Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВАЯ АКЦЫЯ “БЕЛАРУСЬ У ЭЎРОПУ” АХОПІЦЬ АМАЛЬ УСЮ КРАІНУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя Маладога Фронту пад назваю “Беларусь у Эўропу” пачынаецца 14 лютага, на дзень Сьвятога Валянціна, і будзе праходзіць у краіне ўжо шосты раз.

Сёлетняя акцыя, нягледзячы на традыцыйны абыход моладзьдзю амбасадаў краінаў Эўропы й ЗША і тэатралізаваны марш “Беларусь у Эўропу”, будзе істотна розьніцца ад мерапрыемстваў мінулых гадоў. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Будзе адначасовы старт у дзень Сьвятога Валянціна, 14 лютага. Мы плянуем, што пачатак кампаніі ахопіць больш за 40 гарадоў, і за гэтым стартам пачынаецца самая цікавая частка маратону. Кожны дзень будуць адбывацца акцыі ў гарадах Беларусі пачынаючы з усходу з пасоўваньнем на захад у мэрыдыяльным пляне. Гэта значыць, практычна ўсе гарады Беларусі, агулам больш за 110 гарадоў цягам 92 дзён, вось гэтых трох месяцаў ад усходу да захаду кампанія пройдзе праз усю краіну”.

У Менску маладафронтаўскае шэсьце пачнецца 14 лютага а 17-й гадзіне з пляца Я.Коласа. Арганізатары спадзяюцца, што ўлады ня будуць ім перашкаджаць. Кожны дзень акцыя “Беларусь у Эўропу” будзе праходзіць у адным ці двух гарадах. Гэта будуць мітынгі, пікеты ў падтрымку беларускай інтэграцыі ў эўрапейскія структуры, розныя грамадзка-культурыя імпрэзы ды спартовыя спаборніцтвы.

У Менску акцыя пройдзе 2 красавіка — у г.зв. сьвята аб’яднаньня Расеі й Беларусі, але ў межах акцыі гэты дзень завецца Днём Эўропы. Арганізатары падкрэсьліваюць, што ўсе мерапрыемствы ў рамках трохмесячнага маратону “Беларусь у Эўропу” будуць мець сьвяточны ды неагрэсіўны характар. Такім чынам маладафронтаўцы ставяць за мэту перацягнуць на свой бок моладзь, якая хоча, каб Беларусь была часткай аб’яднанай Эўропы, аднак актыўнага ўдзелу ў палітыцы яшчэ ня брала.

Падобныя акцыі таксама плянуеццца наладзіць у эўрапейскіх краінах. Гаворыць старшыня міжнароднай камісіі Маладога Фронту Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) “Перш за ўсё гэта акцыі салідарнасьці. Ад пікетаў у эўрапейскіх сталіцах, насупраць беларускіх амбасадаў, ці каля ўстановаў Эўрапейскага Зьвязу з мэтай падтрымкі беларускай моладзі, якая імкнецца стаць часткай эўрапейскай цывілізацыі. Таксама ў рамках праяваў салідарнасьці мы разьлічваем, што ў Беларусь прыедуць прадстаўнікі моладзевых палітычных арганізацыяў з Эўропы”.

Ужо вядома, што акцыі салідарнасьці зь беларускай моладзьдзю пройдуць у Варшаве, Вільні, Празе й Брусэлі.

Маладафронтаўскі маратон скончыцца 14 траўня — у дзень рэфэрэндуму, які скасаваў нацыянальную сымболіку і надаў статус дзяржаўнай расейскай мове. У гэты дзень па ўсёй Беларусі будуць вывешаныя тысячы бел-чырвона-белых сьцягоў, а таксама сьцягоў Эўрапейскага Зьвязу.

XS
SM
MD
LG