Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

MЗС НЯ БАЧЫЦЬ МАЖЛІВАСЬЦІ ДЛЯ ДАЛЕЙШАГА ЗНАХОДЖАНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ КНГ АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск

У тэлеінтэрвію Міхаіл Хвастоў заявіў, што мандат групы АБСЭ ў Менску “не выконваўся і ў 2002 годзе, і ў 2001 годзе”. Мажліва, міністар абмовіўся і меў на ўвазе 2000–2001 гады, аднак паправак дасюль не было, хаця незразумела, як магла група АБСЭ парушаць мандат цягам суцэльных навагодніх сьвятаў.

Відавочна, афіцыйны Менск лічыць само знаходжаньне КНГ у Беларусі парушэньнем мандату. Як сказаў міністар Хвастоў, “у рамках цяперашняга мандату пры шырокім яго трактаваньні, ва ўмовах, калі групе прадпісваецца дзейнічаць як палітычнай сіле ў Беларусі й нібы стаць контарпартнэрам ураду, я, як міністар, ня бачу мажлівасьці для знаходжаньня групы КНГ АБСЭ ў Менску”.

Спадар Хвастоў упершыню паведаміў, што пытаньне пра мандат КНГ было пастаўленае беларускім бокам у сакратарыяце АБСЭ ў Вене ды што ён даў адпаведныя інструкцыі прадстаўніку Беларусі ў АБСЭ амбасадару Гайсёнку. Цікава, аднак, што інфармацыйная служба сакратарыяту АБСЭ заявіла Радыё Свабода, што пытаньне пра групу ў Менску не ўваходзіць у кампэтэнцыю венскага сакратарыяту — гэта справа дзейнага старшыні АБСЭ, якім цяпер ёсьць міністар замежных справаў Партугаліі Жаймэ Гама.

Ён разам з былым старшынём з Румыніі й наступным зь Нідэрляндаў у фармаце “тройкі АБСЭ” зьбіраецца абмеркаваць беларускае пытаньне наступным тыднем у Лісабоне, куды будуць запрошаныя кіраўнікі ўсіх палявых місіяў АБСЭ. Як жартуюць у неафіцыйных размовах супрацоўнікі партугальскага міністэрства замежных справаў, падобна на тое, што група АБСЭ ў Менску дзейнічае ўсё больш не ў палявых, а ў франтавых умовах.

Беларускі міністар Міхаіл Хвастоў, які на апошняй нарадзе кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў дзяржаваў АБСЭ ў Бухарэсьце скардзіўся на тое, што парадку закрыцьця місіяў АБСЭ няма, цяпер заяўляе, што ня можа “пагадзіцца з тым, што нам прапаноўваюцца іншыя ўмовы дзейнасьці групы АБСЭ, чым унівэрсальныя, якія прынятыя для такіх груп у іншых краінах”.

Спадар Хвастоў таксама не згаджаецца з тым, што ліквідуюцца групы АБСЭ ў праблемных краінах, якімі ён лічыць Латвію й Эстонію. Паводле яго, там “сапраўды ёсьць праблемы з правамі чалавека, пытаньні гуманітарнага супрацоўніцтва й пытаньні нацменшасьцяў стаяць даволі востра”.

Міністэрствы замежных справаў гэтых дзьвюх балтыйскіх краінаў ужо адхілілі абвінавачаньні афіцыйнага Менску, які апошнімі гадамі пра парушэньні правоў чалавека ў Латвіі ды Эстоніі нічога не заўляў.

А яшчэ Беларусь рызыкуе сапсаваць стасункі з пэўнымі дзяржавамі СНД. Міністар Хвастоў заявіў у тэлеінтэрвію, што палітычныя і эканамічныя ўмовы ў Беларусі значна лепшыя, чымсьці ў шэрагу краін Садружнасьці. Са зьместу інтэрвію можна было зразумець, што кіраўнік МЗС Беларусі робіць параўнаньне з Азэрбайджанам, Казахстанам і Кіргізіяй.

Азэрбайджанскае амбасады ў Менску няма, а ў казахстанскай мне нагадалі, што ўжо рабілі пратэст з нагоды аналягічных параўнаньняў у перадвыбарчым прапагандысцкім матэрыяле газэты “Советская Белорусся”. Мажліва, менскія дыпляматчыныя прадстаўніцтвы Казахстану й Кіргізіі дашлюць Міністэрству замежных справаў ноты — гэтыя пытаньні цяпер разглядаюцца ў Астане й Бішкеку.
XS
SM
MD
LG