Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ГАНДЛЯРЫ ЦЫГАРЭТАМІ І АЛЬКАГОЛЕМ У ПОЛЬШЧЫ ШУКАЮЦЬ НОВУЮ ПРАЦУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Колькасьць жадаючых трапiць у Польшчу праз памежныя пераходы, што зьмешчаныя ў Берасьцейскай вобласьцi, з пачаткам новага году iстотна паменшылася.

Мясцовыя цягнiкi — зь Берасьця да першай польскай станцыi Тэрэспаль, якiя раней карысталiся вялiкай папулярнасьцю, зараз ад’яжджаюць запоўненымi ледзь напалову. Рэзка скарацiлася й чарга аўтамабiляў зь беларускiмi нумарамi на памежных пераходах “Варшаўскi мост” i “Дамачава”.

Прычына такiх зьменаў палягае ў рашэньнi польскага Мiнiстэрства фiнансаў абмежаваць увоз у краiну акцызных тавараў — у першую чаргу, алькаголю i тытуню. Ад 1 студзеня бяз мытнага афармленьня дазваляецца правозiць ня больш як паўлiтра алькагольных напояў i пачак цыгарэтаў.

Прычым абмежаваньнi тычацца асобных групаў грамадзянаў — гэта кiроўцы мiжнароднага транспарту; асобы, што працуюць у памежнай зоне; i жыхары памежных з Польшчай рэгiёнаў Беларусi. Для астатнiх катэгорыяў грамадзянаў застаецца ранейшая норма — 1 лiтар алькаголю i 18 пачак цыгарэтаў. Бесьперашкодна правозiць гэтую норму дазваляецца толькi адзiн раз на месяц.

Прыняцьце згаданага рашэньня польскi бок тлумачыць забесьпячэньнем фiнансавых iнтарэсаў сваёй дзяржавы. Берасьцейскiя “чаўнакi” сьцьвярджаюць, што польскiя мытнiкi па пашпартах адсочваюць належнасьць пасажыраў да таго цi iншага рэгiёну Беларусi. Таму для жыхароў Берасьцейскай i Гарадзенскай абласьцей вандроўкi ў суседнюю краiну сталiся стратнымi — перавоз дазволенай нормы алькагольных i тытунёвых вырабаў ня можа кампэнсаваць нават выдаткi на праезд у Тэрэспаль.

Вось як камэнтуюць сытуацыю, якая склалася ў сувязi з рашэньнем польскiх уладаў самi чаўнакi:

(Спадарыня: ) “Я, напрыклад, беспрацоўная. Жыву ў Жабiнцы, дзе ўладкавацца на працу немагчыма. Няма працы ўвогуле. Вы лiчыце, хто-небудзь паехаў бы зь людзей, калi б меў не шыкоўны, а хаця б крыху прыстойны заробак? Нiхто б не паехаў”.

(Спадар: ) “Я таксама б не паехаў. Але жонка працуе даяркай, атрымлівае 50 тысячаў. Вы можаце паверыць? У сям’і чатыры сыны, а я — пяты. А так я цягаю свайго сына, якому 16 гадоў няма, каб нейкую капейку зарабiць. Не ад добрага жыцьця мы туды езьдзiм, бо трэба”.

Пытаньне аб далейшых плянах засмучвае некаторых жыхароў Берасьця яшчэ больш:

(Спадар: ) “Гэта праблема. Таму што завод наш стаiць, i раней была магчымасьць нядрэнна зарабiць за кошт паездак за мяжу. А цяпер ня ведаю, прыйдзецца iсьцi на бiржу працы. Няма iншага выйсьця. Няма сродкаў для таго, каб iснаваць у нашай дзяржаве. Я думаю, што далей будзе яшчэ горш”.

Мяркуе адзiн з жыхароў Берасьця, якi раней зарабляў на жыцьцё перавозам у Польшчу алькагольных i тытунёвых вырабаў.


XS
SM
MD
LG