Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМІЖ БЕЛАРУСЬСЮ І ЗАХАДАМ НАСЬПЯВАЕ НОВЫ КАНФЛІКТ


Алена Панкратава, Менск

Паводле Аляксандра Рара, праўдападобна, што Эўропа нарэшце зразумела: неабходныя крокі афіцыйнага Менску ў бок Эўразьвязу так і ня будуць зробленыя. Аляксандар Рар працягвае:

(Рар: ) “Мне здаецца, насьпявае новы канфлікт паміж Беларусьсю і Захадам. Хаця пасьля абраньня Лукашэнкі ўсім падавалася (і такія сыгналы зыходзілі з афіцыйнага Менску), што беларускі прэзыдэнт зробіць крок у бок ЭЗ, нават мо ўступіць ў антытэрарыстычны альянс і выкарыстае гэтую спрыяльную сытуацыю, каб наблізіць сваю краіну да Эўропы. Эўропа гэтага чакала, але гэта не адбылося, і мы зараз зноў вярнуліся да таго складанага часу, які назіралі да выбараў”.

Паводле вядомага нямецкага палітоляга, надзвычай неспрыяльным і складаным выглядае сам фон разьвіцьця беларуска-эўрапейскіх стасункаў. Ніяк не вырашаецца пытаньне адносна прызначэньня пераемніка Віка на пасадзе старшыні місіі АБСЭ, бо Беларусь працягвае настойваць на зьменах у мандаце гэтай групы.

Вельмі скандальнымі выглядаюць публікацыі ў заходнім друку адносна таго, што Беларусь незаконна пастаўляе зброю арабскім краінам, якая, магчыма, трапляе ў рукі тэрарыстаў. Усё гэта, лічыць Аляксандар Рар, адсоўвае назад тыя пытаньні, якія Беларусь павінна вырашаць з Захадам. Размова ідзе пра дыялёг і збліжэньне.

(Карэспандэнт: ) “Якая Беларусь у гэтым зьвязку больш прывабная для Захаду — сувэрэнная, але з Лукашэнкам, альбо адміністрацыйная частка ў пуцінскай Расеі?”

(Рар: ) “Я думаю, што пазыцыя Захаду тут ясная: невядома каго яму больш трэба баяцца: Лукашэнкавай Беларусі ці новай умацаванай Расеі, калі тая сапраўды праглыне Беларусь. Пазыцыя Захаду, ва ўсякім разе Эўразьвязу, накіраваная на тое, каб усё ж дапамагчы ўмацаваць сувэрэннасьць, стварыць моцную эканамічную сыстэму, незалежную ад Расеі, але прывабную для інвэстыцыяў і, такім чынам, прывязаць Беларусь да Эўропы, як гэта робіцца з Украінай.

Калі ж разглядаць наступны сцэнар: у Беларусі ўмацуецца аўтарытарны рэжым, а ў той жа час у Расеі будуць прыкметы дэмакратычнага ўраду (а такое можа адбыцца не раней, чым празь некалькі гадоў), тады Захад будзе больш ускладаць надзеяў на Расею. Хай яна, калі гэта не атрымалася ў Захаду, дапаможа гэтай краіне стаць дэмакратычнай”.

Што да апошніх гучных арыштаў у Беларусі, то, як лічаць нямецкія аналітыкі, іх трэба разглядаць як пачатак барацьбы за пераарыентацыю эканамічнай сыстэмы Беларусі. Сам Лукашэнка, на іхную думку, на цяперашні момант усё ж ня вырашыў, у якім напрамку яму крочыць далей. Ён хоча ўзяць пад кантроль сытуацыю, адысьці крыху ад Расеі, бо разумее ўсю небясьпеку з боку расейскіх алігархаў — тыя абыдуць яго.

Зь іншага боку, Лукашэнка хоча атрымаць “гарачыя грошы” з Захаду, які мае цікавасьць да Беларусі. У гэтым зьвязку беларускі лідэр не павінен дапусьціць таго, што пануе ва Ўкраіне ці часткова ў Расеі — карумпаванасьці бюракратыі, сытуацыі, якая не дазваляе Захаду рухацца на Ўсход.

XS
SM
MD
LG