Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ АКТЫВІЗАВАЛІСЯ МІЛІЦЫЯНТЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай урочышча выглядала бязьлюдна, асабліва ў параўнаньні з учорашнім днём. У намёце валанцёры распальвалі буржуйку, геадэзысты рабілі адмысловыя замеры на дарозе. Аднавілася будаўніцтва падземнага пераходу, прыпыненае з прычыны ўчорашняй цырымоніі.

Сёньня раніцай я заўважыла, як па засыпанай пяском шырокай дарозе на Курапацкі пагорак некалькі разоў заяжджала міліцэйская машына. Валанцёр Алесь Гетман мяркуе, што міліцыянты атрымалі загад сачыць за тым, каб з адрэстаўраваным памятным знакам ізноў чаго-небудзь ня здарылася:

(Гетман: ) “Учора пасьля цырымоніі дзесьці а пятай гадзіне прыехаў участковы, паглядзеў на лаўку і зьехаў. Сёньня а сёмай гадзіне раніцы зноў прыяжджалі міліцыянты, пыталіся: дзе лава? Нават ня ведалі, дзе лава знаходзіцца. І паехалі на пагорак на машыне. Мы сёньня абмеркавалі й вырашылі: будзем перагароджваць дарогу, каб па Курапатах ня езьдзілі машыны, нават міліцэйскія”.

Натуральна, што сёньня ў Курапатах згадвалі ўчорашнюю цырымонію, падсумоўвалі яе вынікі. Валанцёры, якія ўжо амаль чатыры месяцы ўдзень і ўначы нясуць вахту памяці ў Курапатах, паставіліся да ўдзельнікаў ўчорашніх урачыстасьцяў па-рознаму.

Гаворыць Алесь Гетман:

(Гетман: ) “Было шмат людзей, нават такіх, якія тут ніколі не былі, нават у часе падзеяў 8 і 9 лістапада. І яны рабілі выгляд, быццам яны тут ледзь не галоўныя. Збоку гэта выглядала як самарэкляма перад амэрыканскімі й другімі амбасадарамі, якія прысутнічалі ў часе цырымоніі. Мы не былі на самой цырымоніі, але нас наведалі польскі й літоўскі амбасадары, якія выказалі падзяку валанцёрам, якія знаходзіліся ў той час у намёце”.

Акрамя дыпляматаў, заўважыў Алесь Гетман, зь вядомых асобаў у намёт да валанцёраў зайшоў павітацца толькі Станіслаў Шушкевіч.

Але ж галоўнае, мяркуе Алесь Гетман, што мэмарыяльны знак усё ж адноўлены, памяць бязьвінна забітых людзей ушанаваная.

А вось што сказаў пра Курапаты народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч:

(Гілевіч: ) “Гэта месца сьвятое для нас, для нашага народу. Я амаль не сумняваюся, што два маіх дзядзькі тут ляжаць. На сёньняшні дзень невядома, дзе іх магілы. Іх схапілі ў 1937 годзе, і як у ваду... Таму я сюды заўсёды прыходжу з такім пачуцьцём, што гэта нашая сьвятыня, якой мы павінны даражыць.

Ня дай Бог, калі ў грамадзтве будзе слабець памяць і пачуцьцё нашага абавязку перад тымі, каго няма, перад тымі, хто быў так несправядліва й незаконна закатаваны, зьнішчаны. Зрэшты, здаецца, мы гэта ўсё лепш пачынаем разумець”.

XS
SM
MD
LG