Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКАЯ ТЭМА МАГЧЫМА БУДЗЕ ЎЗДЫМАЦЦА ПАДЧАС СУСТРЭЧЫ ПУЦІНА З КВАСЬНЕЎСКІМ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Учора на прэсавай канфэрэнцыі дарадца польскага прэзыдэнта Станіслаў Цёсэк, гаворачы пра зварот, які напярэдадні накіравалі Аляксандру Квасьнеўскаму жонкі зьніклых беларускіх апазыцыйных палітыкаў, паведаміў, што ў часе перамоваў прэзыдэнты Польшчы і Расеі наўрад ці змогуць абмінуць тэму Беларусі. Спадар Цёсэк запэўніў журналістаў, што ліст беларускіх жанчынаў будзе перададзены Уладзімеру Пуціну.

“Беларусь застаецца выспай ў атачаючым яе сьвеце”, – сказаў Станіслаў Цёсэк.

Пакуль дакладна невядома, у якіх яшчэ кантэкстах размова прэзыдэнтаў Польшчы і Расеі закране Беларусь, аднак можна меркаваць, што прынамсі яшчэ дзьве праблемы, якія абавязкова абмяркуюць кіраўнікі суседніх дзяржаваў, будуць мець значны ўплыў і на Беларусь.

Па-першае, адной з мэтаў перамоваў Уладзімера Пуціна і Аляксандра Квасьнеўскага ёсьць вырашэньне шэрагу энэргетычных праблемаў, у тым ліку праблемы пастаўкі расейскага газу ў Польшчу, а таксама зацьверджаньне канчатковага праекту пабудовы другой лініі газаправоду “Ямал-Заходняя Эўропа”. Менавіта ад таго, якім будзе гэты канчатковы праект, залежыць, ці спраўдзяцца спадзяваньні беларускага боку на прыбыткі ад транзыту расейскага газу і пэўны ўзрост палітычнага уплыву Беларусі.

Другім істотным момантам польска-расейскіх перамоваў будзе абмеркаваньне стасункаў паміж Расеяй і НАТО, бо Польшча ў гэтай справе прэтэндуе на ролю сур’ёзнага пасярэдніка. Абмяркоўваючы гэапалітычныя праблемы рэгіёну, а таксама праблемы павілічэньня гандлёвага абароту паміж Польшчай І Расеяй, напэўна цяжка будзе абмінуць краіну, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры пазначаных інтарэсаў.

Варта дадаць, што ў паст-савецкай гісторыі, гэта другі візыт кіраўніка Расейскай Фэдэрацыі ў Польшчу. У 1993 годзе у Варшаву прыяжджаў прэзыдэнт Ельцын, потым прэм’ер Чарнамырдзін, а летась цяперашні расейскі прэм’ер Міхаіл Касьянаў. Шматкроць наведвалі Расею і кіраўнікі Рэспублікі Польшча. Прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі, а потым прэм’ер Лешэк Мілер былі ў Маскве напрыканцы мінулага году.

А вось афіцыйныя кантакты кіраўнікоў Польшчы і Беларусі выглядаюць значна горш. Ад 1996 году не было ніводнага спатканьня прэзыдэнтаў суседніх краінаў, таксама не было сустрэч на ўзроўні прэм’ер-міністраў.

Неафіцыйна вядома, што беларускі бок прыклаў шмат дыпляматычных захадаў, каб дамагчыся запрашэньня Аляксанра Лукашэнкі на леташні варшаўскі саміт кіраўнікоў краінаў цэнтральнай і ўсходняй Эўропы ў справе барацьбы з тэрарызмам. Аднак арганізатар і гаспадар спатканьня – прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі абмежаваўся запрашэньнем толькі прадстаўніка Беларусі.
XS
SM
MD
LG