Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭРВЭЗ МУШАРАФ КРЫТЫКУЕ РЭЛІГІЙНЫ ЭКСТРЭМІЗМ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага.

Канфлікт паміж суседнімі краінамі ўзьнік пасьля нападу тэрарыстаў на індыйскі парлямэнт. У выніку – абедзьве краіны сканцэнтравалі свае войскі на мяжы, у спрэчнай зоне Кашміру.

Сёньня індыйскі ўрад вітаў рашэньне Пакістану не дапусьціць, каб тэрыторыя гэтай краіны не выкарыстоўвалася ў якасьці базы для тэрарыстычных атакаў. Адначасна ўрадоўцы заяўляюць, што Індыя захавае на мяжы дысьлякаваныя войскі, пакуль словы Паістану ня стануць справай.

Такая рэакцыя дае амэрыканцам, брытанцам і Эўрапейскаму Зьвязу больш часу, каб уздыхнуць з палёгкай, бо існуе пагроза вайны. “Чым далей, тым лепш”, - сказаў у Дэлі адзін з заходніх дыпляматаў.

Індыйскія афіцыйныя асобы сёньня гаварылі, што пасьля інтэнсіўных дыскусіяў яны вырашылі даць Мушарафу крэдыт невінаватасьці зь гледзішча істотных зьменаў у ягонай палітыцы, якая можа прывесьці і да поўнай зьмены ў стасунках паміж краінамі, гэта значыць, прывесьці абедзьве краіны да перамоваў.

Але афіцыйныя асобы папярэдзілі, што гэты абнадзейваючы момант выпарыцца, калі Пакістан не зьліквідуе на сваёй тэрыторыі ісьлямісцкія радыкальныя групоўкі, якія вядуць тое, што яны называюць сьвятой вайной супраць Індыі ў Кашміры.

Сёньня на прэсавай канфэрэнцыі міністар замежных справаў Джасвант Сынгх, выкарыстоўваючы традыцыйную дыпляматычную лексыку, заявіў у гэтай сувязі, што аслабленьне напружаньня на мяжы цалкам залежыць ад крокаў, якія зробіць далей Пакістан, у працяг заяваў Пэрвэза Мушарафа.

Унутры самога Пакістану ідэя Мушарфа адмежавацца ад тэрарызму ў Кашміры і ачысьціць краіну ад ісьлямісцукай ваяўнічасьці, здаецца, набывае грамадзкую падтрымку. Але шмат пакістанцаў лічыць, што барацьба за тое, каб зрабіць Кашмір незалежным ад Індыі, законная, але ня шляхам тэрарызму, які абцяжарвае пошук дыпляматычных рашэньняў.

Амэрыканцы і брытанцы заклікалі індусаў станоўча адрэагаваць на заявы Мушарафа. Сёньня раніцай прэзыдэнт ЗША Джордж Буш патэлефанаваў лідэрам Індыі і Пакістану, каб тыя пасьпяшаліся працягнуць пошук мірных шляхоў разьвязаньня самага вострага цягам трох дзесяцігодзьдзяў канфлікту. Пазьней на гэтым тыдні Дзяржсакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл наведае абедзьве краіны.
Сур’ёзныя намаганьні ЗША і Вялікай Брытаніі ў гэтай праблеме тлумачацца тым, што пэрспэктыва вайны паміж Індыяй і Пакістанам ускладняе вядзеньне антытэрарыстычнай кампаніі, якая зараз у фазе пошуку Ўсамы бін Лядэна і іншых лідэраў “Аль-Кайды” і Талібану. Яны, цалкам магчыма, хаваюцца на пакістанскай тэрыторыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG