Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА АБ’ЯДНАНЬНЯ “АТЛЯНТ” ЛЕАНІДА КАЛУГІНА СА СЬЛЕДЧАГА ІЗАЛЯТАРА ПЕРАВЯЛІ Ў ПСЫХІЯТРЫЧНЫ ШПІТАЛЬ “НАВІНКІ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакат Пыльчанка перакананы, што сьледзтва наўмысна абышло закон, які патрабуе адпаведнай пастановы сьледчага, калі арыштанта трэба зьмясьціць на экспэртызу ў стацыянар.

(Пыльчанка: ) “Так, гэта безумоўнае парушэньне закону. Павінна быць пастанова, зь якой знаёмяцца і абаронцы, і ён сам. Калі чалавека абсьледуюць амбуляторна, тады пастанова не патрэбная, а яго ж паклалі адразу ў стацыянар — тут без пастановы нельга, але мне пра яе дагэтуль нічога невядома”, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Пыльчанка.

Тое, што Леаніда Калугіна адразу накіравалі ў псыхіятрычны стацыянар, паводле адваката, таксама супярэчыць прынятай практыцы.

(Пыльчанка: ) “Такіх выпадкаў асабіста я ня ведаю. Канечне, гэта магчыма, калі раней чалавек хварэў, нейкія былі ў яго прыпадкі, але, наколькі мне вядома, з Калугіным нічога такога не было”, — кажа адвакат.

За апошнія ледзь ня два месяцы, падчас якіх Калугін быў у сьледчым ізалятары, яны сустракаліся шмат разоў. Паводле ўражаньняў ад размоваў з Калугіным, Пыльчанка зрабіў наступную выснову:

(Пыльчанка: ) “Калі б усе кіраўнікі так разважалі, мы б жылі ў заможнай краіне. Дай Бог кожнаму такога розуму”, — кажа пра Калугіна адвакат Пыльчанка.

У адваката ёсьць дзьве асноўныя вэрсіі, чаму Калугіна накіравалі ў псыхіятрычны шпіталь. Паводле першай, сьледчыя спрабуюць працягнуць расьсьледаваньне, а дастаткова падставаў дзеля гэтага няма. Ад затрыманьня былога дырэктара “Атлянту” прайшло ледзь ня два месяцы, аднак доказаў віны Калугіна, паводле адваката, нябачна, і зьявілася небясьпека, што пракурор, які назірае за сьледзтвам, можа не падоўжыць тэрмін расьсьледаваньня. Таму сьледчыя могуць спадзявацца, што за месяц, цягам якога будзе рабіцца псыхіятрычная экспэртыза, яны знойдуць дадатковыя доказы віны Калугіна.

А паводле другой вэрсіі, Леаніда Калугіна зьмясьцілі ў “псыхушку”, каб зламаць ягоную волю, прымусіць далей быць больш згаворлівым. “Мой падабаронны адпачатку не прызнаў сябе вінаватым ні ў чым. Сьледчыя раілі яму ня быць такім няўступлівым, але ён не зьмяніўся. У выніку сьледчыя дзеяньні з удзелам Калугіна фактычна спыніліся. Гэтак, за апошнія 10 дзён зь ягоным удзелам прайшоў толькі адзін допыт”, — паведаміў адвакат Аляксандар Пыльчанка.

Зьвестак пра ўмовы, у якіх цяпер утрымліваецца Леанід Калугін, небагата. Дачка арыштаванага экс-дырэктара Ірына мела зь ім спатканьне, бо была дапушчаная да ягонай абароны. Яна кажа, што гэтыя ўмовы “ня горшыя за тыя, што былі ў сьледчым ізалятары, але, канечне, псыхалягічна яны вельмі цяжкія”. На маю просьбу пракамэнтаваць апошнія падзеі вакол Леаніда Калугіна ягоныя сваякі адказалі адмовай.

У дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, які вядзе справу экс-дырэктара “Атлянту”, камэнтаваць зьмяшчэньне Калугіна ў “Навінкі” адмовіліся.
XS
SM
MD
LG