Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖОНКА КАРПЕНКІ ПРОСІЦЬ ПАЛІТЫЧНАГА ПРЫТУЛКУ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Нямеччыну Карпенкі зьехалі ўсёй сям’ёй — Людміла, ейны сын Зьміцер, дачка Тацяна, зяць Андрэй і двухгадовая ўнучка Наста. Гэта было 5 студзеня.

Ірына Красоўская, якая праводзіла Карпенкаў на чыгуначным вакзале, кажа, што ўдава Генадзя Карпенкі не хавала плянаў застацца ў Нямеччыне, але ня ведала, калі дакладна яны папросяць палітычнага прытулку. Ірына Красоўская згадвае:

(Красоўская: ) “Яна казала, што зробіць заяву для журналістаў — трошкі пазьней і сама. Мы ведаем значна больш, чым можам казаць, але гэта ня наша таямніца”.

Ірына Красоўская адмовілася паведаміць, у які горад Нямеччыны зьехалі Карпенкі й да каго яны накіраваліся. Яна толькі запэўніла ад іхнага імя, што рашэньне зьехаць было агульным і тлумачылася немагчымасьцю далей жыць у Беларусі.

(Красоўская: ) “Гэта зьвязана з тым, што для дзяцей пры гэтай уладзе няма ніякай пэрспэктывы. А другое, гэта тое, што яна заўсёды са сваёй сям’ёй была пад такім псыхалягічным ціскам. У гэтай краіне немагчыма сябе адчуваць бясьпечна”.

Што да Фонду імя Генадзя Карпенкі, які стварыла і ўзначальвала ягоная ўдава, то, паводле Ірыны Красоўскай, фонд будзе дзейнічаць і надалей. У Беларусі ў ім па-ранейшаму будуць працаваць жонкі зьніклых палітыкаў і апазыцыянэраў, а Людміла Карпенка ў Нямеччыне зьбіраецца каардынаваць міжнародную дзейнасьць фонду. Ірына Красоўская не выключае, што пасьля зьмены ўлады ўдава Генадзя Карпенкі вернецца ў Беларусь.

Нагадаю, намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 году. Гэтую сьмерць шмат хто ў Беларусі лічыць падазронай і зьвязвае з абвастрэньнем палітычнай барацьбы паміж апазыцыяй і рэжымам Адяксандра Лукашэнкі, для якога ўвесну 1999 году сканчаўся першы прэзыдэнцкі тэрмін.

Праз год пасьля сьмерці Карпенкі ягоная жонка стварыла фонд ягонага імя, які займаўся дабрачыннай дзейнасьцю і прапагандай каштоўнасьцяў дэмакратыі. Летась фонд прэзэнтаваў кнігу ўспамінаў пра Генадзя Карпенку, актыўная роля ў падрыхтоўцы якой належыць удаве палітыка. Паводле яе, “каб выдаць гэтую кнігу, давялося пераадолець вельмі шмат цяжкасьцяў”.

Дадам, што акрамя сям’і Карпенкаў у Нямеччыне знайшлі прытулак сям’я зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў Захаранкі і старэйшы сын экс-прэм’ера Чыгіра Аляксей. Палітычнымі ўцекачамі ў ЗША сталі сем’і лідэра Кансэрватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка і старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёна Шарэцкага. Былая кіраўніца Нацбанку Тамара Віньнікава атрымала палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. А ўсяго, паводле розных крыніцаў, ужо некалькі тысяч грамадзянаў Беларусі хаваюцца на Захадзе ад палітычнага перасьледу на радзіме.

Дарэчы, паводле Вольгі Захаранкі, якая жыве ў Нямеччыне блізу гораду Мюнстэра, у мэдыях Нямеччыны пакуль няма зьвестак пра тое, што Карпенкі папрасілі палітычнага прытулку. Адмаўляюцца камэнтаваць гэтыя зьвесткі і ў амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG