Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПУЦІН ПАВІНЕН НАЦІСНУЦЬ НА БЕЛАРУСЬ”


Алена Панкратава, Менск

“Дагэтуль Пуцін адкрыта не выказваўся адносна парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, аднак у часе ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам Квасьнеўскім размова на гэтую тэму больш чым верагодная”, — піша аглядальнік “Sueddeutsche Zeitung” Томас Урбан.

Апошнім часам Аляксандру Квасьнеўскаму даводзілася неаднаразова выступаць у падтрымку апазыцыйных сілаў Беларусі. Паводле нямецкага журналіста, стасункі паміж Варшавай і Менскам з кожным днём усё больш псуюцца. Польскі друк рэгулярна паведамляе пра тое, як у Беларусі дыскрымінуюць прадстаўнікоў польскай меншасьці, як на дзяржаўным радыё закрылі нядзельную праграму для каталікоў.

Літаральна напярэдадні візыту Пуціна ў Варшаву жонкі шасьці пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі дысыдэнтаў зьвярнуліся да Квасьнеўскага з просьбай: у часе польска-расейскіх перамоваў абмеркаваць тэму парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

“Па сутнасьці Пуцін як лідэр новай расейска-беларускай фэдэрацыі ёсьць адзінай сілай, якая ў стане паўплываць на непрадказальную палітыку афіцыйнага Менску”, — лічаць нямецкія назіральнікі.

У адрозьненьне ад беларускага кіраўніцтва, маскоўскі лідэр і ягонае атачэньне, — піша аглядальнік радыёкарпарацыі “Deutsche Welle”, — гэта прадстаўнікі новай генэрацыі палітыкаў. Яны прагматычныя, выдатна адукаваныя, убачылі сьвет, ведаюць замежныя мовы. Набліжэньне НАТО на ўсход цяпер у Расеі не выклікае былой эмацыйнай рэакцыі.

Пуцін і Расея ў стане наладжваць з Эўропай узаемавыгадныя стасункі. Паступова пачынаюць мяняцца тыя ж раней няпростыя расейска-польскія дачыненьні. Сказаць пра нейкія зьмены ў стасунках паміж Варшавай і Менскам пакуль немагчыма. Магчыма, Расея і стане той сілай, якая дапаможа сваёй суседцы-Беларусі зрабіць адпаведныя крокі ў бок дэмакратыі, — лічаць нямецкія назіральнікі. Працэс пакрокавай экспансіі пры гэтым таксама магчымы.
XS
SM
MD
LG