Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫРЭКТАРА МТЗ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА ЯШЧЭ НА 7 ДЗЁН ПАКІНУЛІ ЗА КРАТАМІ, ХАЦЯ АФІЦЫЙНАГА АБВІНАВАЧАНЬНЯ ДАГЭТУЛЬ НЯМА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Згодна з рашэньнем Віктара Пруса, Лявонава перавялі з ізалятара часовага ўтрыманьня ў Дабрамышленскім завулку ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Дасьведчаныя людзі перакананыя, што адтуль дырэктару няма іншай дарогі, як у суд. Між тым, афіцыйнага абвінавачаньня Міхаілу Лявонаву дагэтуль няма, што, на думку ягонага адваката Мікалая Шалімы, сьведчыць пра непадрыхтаванасьць сьледзтва.

(Шаліма: ) “Відаць, няма чаго прад’яўляць. Калі б было, даўно ўжо прад’явілі б. А чаму сьледзтва пайшло на затрыманьне, калі няма доказаў віны, гэта мне невядома. Магчыма, самі пасьпяшаліся; магчыма, атрымалі адпаведны загад”, — заявіў Радыё Свабода адвакат Шаліма.

Сёньня ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага адвакат другі раз сустрэўся зь Лявонавым. Паводле Мікалая Шалімы, ягоны падабаронны не знаходзіць тлумачэньняў дзеяньням пракуратуры.

(Шаліма: ) “Ён увогуле зьдзіўлены тым, што адбываецца. Бо паказчыкі заводу, уся ягоная праца сьведчаць, што ён адстойваў інтарэсы краіны, заводу, клапаціўся пра дабрабыт сваіх рабочых, а яго абвінавацілі ў тым, чаго ён не рабіў”, — паведаміў адвакат.

Адкават Мікалай Шаліма даў тлумачэньні гісторыі з пашпартам, які быццам быў падроблены Лявонавым. Адвакат кажа, што гэта хлусьня. Лявонаў накіраваўся ў Маскву са сваім сябрам, кіроўца якога выпадкова перадаў гэтаму чалавеку свой пашпарт, сьцьвярджае адвакат Шаліма. Ён запэўнівае, што ў тым пашпарце не было фотаздымка Лявонава, як пра гэта сёньня напісала “Белорусская деловая газета”.

Між тым, журналіст “БДГ” Сяргей Сацук настойвае на праўдзівасьці сваіх зьвестак. Ён нават часткова адкрывае крыніцы гэтай інфармацыі.

(Сацук: ) “Я даведаўся пра гэта непасрэдна ад тых, хто яго затрымліваў. Што пры ім быў пашпарт на іншае імя, але зь ягоным фотаздымкам”, — настойвае журналіст Сяргей Сацук.

Між тым адвакат Мікалай Шаліма называе гэтыя зьвесткі паклёпам і не выключае, што яны распаўсюджаныя мэтанакіравана, каб скампрамэтаваць ягонага падабароннага. “Тады ж атрымліваецца, што ён сапраўды нібыта хацеў уцячы. А калі хацеў уцячы, то і ў астатнім, маўляў, вінаваты”, — абураецца адвакат.

Мікалай Шаліма не выключае, што Лявонаў падасьць на газэту ў суд, каб абараніць свае гонар і годнасьць.

Але такая магчымасьць у Лявонава, верагодна, зьявіцца ня хутка. Паводле зьвестак з пракуратуры, там не сумняюцца, што дырэктар МТЗ вінаваты, і адтэрміноўка з прад’яўленьнем абвінавачаньня нібыта тлумачыцца толькі вялікай колькасьцю эпізодаў, што будуць інкрымінаваныя Лявонаву.

Паводле крыніцаў з пракуратуры, у справе будзе ня менш як 15 эпізодаў. А разам зь Лявонавым па гэтай справе будуць праходзіць яшчэ ня менш за 5 адказных супрацоўнікаў адміністрацыі МТЗ, якіх быццам неўзабаве таксама арыштуюць.

Яшчэ стала вядома, што сьледчую групу па справе Менскага трактарнага заводу ўзначаліў сьледчы па асабліва важных справах Іван Бранчаль. У пракуратуры ён вядомы як адмысловец у справах, што маюць вялікі грамадзкі рэзананс. У прыватнасьці, менавіта Бранчаль кіраваў расьсьледаваньнем справы супраць групоўкі былога “алмазаўца” Ігнатовіча, які ў тым ліку падазраецца ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.


XS
SM
MD
LG