Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Прага

* ЛЁНДАН. Брытанія абвясьціла пра выкараненьне ў краіне эпідэміі яшчуру, якая нанесла велізарную шкоду брытанскай сельскай гаспадарцы. Эпідэмія яшчуру, з прычыны якой брытанскаму мясу была закрытая дарога на рынкі сьвету, прывяла да зьнішчэньня больш чым чатырох мільёнаў галоваў быдла і стала пострахам для турыстаў. Выбух эпідэміі яшчуру, які адбыўся летась у лютым - неўзабаве пасьля крызысу каровінага шаленства – пазбавіў працы тысячы гаспадароў, прывёў да зьніжэньня продажу мяса і каштаваў ураду мільёны фунтаў, выдзеленых на кампэнсацыю шкоды.

* ЛЁНДАН. 80% дзяцей хворых на рак ва ўсім сьвеце паміраюць ад таго, што жывуць у бедных краінах, дзе няма сродкаў, неабходных для ўратаваньня жыцьця. Спэцыялісты з двух брытанскіх дабрачынных фондаў барацьбы з ракам лічаць, што кожны год маглі б быць уратаваныя больш за 100 тысячаў дзяцей, калі б сучасныя лекі былі даступныя ў краінах разьвіцьця. На думку спэцыялістаў, лекі гэтыя адносна танныя – важна толькі, каб багатыя краіны дзяліліся сваім досьведам лячэньня раку зь беднымі.

* ГАВАНА. Куба распачала надзвычайную кампанію стрыманьня эпідэміі сьмяротна небясьпечнай хваробы - ліхаманкі дэнге. У краіне лютуе найгоршая эпідэмія за апошнія 20 гадоў, аднак афіцыйныя крыніцы не паведамляюць дакладнай колькасьці хворых. На гэтым тыдні з адмысловым зваротам да насельніцтва зьвярнуўся Фідэль Кастра. Кубінскі лідэр абвясьціў вайну камарам, якія разносяць хваробу. У Гаване бульдозэры расчышчаюць вуліцы ад сьмецьця, па дамох ходзяць санітары, якія апрацоўваюць жыльлёвыя памешканьні дымам. У 1981 годзе на Кубе ад ліхаманкі дэнге памерла 158 чалавек.

* ЖЭНЭВА. Экспэрты ААН у галіне аховы здароўя заклікалі адкласьці прызначанае на 2002 год зьнішчэньне апошніх запасаў вірусу воспы, каб даць магчымасьць дасьледнікам выпрацаваць больш эфэктыўныя вакцыны. Гэтая рэкамэндацыя будзе абмяркоўвацца на наступным тыдні на паседжаньні выканаўчага камітэту Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. Узоры вірусу воспы, выкараненай 20 гадоў таму, захоўваюцца ў Злучаных Штатах і Расеі. Прычынай новай занепакоенасьці экспэртаў стала небясьпека выкарыстаньня вірусу ў тэрарыстычных мэтах пасьля падзеяў 11 верасьня.

* БРУСЭЛЬ. Агульная плошча пасеваў генэтычна мадыфікаваных збожжавых культураў у сьвеце ў мінулым годзе перавысіла 50 мільёнаў гектараў. Нягледзячы на занепакоенасьць спажыўцоў, плошча пасеваў за апошнія 5 гадоў павялічылася больш чым у трыццаць разоў. Генэтычна мадыфікаваныя расьліны вырошчваюць 5 з паловай мільёнаў сельскіх гаспадароў у 13 краінах сьвету. Найбольшая колькасьць гэткіх расьлінаў вырошчваецца ў Злучаных Штатах – больш за 35 мільёнаў гектараў або 68 працэнтаў ад усясьветнай плошчы пасеваў. Апошнім часам павялічылася колькасьць гэткіх пасеваў у Гішпаніі, Нямеччыне, Румыніі і Баўгарыі.
XS
SM
MD
LG