Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІМЯ МІЛОШАВІЧА ЗЬНІКЛА СА ШКОЛЬНЫХ ПАДРУЧНІКАЎ ПА ГІСТОРЫІ


Валер Каліноўскі, Прага

Цяперашнія сэрбскія школьнікі большую частку свайго жыцьця пражылі пад уладай Слабадана Мілошавіча. Але ў школе яны цяпер могуць вельмі мала даведацца пра яго, ці нават ўвогуле нічога.

Новым падручнікам гісторыі карыстаюцца 13-14-гадовыя вучні, у апошні год адукацыі ў базавых школах. Апошні разьдзел падручніка носіць назву “Сучасныя праблемы Югаславіі”. У ім пералічаныя войны ў Славеніі, Харватыі, Босьніі і Косаве. Але Мілошавіч, які быў абраны прэзыдэнтам Сэрбіі ў 1989 годзе і прэзыдэнтам Югаславіі ў 1997-м, у ім зусім ня згадваецца.

Нават ягоны сыход ад улады ў выніку масавых акцыяў пратэсту ў кастрычніку 2000-га апісаны без упамінання ягонага прозьвішча. У падручніку на гэты конт запісана: “Фэдэральныя выбары ў верасьні 2000-га прывялі да зьмены ўлады і мадыфікацыі ўнутранай і зьнешняй палітыкі краіны”.

Радаслаў Петкавіч, дырэктар дзяржаўнага выдавецтва, быў адным з трох суаўтараў гэтай кнігі, адобранай Міністэрствам адукацыі. Петкавіч прызнае, што цяпер гэты падручнік выклікае шмат пярэчаньняў сярод настаўнікаў і ў югаслаўскім грамадзтве. Але ён зазначае, што ўвогуле не хацеў апісваць апошнія 10 гадоў югаслаўскай гісторыі, і таму вырашыў завяршыць падручнік без згадваньня значных палітычных фігураў гэтага часу ды апісаць зьмену ладу ў краіне толькі ў агульных словах:

(Петкаваіч: ) “Я лічу, што гэтая частка гісторыі, яшчэ не гісторыя. Мы ня можам яшчэ пісаць пра навейшую гісторыю, бо ня маем адпаведных дакумэнтаў, мы ня маем магчымасьці іх дасьледаваць у архівах. Вывучэньне гэтага пэрыяду ўвогуле яшчэ ня стала задачай для гісторыкаў, — кажа Радаслаў Петкавіч.

На яго думку, апошнім разьдзелам у падручніках гісторыі на сёньня мусіць быць распад Югаславіі ў пачатку 90-х.

Слабаданка Антыч, псыхоляг адукацыі зь Бялграду, таксама лічыць, што апошнія падзеі ў Югаславіі дасюль ацэньваюцца занадта палітызавана, каб быць дакладна адлюстванымі ў школьных падручніках. Але, мяркуе яна, калі ўжо гэтыя падзеі неяк апісваюцца, то спасылкі на Мілошавіча павінны быць.

Спадарыня Антыч зазначае, што зьмест школьных падручнікаў гісторыі ў яе краіне заўсёды дыктаваўся ўладай. А гісторыя надта адчувальная да палітыкі. Яна мяркуе, што калі-небудзь прапаганда страціць свой уплыў на гістарычныя падручнікі у Сэрбіі, але гэта станецца яшчэ няхутка, не праз год пасьля адстаўкі Мілошавіча.

Гайке Каргэ, прафэсар нямецкага Інстытуту Джорджа Экерта, які займаецца дасьледаваньнем падручнікаў, выконвала праект дапамогі нацыям былой Югаславіі ў стварэньні збалянсаваных падручнікаў гісторыі. Аднак, зазначае яна, Сэрбія адмовілася ад іх дапамогі. На ейную думку, новы падручнік ня ўтрымлівае ідэалягічных ацэнак ролі іншых нацыяў былой Югаслаўскай федэрацыі. І тут бачны відавочны прагрэс. З другога боку, кажа Гайке Каргэ, трэба ўлічваць, што напісаньне падручнікаў – гэта доўгі працэс, пра што сьведчыць досьвед іншых краінаў Паўднёвай і Ўсходняй Эўропы.

Каргэ мяркуе, што пра Мілошавіча ня пішуць і таму, што тлумачэньне ягонага пэрыяду кіраваньня для дзяцей вельмі складана ажыцьцявіць.

Але ўсё ж няма дастаковых аргумэнтаў, каб не пісаць пра гэты пэрыяд увогуле, лічыць Гайке Каргэ:

(Каргэ: ) “Я, як гісторык, вельмі спадзяюся, што імя Мілошавіча знойдзе месца ў гістарычных падручніках. Паколькі людзі ў Сэрбіі ведаюць пра яго, але па-рознаму інтэрпрэтуюць. Калі ж вы спрабуеце выкрасьліць чыёсьці імя з гісторыі, то гэта выклікае пэўныя паралелі зь мінулага. Гэтыя праблемы ўсё роўна будуць абмяркоўвацца, ня ў школе, але па-за ёй, у сем’ях і на вуліцы,” – лічыць Гайке Каргэ, прафэсар нямецкага Інстытуту Джорджа Экерта. На ёйную думку, ігнараваньне імя Мілошавіча ў школе прывядзе толькі да міталягізацыі цяпершняга сэрбскага вязьня нумар 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG