Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКІ ЛІЦЭЙ У ПОЛЬШЧЫ – ПРЭСТЫЖНЫ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

У рэйтынгу, які ладзіцца польскай арганізацыяй “Пэрспэктывы” пры ўдзеле штодзённай газэты “Rzeczpospolita”, узялі ўдзел каля чатырохсот школаў з усёй краіны. Восьмае месца атрымаў Бельскі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча, дзе навучаньне вядзецца на беларускай мове. Варта адзначыць, што летась у гэтым рэйтынгу ліцэй зь Бельску быў на 23-м месцы.

Высокія вынікі аказаліся магчымымі перадусім дзякуючы посьпехам бельскіх ліцэістаў, сямёра зь якіх перамаглі ў прадметных алімпіядах, а дзесяць навучэнцаў ліцэю сталі фіналістамі. А менавіта паводле вынікаў удзелу навучэнцаў у прадметных алімпіядах і вызначаецца мейсца навучальнай установы ў рэйтынгу.

А што значыць гэтая перамога для ліцэю? Гаворыць дырэктарка ліцэю Зінаіда Навіцкая:

(Навіцкая: ) “Напэўна, маем вялікае задавальненьня з такога высокага месца. Гэта значыць, што надалей трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць”.

(Карэспаедэнт: ) “Скажыце, а ў якіх прадметах найбольш вызначыліся вашыя вучні?”

(Навіцкая: ) “Перадусім у алімпіядах беларускай мовы – 5 ляўрэатаў і 6 фіналістаў. А з усіх іншых прадметаў – па адным ляўрэаце, па адным ці двух фіналістах”.

(Карэспандэнт: ) “А ці можа ліцэй чакаць якіх-небудзь выгодаў з нагоды гэтак высокіх вынікаў?”

(Навіцкая: ) “Ліцэю гэта дае вельмі шмат перадусім у часе набору ў першыя клясы”.

(Карэспандэнт: ) “А на якія вынікі можна спадзяваца ў гэтым годзе?”

(Навіцкая: ) “Ведаеце, з алімпійцамі – як з ураджаем. Адзін год уродзіць, а другі – возьме і ня ўродзіць”.

Акрамя 8-мага месца ў краіне, Бельскі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча аказаўся найлепшай навучальнай установай свайго рангу ва ўсім Падляскім Ваяводзтве.
XS
SM
MD
LG