Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ АНАЛІТЫКІ ЛІЧАЦЬ ПАЛІТЫКУ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ ШТО ДА КНГ АБСЭ НЕЗРАЗУМЕЛАЙ


Алена Панкратава, Менск

Большасьць аналітыкаў, падобна доктару паліталёгіі з Мангаймскага ўнівэрсытэту Астрыд Заам, лічаць апошнія захады афіцыйнага Менску з гледзішча паліталёгіі абсалютна нетэхналягічнымі.

(Заам: ) “Лёгіку палітыкі афіцыйнага Менску я зразумець не магу. Больш таго, гэтая палітыка абсалютна неэфэктыўная. Пры троху іншых паводзінах беларускі рэжым мог бы даўно дасягнуць адмены ўсялякіх санкцыяў. Ён жа вядзе нейкія гульні, якія толькі марудзяць гэты працэс. Менск хоча несумяшчальнага: максымальнага кантролю над усім, што адбываеццца ў краіне, а таксама адмены санкцыяў... У гэтым сэнсе эфэкт можа быць адваротным”.

Паводле калегаў спадарыні Заам, супрацоўнікаў Мангаймскага Цэнтру палітычных дасьледаваньняў, падобныя паводзіны беларускага кіраўніцтва не выключаюць верагоднасьці, што ў хуткім часе для Эўразьвязу больш прывабнай стане Беларусь як адміністрацыйная частка Расеі, бо палітычнае і эканамічнае разьвіцьцё Расеі больш адпавядае агульнаэўрапейскім тэндэнцыям. Сытуацыя ў цяперашняй суверэннай Беларусі не паддаецца ніякім прагнозам, ды й невядома, на працягу якога часу такая сытуацыя захаваецца, — лічаць мангаймскія экспэрты.

Як лічаць бэрлінскія назіральнікі, апошняя заява міністра Хвастова ня ёсьць для эўрапейскіх структураў новай і нечаканай. Аналітыкі разглядаюць у гэтым зьвязку розныя сцэнары. Першы: прадстаўнікі АБСЭ лічаць немагчымым абмежаваньне функцыяў сваёй групы ў Беларусі, калі КНГ становіцца выключна кансультантам для беларускага кіраўніцтва і мінімізуе свае кантакты з апазыцыяй. У такім выпадку сапраўды магчымая дэпартацыя беларускай групы. Падобны сцэнар разглядаецца як найгоршы для Беларусі. Прычым афіцыйны Менск гэта добра разумее, — лічаць экспэрты.

Іншае разьвіцьцё падзеяў, якое не выключаюць дасьведчаныя нямецкія крыніцы, калі асобныя ўрады ЭЗ, сярод якіх і ўрад Нямеччыны, могуць пайсьці на зьмену мандату. Урады зыходзяць з таго, што місія ў Менску, хай і з абмежаванымі функцыямі, але павінна захавацца. У дадзеным выпадку, з гледзішча эўрапейскіх палітыкаў, паглынаньне Беларусі Расеяй выглядае дастаткова лягічным.

Як лічаць нямецкія экспэрты, высьветліць лёс КНГ АБСЭ можна будзе на пачатку лютага, у часе вялікай нямецка-беларускай імпрэзы ў Кёльне, куды сярод іншых палітыкаў запрошаны міністар Міхаіл Хвастоў.

XS
SM
MD
LG