Гомельскага аддзяленьня Беларускага Гельсінскага Камітэту Аляксандар Ляшкоў.

(Ляшкоў: ) “На жаль, у чарговы раз пацьверджана тая думка, тыя высновы, што ў нашай краіне ёсць справы, за якія бяруцца надта ахвотна, калі трэба зрабіць нейкі ўціск на апазіцыйных дзеячоў, ці на дырэктарскі корпус, і вельмі неахвотна, калі гэта тычыцца, наадварот, злачынных дзеяньняў улады, якія выходзяць па-за межы законнасьці”.
XS
SM
MD
LG